Маці «шпіёна» Гайдукова хоча, каб суд над сынам быў адкрыты

Вольга Гайдукова ведае, што яе сына Андрэя вінавацяць у «здрадзе дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці» і што суд над ім мае адбыцца ў Віцебскім абласным судзе. Ніякія іншыя падрабязнасьці ёй не вядомыя — у тым ліку і дата суду.

Аднак маці перакананая: калі б судовы працэс ні пачаўся, ён павінен быць адкрытым.

Маці 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану», арыштаванага 7 месяцаў таму нібыта падчас закладкі тайніка зь нейкімі зьвесткамі дзяржаўнай важнасьці, і да сёньня не ўяўляе ні акалічнасьцяў затрыманьня, ні прычынаў. Сьледзтва па справе Андрэя Гайдукова працягвалася больш за паўгода. Яе саму дапыталі толькі аднойчы, а іншых Андрэевых сваякоў — бацьку і сястру — на допыты не выклікалі ўвогуле.

Таму адкрыты суд — гэта адзіная магчымасьць даведацца пра сутнасьць абвінавачаньня, кажа Вольга Гайдукова:

«Я лічу, працэс павінен быць адкрыты. Бо ні нам, ні Андрэю няма чаго хаваць. Людзі павінны ведаць, і мы таксама павінны ведаць, за што ж яго арыштавалі! Паўтараю: нам хаваць няма чаго. І калі суд зробяць закрыты — значыць, напэўна, нехта хоча, каб інфармацыі было менш. Каб людзі нічога ня ведалі — што і як было!»

Апэратар сядзіць у апэратарнай, назірае за працэсам нафтаперапрацоўкі. Калі нейкія непаладкі, можа выйсьці, паправіць. Там паўсюль трубы йдуць, печкі і трубы. У яго была ня тая пасада, каб нешта такое ведаць

Спадарыня Вольга ня ведае нават, ці дапусьцяць яе на суд, калі працэс будзе закрыты: яна лічыць, што сьледчы дапытваў яе ў якасьці сьведкі, але ці дапусьцяць яе ў якасьці сьведкі ў суд — маці сказаць ня можа. Ёй невядома, калі сына этапуюць у Віцебск зь менскага СІЗА КДБ. На пачатку гэтага году Андрэя Гайдукова на месяц пераводзілі ў Віцебскі СІЗА — але таксама не папярэдзіўшы ні сваякоў, ні адваката.

Адзінае, у чым маці амаль не сумняецца, — дык гэта ў тым, што абвінавачаньне ў шпіянажы ніяк не зьвязанае з працай сына, які рабіў апэратарам на «Нафтане». Вольга Гайдукова цяпер пэнсіянэрка, але да нядаўняга часу таксама працавала на гэтым прадпрыемстве: «Апэратар сядзіць у апэратарнай, назірае за працэсам нафтаперапрацоўкі. Калі нейкія непаладкі, можа выйсьці, паправіць. Там паўсюль трубы йдуць, печкі і трубы... У яго была ня тая пасада, каб нешта такое ведаць, што магло прывесьці да гэткага во... нібыта складу злачынства! А тут, калі па апошнім артыкуле, пра які мне казалі, — яму пагражае ад 7 да 15 год зьняволеньня. Калі гэта будзе даказана!»

У апошнім маці сумняецца. Таму і хоча, каб працэс быў адкрыты, каб туды дапусьцілі прэсу. Бо апошнія зьвесткі пра арышт Андрэя Гайдукова, якія паходзяць з прэсавай службы КДБ, вельмі сьціплыя: затрыманы 8 лістапада мінулага году ў Віцебску падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы.

Пасьля гэтага ў кватэры Гайдуковых быў ператрус, забралі сынаў кампутар і дакумэнты, падрыхтаваныя для рэгістрацыі суполкі «Союз молодых интеллектуалов». Праз пару месяцаў кампутар вярнулі. Вольга Гайдукова лічыць, што ўсё адбылося так хутка, бо ў кампутары ніякіх падазроных зьвестак не знайшлі, дый увогуле сын нічога не хаваў:

«Гэтая арганізацыя, «Союз молодых интеллектуалов», мелася быць міжнароднай. Іншыя хлопцы адышлі ўбок, а ён настойваў, што арганізацыя павінна існаваць, што яе трэба зарэгістраваць... Ён не выключаў, што яго могуць арыштаваць — але за тое, што ён у апазыцыі. За акцыі, дзе пляскалі ў ладкі, ці за выбары. Ён у камандзе Саньнікава быў, назіральнікам быў, свае заўвагі выказваў. Ён чалавек прамы: калі ў нечым упэўнены, то яго не пераканаеш! Нам з бацькам не ўдалося яго ад палітыкі адцягнуць!»

Бацькі пра «шпіёнскую» справу сына нічога ня ведаюць. У лістах ён піша пра побытавыя рэчы: якія газэты выпісаць, што перадаць. Адвакат нічога не распавядае, бо ёсьць падпіска пра неразгалошваньне. Можа сказаць толькі, ці Андрэй Гайдукоў здаровы, як выглядае, які ў яго настрой. Вольга Гайдукова кажа, што ў лістах сын імкнецца падбадзёрваць і супакойваць бацькоў. І гэта яшчэ адна падстава, каб дамагацца адкрытага судовага разбору: маці лічыць абвінавачаньне сына ў шпіянажы цалкам абсурдным і мяркуе, што камусьці проста трэба было «раскруціць» такую справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)