Лявону Баршчэўскаму — 55 гадоў

Сёння святкуе сваё 55-годдзе філолаг, перакладчык, педагог і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі нарадзіўся ў Полацку ў 1958 годзе. Пасля сканчэння Лінгвістычнага ўніверсітэта працаваў у Полацку й Наваполацку.

У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладнікаў «Вавілон». Клуб згуртаваў беларусафілаў, якія імкнуліся шляхам перакладаў аднавіць правы і статус нацыянальнай мовы.

Як перакладнік, Баршчэўскі пераклаў Брэхта, Бёля, Кафку, Шылера, Гётэ. Пераклаў трагедыі Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда, камедыі Арыстафана, Менандра, аповесці Астрыд Ліндгрэн і Яраслава Івашкевіч, паэмы Эдгара Алана По і Галчынскага, трактат Імануіла Канта, п’есы Бэкета, Дзюрэнмата, Гаўла, Мрожака, кнігі нямецкіх гісторыкаў Р.Лінднэра («Гісторыкі і ўлада») і Б.К’яры («Штодзённасць за лініяй фронту») ды дзясяткаў іншых аўтараў з розных моваў.

Баршчэўскі — аўтар кніг папулярных нарысаў «Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму» (2003) і «Беларуская літаратура і свет» (2006; разам з П.Васючэнкам і М. Тычынам).

У 1990 яго абіраюць дэпутатам ад Наваполацка і ён далучаецца да фракцыі Народнага Фронту.

З 1995 года ён намеснік старшыні Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», у 1996–1999 гадах — выконваў абавязкі старшыні партыі пасля эміграцыі Зянона Пазняка. У 2007—2009 гадах ён ізноў стае старшынёй і спрабуе паяднаць арганізацыю, якую скаланалі новыя канфлікты пакаленняў.

Аднак галоўнай справай свайго жыцця Лявон Баршчэўскі лічыць заснавальніцтва і выкладанне ў Ліцэі імя Якуба Коласа — пілотнай установе якаснай беларускамоўнай адукацыі.

Доўгія гады ён займае ў ёй пасаду намесніка дырэктара, у тым ліку ў нервовыя гады пасля афіцыйнага закрыцця Ліцэя ўладамі ў 2003.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)