Общество
Аліна Таранік

«Людзі на балоце» (фота)

У Заслаўі ладзіўся опэн-эйр «Людзі на балоце», мэтай ягога было прыцягненне ўвагі да пытання асушэння балотаў, а таксама да неабходнасці рэстаўрацыі помнікаў гісторыі. Прахалоднае надвор’е не азмрочыла вечарыны: госці грэліся гарбатай, а яркія колеры іх вопраткі радавалі вока.

«Людзі на балоце» адбыліся ў дворыку флігеля князеў Пшэздзецкіх, якім калісьці належала Заслаўе. За ўладаю Пшэздзецкіх, у флігелі месцілася галерэя ды музычныя залі. Цяпер жа ён знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе рэстаўрацыі. Менавіта гэтае месца абралі для канцэрта, каб прыцягнуць увагу да неабходнасці аднаўлення гістарычнай спадчыны. Квіткі прадаваліся па дэмакратычным цэнам – усяго тры тысячы, але ўсё, што атрымалася сабраць, пойдзе на карысць музею–запаведніку «Заслаўе».

Назва опэн-эйру была абраная невыпадкова, бо «тэма балотаў у Беларусі застаецца вельмі актуальнай», распавеў карэспандэнту «Салідарнасці» адзін з арганізатараў.

– Гэта ня толькі назва, гэта ня толькі словы, гэта – пэўная рэчаіснасць. У гэтым годзе нашыя балоты апынуліся ў небяспецы, і мы хацелі прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, – паведаміў ён.

Мы звярнуліся да прадстаўнікоў суполкі «Зеленая сеть», якія прысутнічалі на вечарыне, у якім стане зараз знаходзяцца беларускія балоты.

– На дадзены момант Міністэрства энергетыкі мае намер асушыць дзесяць балотаў, каб наладзіць здабычу торфу. З эканамічнага пункту гледжання варта зазначыць, што торф не прыносіць вялікіх прыбыткаў, а яго рэнтабельнасць складае хіба некалькі адсоткаў. З іншага боку, незадаволены людзі, якія жывуць побач з балотамі ды займаюцца зборам і продажам журавінаў. Ды і глеба пасля асушэнняў хутка становіцца спустошанай і неўраджайнай. Але акурат на гэтым тыдні для нас стала прыемнай навіной, што Mіністэрства прыроды плануе выключыць з вышэй узгаданага спісу два балоты, – кажа актывіст суполкі Ілля.

На вечарыну прыехалі вельмі цікавыя ды разнастайныя людзі. Крыху воддаль ад сцэны, напрыклад, моладзь з арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» інфармавала пра магчымае хуткае знікненне «вяртлявай чаротаўкі» ды пыталася, што хто пра тое думае. Акрамя эколагаў можна было сустрэць вегетарыянцаў, прыхільнікаў ровараў як лепшага гарадскога транспарту, ды прадстаўнікоў шматлікіх субкультур.

На адной са сцэнаў гралі альтэрнатыўную музыку.

А ад холаду ратавала толькі гарбата – самы папулярны на канцэрце на адкрытым паветры прадукт.

Па словах прадстаўнікоў «Sun Technique», якія выступілі адным з арганізатараў, пры падрыхтоўцы опэн-эйра гэткім сцюдзеным часам баяліся толькі, што падвядзе надвор’е. У тым, што збяруцца людзі, сумневаў не было.

– На жаль, нам складана нешта праводзіць у клубах, якія робяць стаўку на продаж алкаголю. То бок, мы не выступаем катэгарычна супраць алкаголю, але не хочацца, каб вечарыны ладзіліся са стаўкай на яго спажыванне, – прызнаўся адзін з арганізатараў.

Адзначым, што нават і на гэтую апалітычную вечарыну завіталі прадстаўнікі аховы парадку. Неўзабаве опэн-эйр быў спынены раней запланаванага часу. Удзельнікам «Людзей на балоце» прыйшлося сыходзіць, але «музыку» яны прынеслі ў электрычку, грукаючы ў бубны ды тамтамы, што кантралерам не прыйшлося даспадобы. Частку «музыкаў» па прыбыцці ў Мінск затрымала міліцыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)