Комментарии
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Маэстра «сусьветнай шахматнай дошкі»

А чым такім быў знакаміты, выбітны Зьбігнеў Бжэзінскі? У маладосьці служыў дарадцам у адміністрацыях Кенэдзі і Джонсана, пікам яго палітычнай кар’еры стала пасада кіраўніка Рады бясьпекі ва ўрадзе Картэра.

Прэзыдэнцтва Картэра, паводле агульнага меркаваньня, было ня самым удалым у амэрыканскай гісторыі. Яго ня менш знакаміты сучасьнік і шматгадовы зацяты апанэнт Генры Кісінджэр на пасадах кіраўніка Рады бясьпекі і Дзярждэпартамэнту зладзіў фантастычную геапалітычную «доўгую ракіроўку» ЗША-СССР-КНР, кардынальна памяняўшы расклад у гэтым трохкутніку.

Ну а Бжэзінскі чым узяў, за што яго шанавалі адны і ненавідзелі іншыя? За ідэі, за некалькі вялікіх думак, якія зьмянілі сьвет і застаюцца яго фундамэнтам. Веліч неабавязкова тоесная рацыі. Формулу Фрэнсіса Фукуямы пра «канец гісторыі» не абвяргаў, напэўна, толькі лянівы. Між тым уся хада той самай гісторыі пасьля краху камунізму адбываецца ў ценю гэтай формулы.

Можа і ад Бжэзінскага застанецца таксама вельмі спрэчная, як і вельмі глыбокая, мэтафара, якая стала назвай адной зь яго кніг пра міжнародную палітыку — «Вялікая шахматная дошка».

Ды хіба белыя — гэта заўсёды белыя ў гэтай гульні, хіба правілы так ужо назаўжды вызначаныя, хіба пешка ня робіцца часам мацней за фэрзя, хіба не крыўдна пешцы — што яна ўсяго пешка на гэтай дошцы? Усё так, але ідэі такога маштабу — гэта бачаньне, карціна сьвету, а не адно абагульненьне фактаў, той выпадак, калі выключэньні пацьвярджаюць правіла.

Яшчэ адна, ужо больш канкрэтная і практычная формула ад Бжэзінскага, здаецца, высечана золатам на будынках МЗС усяго сьвету, уключна з высоткай на Смаленскай плошчы ў Маскве — Расея без Украіны ніколі не адродзіцца як імпэрыя. Чаму так? Бжэзінскі сказаў. Усе ведаюць.

Шмат што з таго, што мы назіраем у нашым рэгіёне ў апошнія 25 гадоў, з таго што мы назіраем ва Ўкраіне і вакол яе ў апошнія 3 гады, вызначаецца гэтай максымай, сфармуляванай не ўладаром, не прэзыдэнтам, а навукоўцам, мысьляром.

Дарэчы, гадоў 15 таму мой калега, сустрэўшыся з Бжэзінскім, нагадаў яму ягоны пастулят пра тое, што без Украіны Расеі ня стаць ізноў імпэрыя. А без Беларусі? — спытаў мой калега. Беларусь — таксама вельмі важная краіна, — адказаў Бжэзінскі.

Камбінацыі, якія Бжэзінскі разыгрываў ці зь яго падачы, зь яго парады разыгрываліся, вельмі часта належалі да катэгорыі самых складаных як у звычайных шахматах, так і ў геапалітычных — камбінацыяў заманьваньня. Гэта былі не фарсіраваныя варыянты, а стратэгічныя пасткі.

Мог Савецкі Саюз у 1979 годзе проста ня лезьці ў Аўганістан? Мог. Магла Амэрыка запэўніць Крэмль, што без савецкага ўварваньня Аўганістан застанецца нэўтральным? Напэўна, магла. А навошта? Саветы там атрымаюць свой Віетнам, — сказаў Бжэзінскі на самым пачатку савецкага ўварваньня. Самі «зьелі», прынялі ахвяру, праглынулі атручаную фігуру.

«Трэці кошык» Хэльсынскіх пагадненьняў — абавязаньні краінаў савецкага блёку па выкананьні правоў чалавека ў абмен на канчатковае прызнаньне непарушнасьці межаў у Эўропе — яшчэ адна бліскучая ідэя Бжэзінскага.

Ды ня будзе Крэмль выконваць гэтыя абавязаньні, як ніколі не выконваў — даводзілі апанэнты. Зразумела, ня будзе — ўсьміхаўся Бжэзінскі. — Дакладней, паспрабуе не выконваць. Улады дык напэўна. А вось наконт паводзінаў грамадзтваў камуністычных краінаў, ну дык мы паглядзім.

Мог СССР не падпісваць Хэльсынкі? Мог, зразумела, не ваеннай сілай жа прымусілі. І ня мог псыхалягічна. І Бжэзінскі гэта разьлічыў. І наступствы разьлічыў.

У рэшце рэшт прыняцьце і гэтай атручанай ахвяры зрабіла надзвычай важны і важкі ўнёсак у тое, што «чорныя», дакладней, «чырвоныя», атрымалі мат.

Яшчэ адна вялікая ідэя Бжэзінскага, хаця і не яго аднаго, але і яго таксама — пашырэньне NATO, прыняцьце ў склад альянсу былых чальцоў камуністычнага блёку. Рацыю гэтага рашэньня, зараз, напэўна немагчыма аспрэчваць, тое, што расейскі рэванш не сягнуў за межы былога СССР — вынік і той ідэі Бжэзінскага.

Каб ацаніць значэньне гэтых ідэяў, варта прыгадаць дасьціпную думку Альбэрта Эйнштэйна: «Вы кажаце, што ўсё так проста? Так, усё проста, але зусім ня так».

Заднім розумам сапраўды ўсё здаецца проста, ледзь не відавочна, маўляў, а хіба магло быць інакш? А магло. Амэрыканцы маглі махнуць рукой на Аўганістан у 1979-1980-х ці ваяваць сваімі войскамі, рызыкуючы ядзернай вайной, маглі не падпісваць Хэльсынскія пагадненьні, маглі не пашыраць NATO.

Наш сьвет — гэта сьвет, сфармаваны ў значнай ступені прафэсарам, маэстра Бжэзінскім. І мяркую, што гэты сьвет усё ж лепшы, чым той, які быў бы безь яго.

Партыю свайго жыцьця ён выйграў. Гульня на «вялікай дошцы» працягваецца. Шкада, што за ёй зараз сядзіць малавата гульцоў калібру гросмайстра, які сёньня сышоў.