Людзі са сьметніка

На Магілёўскім палігоне цвёрдых бытавых адыходаў дзясяткі чалавек жывуць з таго, што выбіраюць са сметнішча ўсё, што можна прадаць альбо выкарыстаць у гаспадарцы.

Сваю працу яны пачынаюць ад ранку і сканчаюць яе, калі сцямнее. Гэтыя людзі адважна кідаюцца пад смеццявозы, каб першымі стаць ля груду адыходаў, прывезеных з гораду.

Ад Магілёва палігон за сямнаццаць кілямэтраў па Гомельскай шашы каля вёскі Новая Мілееўка. Сьметнік уражвае маштабамі і смуродам. Высачэзная гара адкідаў, чарада сьмеццявозаў і — здалёк, нібы мурашы, снуюць людзі каля бульдозера. Яны сустракаюць журналіста ня надта дружалюбна. Некаторыя пагражаюць перацяць жалезінай. Людзі грэюцца ля вогнішчаў, разьведзеных у бочках. У кожнай групы, па пяць-сем чалавек, сваё вогнішча. Тут жа назбіраныя рэчы. У асноўным — пластыкавыя пляшкі. Імі наладаваныя баулы.

Мужчына са счарнелым тварам неахвотна тлумачыць: "За што плацяць, тое і бяром. Пэт-бутэлька ідзе. Яе здаём". На пытанне, ці шмат на ёй можна заробіць, суразмоўнік з усмешкай адказвае, што гэта сакрэт фірмы.

Ну гэта ж не пад царквой стаяць з працягнутай рукой. Красьці ня ўмеем, таму даводзіцца сваёй працай зарабляць

Некаторыя "сакрэты фірмы" выдаў наступны суразмоўца, аднак пра тое, колькі можна на сметніку зарабіць, засталося ўсё ж сакрэтам. "Ну гэта ж не пад царквой стаяць з працягнутай рукой, хаця сёння і нядзеля. Красці ня ўмеем, таму даводзіцца сваёй працай зарабляць. Дарма ж ніхто грошай ня дасць. Даводзіцца працаваць".

Суразмоўцу да пэнсіі засталося два гады. Ён сцвярджае, што на завод яго ніхто ня возьме. Мужчына перакананы, што такія, як ён, на сметніку выконваюць пачэсную місію.

"Вы ж чулі, што прэзідэнт гаварыў, што трэба другасную сыравіну не закопваць у зямлю, ні валютай за яе плаціць, а здабываць сваю. Адкуль мы тады будзем жыць заможна. Народ тут выконвае праграму прэзідэнта, каб меней траціць валюты, а больш свайго выкарыстоўваць, якое мы выкідваем".

Прамову збіральніка смецьця ягоныя калегі слухалі і зласловілі. Што такога ён казаў, каб з яго кпіць, яны патлумачыць не адважыліся. Пабачыўшы мікрафон, тут жа разбегліся.

Яшчэ адна суразмоўніца патлумачыла, што прыйшла на сьметнік навыбіраць свойскай жывёле хлеба. Жанчына жыве непадалёк у вёсцы. "Што ты са мной з пенсіянеркай гаварыць будзеш. Мне 58 гадоў. Ёсць час вольны, прыйду сюды, няма, дык дома сяджу. Тут ладна людзей. Гэта сёння выходны, дык мала. З гораду прыяжджаюць. Аўтобус ходзе. Калі тутэйшыя, як я, то пешшу прыходзім", адказала кабета і кінулася да чарговага сьмеццявоза.

У выходны, калі я наведаўся на палігон, у смецці корпалася блізу трох дзясяткаў чалавек. Вызначыць больш менш дакладна ўзрост збіральнікаў смецця ня проста. Выгляд тутэйшых работнікаў падказваў, што ўсе яны людзі сталага веку. Некаторыя з іх, аднак, сцвярджалі, што смецце выбіраюць і нашмат маладзейшыя векам.

Пабыўшы на палігоне з паўгадзіны, я пачаў атрымліваць ад збіральнікаў прапановы распавесці пра жыццё на сметніку за грошы. Цана такой гутаркі вагалася ад 50 да 100 тысяч рублёў. Сто тысяч, як патлумачылі, — гэта дзённы заробак найбольш паспяховых збіральнікаў. "Эй, колькі ты плаціш? Рублёў сто даеш?", чулася здалёк. Тыя, хто спачуваў журналісту, раілі з крыклівымі ня звязвацца, бо могуць сарваць "сто баксаў".

Зарабіць на журналісце ня выйшла. Апошняя гутарка са збіральнікам смецця ля вогнішча суправаджалася ўсё ж тымі кпінамі ад ягоных калегаў і камэрцыйнымі прапановамі. Мужчына, крыху падпіты, зазначае: "Тут людзі свабодныя. Яны ні ад каго не залежаць. У мяне двое дзяцей. Я тут зарабляю сваім гарбом. Калі я буду сядзець, то нічога не зараблю. Тут ведаю, што я адпахаў сваё, прыйшоў дахаты, узяў пляшку вінца, ці піва. Купіў дамоў паесці, з адсюль я не бяру. І ведаю, што мае дзеці накормленыя".

Наколькі шчырымі ў гутарках былі збіральнікі смецця, казаць цяжка. Кожны з іх мае сваю гісторыю жыцця, пра якую не наважыцца распавесці. Мо таму ніводзін і не пагадзіўся, каб яго сфатаграфавалі. Ніхто з іх ня рвецца на прадпрыемствы ці ў калгасы. Яны выбралі сваё месца тут, на сметніку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)