Общество
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Людміла Шарамет: «Павал заўсёды памятаў пра сваю краіну і падкрэсьліваў, што ён родам зь Беларусі»

20 ліпеня спаўняецца год з трагічнага моманту, калі ў Кіеве быў узарваны аўтамабіль вядомага журналіста Паўла Шарамета. Павал загінуў на месцы здарэньня.

Напярэдадні сумнай гадавіны карэспандэнтка Свабоды сустрэлася з маці Паўла, Людмілай Станіславаўнай Шарамет. Па адукацыі яна хімік, але на пэнсію не сыходзіць — займаецца арганізацыяй сэмінараў работнікаў фармацэўтычных прадпрыемстваў.

Людміла Шарамет

«Я быццам бы і павінна верыць Парашэнку... Але праўды не даведаецца ніхто!»

— Нядаўна Вы былі ў Кіеве, сустракаліся з прэзыдэнтам Парашэнкам, днямі апублікаваная справаздача Камітэту абароны журналістаў. За гэты год быццам бы і шмат матэрыялаў зьявілася ў справе, у тым ліку і відэа з камэраў назіраньня... Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка запэўніваў, што справа гонару — раскрыць гэтае злачынства. Ці распавядалі Вам пра ход расьсьледаваньня?

— Так, яны прамовілі. Казаць можна што заўгодна. Важна, ці робіш ты гэта. Я ня ведаю, наколькі ўкраінцы сур’ёзна займаюцца расьсьледаваньнем, я не магу падглядзець. Усе, і Парашэнка ў тым ліку, кажуць, што «гэта справа гонару, гэта самае галоўнае злачынства, якое павінна быць расьсьледавана, што гэта „лякмусавая паперка“ нашых праваахоўных органаў, і калі мы раскрыем справу, гэта прадэманструе, якая ў нас дэмакратычная дзяржава...» Але гэта патас, і гэта адчуваецца. Калі мы першы раз сустракаліся, прадстаўнікі сьледчых органаў казалі, што яны кожны тыдзень быццам бы дакладалі Парашэнку пра хаду расьсьледаваньня, цяпер ужо — раз на месяц. А што зроблена — я ня ведаю. Я не знаёмілася са справай, я не адмыслоўца. Ну, пачытаю справу — і што? Мяркую, што гэта павінен рабіць адвакат.

— Але ж Вы — пацярпелы бок.

— Так, я пацярпелы бок, і назаўсёды, колькі буду жыць, застануся пацярпелай. Пакуль у мяне няма адваката, але я вяду перамовы. Адвакат — гэта юрыст, чалавек, які ведае права.

— Вы неаднойчы сустракаліся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Што ваша інтуіцыя падказвае — адчуваеце вы, што ён кажа шчыра і сур’ёзна зацікаўлены ў раскрыцьці справы?

— Так, ён кажа: «Верце мне». Я быццам і павінна верыць, але... Можа яны проста ўсяго ня кажуць? А потым раптам «стрэліць»! Хацелася б верыць. Але калі заяўляюць такія фігуры, як міністар унутраных справаў Украіны, што гэтая справа ня можа быць раскрытая, яна падпадае пад тыя 7-8%, якія ў краіне не раскрываюцца празь іх надзвычайную складанасьць, і справа Шарамета ў тым ліку, — гэта значыць, што яна ня будзе раскрытая. Я задала гэтае пытаньне наўпрост Парашэнку, але ён мне нічога не адказаў. Мне гэта незразумела і забівае ўва мне ўсялякую веру.

Так, Пятро Парашэнка мяне двойчы прымаў. Вельмі цёпла размаўлялі зь ім. І пра Паўла ён вельмі цёпла, душэўна казаў. І, з аднаго боку, я не магу яму ня верыць, таму што казаў вельмі шчыра... Але праўды не даведаецца ніхто!

«Павал, пакуль быў жывы, ніколі не пакідаў справу Завадзкага»

Павал Шарамет і Дзьмітры Завадзкі

— Некалі і Аляксандар Лукашэнка казаў пасьля зьнікненьня сябра і калегі Паўла — Зьмітра Завадзкага, а таксама іншых палітыкаў: «Мы павінны знайсьці гэтых людзей, асабліва Дзіму». Дагэтуль ніхто ня знойдзены.

— Так, Лукашэнка яшчэ казаў «скруцім галовы» вінаватым.

Павал вельмі перажываў за выпадак са зьнікненьнем Дзімы ўсё сваё жыцьцё. Ён казаў: «Магчыма, я многае дараваў бы самі ведаеце каму. Але я ніколі не дарую таго, што зрабілі зь Дзімам. Ну добра я, разьгільдзяй. А Дзіма, які хадзіў толькі на зялёнае сьвятло сьвятлафора! Яго за што?» Дзіма, праўда, такі цудоўны чалавек! Ну як можна было зь ім так паступіць? Павал усё сваё жыцьцё спрабаваў даведацца, што адбылося зь Дзімам. І калі трагедыя адбылася з Паўлам, мне патэлефанавала Сьвета Завадзкая, і першае, што я сказала: «Сьветачка, вось цяпер яны сустрэнуцца...» Павал, пакуль быў жывы, ніколі не пакідаў гэтую справу.

Цяпер маці Дзімы Вольга Рыгораўна хварэе. Я ёй сказала: «Вы павінны даць сабе ўстаноўку — паправіцца. Мы павінны яшчэ як мінімум гадоў 15 пражыць, каб усё ж такі даведацца праўду». Яна пагадзілася, і Сьвета сказала, што зараз Вользе Рыгораўне лягчэй.

«Я наагул адмаўляю і расейскі, і беларускі сьлед. Ва Ўкраіне хтосьці моцна спалохаўся...»

— Адразу ж пасьля забойства Паўла як асноўную вэрсію разглядалі палітычныя матывы. І якія толькі вэрсіі не разглядаліся — што тут і ёсьць і расейскі сьлед, і беларускі сьлед. На Вашу думку, які ўсё ж такі сьлед варта шукаць?

— Што гэта замоўленая справа і палітычны матыў — мне гэта стала зразумела адразу ж, зь першага імгненьня. Але я наагул адмаўляю беларускі сьлед. Ня ведаю, наколькі праглядаецца расейскі сьлед, але дагэтуль у Расеі ніхто не дапытаны ў справе майго сына. Мне здаецца, малаверагодна, што ёсьць і беларускі, і расейскі сьлед. Мне падаецца, што ўсё там, ва Ўкраіне. Хтосьці вельмі моцна спалохаўся. Хтосьці вельмі баяўся і ненавідзеў Паўла...

— Калі здарылася трагедыя, беларускія ўлады наагул ніяк не адрэагавалі?

— Ну а як? Чалавека ж пазбавілі беларускага грамадзянства ў 2010 годзе. Як беларускія ўлады могуць адрэагаваць ці паступіць па-іншаму?

— Некаторыя СМІ пісалі, што нібыта маці Шарамета прасіла дазволу ў Лукашэнкі, каб Паўла пахавалі тут.

— Няпраўда! Я нічога не прасіла! Не, не! Вядома, калі б ён хацеў перашкодзіць, ён мог зрабіць усё што заўгодна, але ён гэтага не зрабіў. І ў гэтым, вядома, яго высакародны ўчынак. Дзякуй яму, што падчас разьвітаньня з Паўлам ён забясьпечыў ахову, што ўсё адбылося спакойна.

Я падзякавала Парашэнку, што ў Кіеве разьвітаньне з Паўлам было арганізавана прыстойна. І я не магу не падзякаваць нашаму прэзыдэнту за тое, што не было перашкодаў.

Разьвітаньне з Паўлам Шараметам у Менску

«Журналісты — наш рупар, нашы вочы, гэта, нарэшце, адстойваньне нашых правоў»

— Ваш сын паводле адукацыі банкір, скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту. Працаваў у банку. І раптам вырашыў заняцца журналістыкай. Вы як маці не адгаворвалі яго?

— Я ніколі не магла запярэчыць ягонаму выбару. Як я магла гэта зрабіць? Гэта ягоны выбар, яму гэтая праца падабалася. Гэта ягонае жыцьцё. Не. Ніколі не пярэчыла.

Сама я заўсёды зь вялікай павагай стаўлюся да журналістаў. Гэта вельмі складаная прафэсія. А цяпер гэта яшчэ і небясьпечная, сьмяротна небясьпечная прафэсія. Я толькі ніяк не магу зразумець, чаму грамадзтва пагадзілася з тым, што адбываецца ў журналістыцы? Гэта ж наш рупар, гэта нашыя вочы, гэта, нарэшце, адстойваньне нашых правоў. Не магу зразумець, чаму такое стаўленьне. Але я не магу сказаць, што такое стаўленьне простых людзей. Гэта стаўленьне кіраўніцтва краіны, не зацікаўленага, каб журналісты паказвалі, што яны робяць, чым займаюцца.

— Вы разумелі ўсю небясьпеку гэтай прафэсіі яшчэ ў 1990-х, магчыма, калі Павал разам са Зьмітром Завадзкім быў арыштаваны за пераход мяжы, хлопцы трапілі за краты. Як маці вы яго папярэджвалі, перасьцерагалі — ня суйся, ня лезь на ражон?

— Ну як я магла яго спыніць? Ён жа жыў па праўдзе, і гэта ягоны выбар. Безумоўна, я непакоілася, трывожылася, але гэта было ў маёй душы. Усё сваё жыцьцё я перажывала, бо разумела: можа здарыцца ўсё што заўгодна.

Павал Шарамет каля расейскага пасольства ў Кіеве пасьля весткі пра забойства Барыса Нямцова, 2015 год

«Я вельмі перажывала, калі Павал пераехаў у Маскву. А калі ва Ўкраіну — я проста расслабілася»

— А Павал распавядаў, дзяліўся з Вамі, што былі якія-небудзь пагрозы, знакі?

— Ніколі. Аднойчы мы шчыра размаўлялі, я прасіла яго быць асьцярожным. Паша кажа: «Так, мама, мяне могуць забіць. Але ты не перажывай: у мяне ж ёсьць дзеці, ёсьць працяг роду».

Я вельмі перажывала, калі ён пераехаў у Маскву, разумела, як яму было спачатку няпроста ў Расеі — трэба было адстаяць сябе, зарэкамэндаваць, умацавацца. І ў яго ўсё там вельмі хутка атрымалася.

— А калі ён сыходзіў з ОРТ, ён неяк тлумачыў, чаму? Вы не спрабавалі яго спыніць?

— Ну як жа я магла? Гэта ж ягоны выбар. Ён раіўся, дзяліўся, але тады не са мной — а са сваёй жонкай Натальляй. А я прымала як дадзенасьць. Але я разумела, што праз калена яго не пераламаць, усё, што ён робіць, — робіць асэнсавана і правільна.

Так, Расея была небясьпечнай, але што да Ўкраіны, я ніяк ня думала, не магла ўявіць, што так можа здарыцца. Вядома, калі ён вёў вострыя перадачы, працаваў у тэлеэфіры, удзельнічаў у ток-шоў, я перажывала, але калі ён пачаў весьці праграму ў ранішнім эфіры радыё «Вести» — я супакоілася. Хаця я яму казала: «Сынок, ты ніколі ня будзеш ва Ўкраіне сваім». Я папярэджвала. Але яго там прынялі. І калі ў Кіеве зь ім разьвітваліся, калі я ўбачыла, якая вялікая колькасьць людзей прыйшла, прычым людзей самых розных — пажылых, бедных, калі людзі сталага веку станавіліся на калені і казалі: «Дзякуй вам за сына», я зразумела, што ня мела рацыі. Я дзіўлюся: як можна было за 5 гадоў так «улюбіць» у сябе просты народ. Да мяне падыходзілі ўкраінцы і казалі: «Якога чалавека забілі! Калі гэта скончыцца?»

Відаць, ён вельмі моцна камусьці насаліў, хтосьці вельмі моцна яго напалохаўся. Ненавідзеў яго і напалохаўся.

«Ва Ўкраіне зусім іншыя настроі людзей — яны не рабы»

— Пасьля працы ў Беларусі і Расеі Павал абраў Украіну, дзе пачаліся такія бурныя падзеі. Ва Ўкраіне ён і загінуў. Вы верыце, што Ўкраіна ўсё ж падымецца і хутка стане сапраўды эўрапейскай, дэмакратычнай краінай?

— Мне вельмі хочацца, каб Украіна паднялася. Бо там настроі ў людзей зусім іншыя — яны не рабы! І яны пра гэта адкрыта кажуць: «Мы будзем рабіць усё, каб дамагчыся нармальнага жыцьця ў краіне». Я размаўляла з многімі ўкраінцамі, казала, што, маўляў, «Парашэнка праводзіць палітыку аўтарытарызму, ён жа павінен разумець, што яму гэта не даруюць. І Пуцін першы не даруе». А ўкраінцы адказваюць: «Калі Пуцін пасьмее штосьці сказаць на адрас Парашэнкі, мы ўсе станем сьцяной, бо ён кажа на нашага прэзыдэнта».

Калі я была на Майдане, я плакала. І Павал выставіў гэтае фота ў фэйсбук. Сябры пытаюцца: «Пашка, а чаму твая маці плача?» Такога яднаньня я ніколі ў сваім жыцьці ня бачыла. Я ніколі ня бачыла такога ўздыму, такой колькасьці людзей, якія стаялі і сьпявалі гімн Украіны! Яны іншыя. Мне вельмі хочацца, каб у іх усё атрымалася.

— А чаго не хапае беларусам?

— Нашаму народу пакуль добра — ёсьць чарка і скварка, пакуль людзі спраўляюцца са сваімі праблемамі. Мы з Пашам гаварылі не адзін раз пра нашага кіраўніка. Паша спачатку казаў: ён малады, энэргічны. А я яму запярэчыла: «Дыктатары прыходзяць надоўга. Калі прыйшоў да ўлады Фідэль Кастра, я хадзіла ў трэцюю клясу. І вось ты ўжо дарослы, а Фідэль усё яшчэ пры ўладзе!» Ужо і Паўла няма...

Але самае страшнае, што за гэтыя 23 гады кіраваньня аднаго чалавека колькі засталося нерэалізаваных магчымасьцяў! Пісьменныя, адукаваныя, энэргічныя людзі — у іх забралі будучыню! Хтосьці зьехаў. А што з Казуліным зрабілі? Калі ўсіх пералічваць, пальцаў ня хопіць. Але як ёсьць...

Павал ганарыўся прыстойнымі беларусамі, вельмі любіў Сьвятлану Алексіевіч, казаў украінцам: «Які ў нас нобэлеўскі ляўрэат!»

Як толькі Алексіевіч пачалі выдаваць у Маскве, ён прывёз усе яе кнігі — гэта было яшчэ далёка да Нобэля. Быкава, Барадуліна, Някляева прывозіў, якіх у Маскве выдалі.

«У Расеі зараз хворае грамадзтва. Інтэлігенцыя перараджаецца»

— А як Вы ставіцеся да цкаваньня Алексіевіч у Расеі, прычым расейскай інтэлігенцыяй?

— Я ў жаху ад некаторых прадстаўнікоў расейскай інтэлігенцыі — мне здаецца, яны звар’яцелі.

Ня так даўно на канале «Культура» (я часам туды заходжу, бо ўсе астатнія расейскія каналы глядзець немагчыма) глядзела праграму «Культурная рэвалюцыя», якую вёў Міхаіл Швыдкой. Тэма праграмы была «Ці трэба людзям ведаць праўду?» Сядзелі вельмі прыстойныя людзі, прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі, у тым ліку і Сяргей Караганаў. Ён фігура адыёзная, але працуе ў адзіным у Расеі, на мой погляд, дэмакратычным ВНУ — Вышэйшай школе эканомікі.

Выснова: «Не патрэбная людзям праўда, і лепш ім праўду ня ведаць». І я адразу ж гэта супаставіла зь сёньняшнім расейскім тэлебачаньнем. Сапраўды, навошта людзям праўда? Ідзе з экранаў суцэльная хлусьня. І гэтай хлусьні ўсе пляскаюць у ладкі. Караганаў заявіў: «Вы паглядзіце, хто змагаўся за праўду, чым скончыў? Іх забілі». І пачаў прыводзіць прыклады. І ўдзельнікі праграмы сышліся на тым, што праўда людзям не патрэбная. На гэтым скончылася праграма. Я была ў шоку, у жаху. У Расеі зараз хворае грамадзтва. Інтэлігенцыя перараджаецца. Пра гэта казаў Павал: ідзе «раздваеньне асобы». Служкі рэжыму сталі добра жыць. Яны пачалі зарабляць вялікія грошы. Навошта ім ісьці ў апазыцыю? Каб іх зьнішчалі?

Яны ж ня едуць адпачываць на бераг Масквы-ракі і нават у Сочы з Крымам! Яны едуць у Маямі! Гэта раздваеньне асобы: кажуць адно, а думаюць і робяць іншае. Усё прадаецца і купляецца. Гэта хворае грамадзтва!

Таму я хачу, каб мы давалі адпор тым, хто цкуе нашага нобэлеўскага ляўрэата. І Саюз пісьменьнікаў наш не заступіўся! Мне сорамна за іх.

Я так шкадую, што ні разу ня трапіла на сустрэчу з Алексіевіч. Я яе вельмі люблю, прачытала ўсе яе кнігі.

«Дзеці Паўла таксама таленавітыя. Сын — банкір, дачка — сацыёляг»

— У Паўла двое дарослых дзяцей, яны не пайшлі бацькавымі сьлядамі? Не абралі журналістыку прафэсіяй?

— Не, яны таксама таленавітыя, але не пайшлі ў журналістыку, пайшлі сваім шляхам. Старэйшы сын Мікалай, дарэчы, таксама паводле адукацыі банкір. Ён скончыў Вышэйшую школу эканомікі, магістратуру — спэцыялізацыя «банкаўская справа і інвэстыцыі». Вельмі адукаваны, пісьменны, глыбокі хлопец. Але Павал іншы — Павал надзвычай эмацыйны, у ім столькі жыцьцёвай энэргіі, ён усім цікавіўся! Ён вельмі шмат чытаў. Павал жа паступаў на гістфак, тры курсы адвучыўся, цудоўна ведаў гісторыю. Але потым скончыў «наргас» — банкаўскую справу. А яшчэ была Школа гуманітарных ініцыятываў у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце. Божа, які харызматычны, які фактурны, які адукаваны — эканоміку, гісторыю ведае! І хтосьці гэтаксама падумаў — і яго прыбралі...

А дачка Ліза — сацыёляг, яна таксама скончыла Вышэйшую школу эканомікі. Вельмі адукаваная, пісьменная дзяўчына. І вось зараз будзе паступаць у магістратуру. Яна проста закаханая ў сацыялёгію. Я спачатку не зусім яе разумела, мне падавалася, што яна не туды пайшла вучыцца. І яна хоча выкладаць.

Я некалі была на лекцыях Паўла, была вельмі ўражаная і казала: «Сынок, табе трэба выкладаць! Ты цудоўна трымаеш аўдыторыю, ты так цудоўна распавядаеш, цябе так цудоўна слухаць! Ідзі выкладаць». Ён адказаў: «Вядома, я буду гэта рабіць. Але не цяпер. Крыху пазьней».

З унукамі ў мяне вельмі цёплыя адносіны, яны часта прыяжджаюць у Менск. Праўда, харошыя ў Паўла дзеці, мы сябруем. Нядаўна ў Кіеве мы былі разам зь Лізай. І яна вельмі прыстойна, грунтоўна адказвала на ўсе пытаньні, дала вялікае інтэрвію «Громадському ТВ». Ліза — разумнічка. І 20 ліпеня, на гадавіну, Паўлавы дзеці прыедуць.

Я неяк размаўляла з унукам: «Коленька, ты ж некалі гаварыў па-беларуску ў садочку, казаў «добры дзень», «да пабачэньня»... Ён адказвае: «Расея — вялікая краіна». Я кажу: «Яна тэрыторыяй вялікая. Беларусь — гэта Эўропа, а Расея — азіятчына». Але яны ўжо там вырасьлі. У Расеі больш магчымасьцяў. Каб тут было столькі магчымасьцяў! Мае ўнукі крыху іншыя, яны вырасьлі ў Маскве.

Павал заўсёды памятаў пра сваю краіну і заўсёды падкрэсьліваў, што ён родам зь Беларусі. Я прысутнічала на адной ягонай лекцыі ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, дзе ён казаў студэнтам: «Вы можаце працаваць дзе заўгодна, але заўсёды абавязаныя памятаць пра сваю радзіму». І гэта не былі прыгожыя словы, ён казаў гэта шчыра, гэта ішло ў яго знутры. Ён, вядома, сумаваў па сваёй радзіме. Радзіма яго была тут, у Беларусі.

«Я ўсіх жанчын ягоных люблю — і першую жонку Натальлю, і Алёну»

— А як дзеці перажылі расставаньне бацькоў? І наагул, як рассталіся Павал і першая жонка Натальля?

— Расставаліся яны вельмі прыстойна, цяжка, вядома, — гэта ж рэжацца па жывому. Але Павал прыяжджаў у Маскву, клапаціўся пра ўсіх траіх.

І Алена Прытула вельмі разумная, прыстойная жанчына.

— Павал даволі рана ажаніўся — у 19 гадоў. Вы не адгаворвалі, што малады яшчэ? І наагул, знаёміў ён Вас са сваімі дзяўчатамі?

— Бацька Паўла пярэчыў, а я не. Павал рана стаў самастойным, гэта ягоны выбар.

Я аднойчы, яшчэ да жаніцьбы, дазволіла сабе пажартаваць і зрабіла заўвагу ягонай дзяўчыне (ня той, зь якой ён пазьней ажаніўся). Але Паша адказаў: «Мама, калі ты будзеш дрэнна адгукацца аб маёй дзяўчыне, ты ўсю інфармацыю будзеш даведвацца з «Комсомольской правды». І ўсё — пасьля гэтага я не выказвалася. Але ён дзяліўся са мной усім. Так, ён карыстаўся ўвагай жаночай паловы, я жартавала: «Галоўнае — устаяць».

Павал заўсёды любіў эфэктна, элегантна апранацца, але з такой лёгкай «неахайнасьцю».

Любіў прывозіць мне прыемныя падарункі. Вось гэтая цудоўная торбачка колеру пудры — падарунак Паўла, ён прывёз яе мне з Італіі. Ён ведаў, што я «памешаная» на сумках, і яму заўсёды хацелася мне зрабіць прыемнае: прывозіў мне прыгожыя сумкі, шалікі, хусьціначкі, ласункі, каву... Складана ўявіць, што яго няма — я ніяк не магу прывыкнуць.

Мы былі сябрамі, маглі падоўгу размаўляць, і я вельмі гэтым даражыла. У яго цудоўныя, прыстойныя сябры, яны мне і зараз дапамагаюць, я іх усіх вельмі люблю! І усіх жанчын ягоных люблю — і першую жонку Натальлю, і Алёну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)