Сяргей Гезгала, «Наша Нiва»
Макею для шчасця трэба 200 мільярдаў еўра

Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да даляра ў бліжэйшы час застанецца на ўзроўні 5000. Аб гэтым паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей па выніках нарады па актуальных пытаннях эканомікі.

«Курс, які вызначаны ўрадам і Нацбанкам, прыблізна Br5 тыс. за долар, у бліжэйшы час не зменіцца, — сказаў ён. — Гэты курс выразна пралічаны і вывераны ўрадам і Нацбанкам».

«Я б параіў тым, хто сядзіць на мяшках з далярамі і чакае дэвальвацыі, не губляць часу і далучыць гэтыя даляры ў эканамічны абарот, інакш у перспектыве можна страціць нашмат больш», — дадаў Макей.

Відаць, шчасліўцаў, якія маюць мяшкі з далярамі, у краіне нямала, раз Макей настойліва паўтарыў: «Усталяваны афіцыйны курс вывераны, выпакутаваны і ў бліжэйшы час не зменіцца».

Па словах кіраўніка Адміністрацыі, на нарадзе выказваліся розныя думкі на гэты конт. Аднак прэзідэнт адназначна выказаўся ў падтрымку устаноўленага афіцыйнага курса.

«Вядома, усё можна аддаць на водкуп рынкавай стыхіі. Але дзе гарантыя, што гэтая стыхія вывязе карабель? Возьмем, да прыкладу, Грэцыю. Такая ж краіна з 10-мільённым насельніцтвам. 100 мільярдаў еўра ўжо ўбухана ў эканоміку Еўрасаюзам — яны растварыліся, як у пяску, цяпер плануецца яшчэ 100 млрд еўра. Вось вам і рынкавая эканоміка», — адзначыў Уладзімір Макей.

«Мы б за такія грошы пабудавалі краіну будучыні. У нас такіх грошай, на жаль, няма. Таму мы павінны рухацца вельмі асцярожна, узважана, пралічваючы кожны крок, каб не наламаць дроў», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Макей адзначыў, што ўжо практычна завершанае падпісанне адпаведнага пагаднення аб выдзяленні Беларусі крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час грошы ўжо паступяць у Беларусь, паведаміла БЕЛТА.

«Апроч гэтага, знойдзены яшчэ адзін мільярд даляраў з іншай крыніцы. Грошы таксама паступяць у бліжэйшы час у Беларусь», — сказаў Уладзімір Макей.

Ён падкрэсліў, што ў дзяржавы ёсць дастаткова часу і рэзерваў для таго, каб спакойна вычакаць, назіраць за сітуацыяй і па выніках прымаць адпаведныя меры.

Што гэта за мільярд і, галоўнае, на якіх умовах яго атрымлівае Беларусь, Макей не раскрыў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)