Профсоюзы

Магілёўскія чэкісты зноў спрабуюць вербаваць прадстаўнікоў РЭП

У Магілёве чэкісты працягваюць спробы завербаваць прадстаўнікоў Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Моладзевая актывістка Марыя Дзюба была выклікана да рэктара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання. Там яе чакаў мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ.

— У прыёмнай рэктара мяне чакаў малады чарнявы чалавек, на выгляд 25 год, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прапанаваў прайсці ў кабінет прарэктара для размовы, — распавядае Марыя сайту bulletinonline.org — Ён паказаў дакументы: дзе працуюць мае бацькі, у яго была ксеракопія майго пашпарту. Таксама цікавіўся бойкай, якая адбылася ў Мiнску падчас Сацыяльнага маршу. Акрамя гэтага — людзьмі, якія ўваходзяць у склад незалежнага прафсаюза, каго з іх я ведаю, хто з іх чым займаецца.

Малады чалавек таксама прапаноўваў супрацоўніцтва і далейшую працу, ад якой Марыя адмовілася.

Чэкіст таксама акцэнтаваў сваю ўвагу на тым, што не варта ўваходзіць у склад незалежнага прафсаюза, бо існуе шэраг розных больш цікавых арганізацый.

Акрамя гэтага ён ускосна намякаў на праблемы, якія могуць узнікнуць у Марыі пры аднаўленні на вучобу, бо на сённяшнi дзень прафсаюзная актывістка чакае гэтага і выпадкова апынулася ва універсітэце, дзе па тэлефоне была запрошана старшынёй першаснай арганізацыі прафсаюза студэнтаў МДУХ Аляксандрам Сінкевічам на размову да рэктара, паведамляе Bulletin Online.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)