Лявончык: «Можна ўстроіць рэпрэсіі ўзроўня Паўночнай Карэі – ды толькі з агульнапрынятай ідэяй ствалом змагацца немагчыма»

Праваабаронца – пра тое, што ўжо нічога не спыніць ідэю.

– На другія ўгодкі беларускай рэвалюцыі 2020 года я напішу набіўшае аскому «мы тады ўсё ж перамаглі», – пiша Аляксей Лявончык. – Не, нам не здалося тады ўзяць уладу. Чаму – хай разьбіраюцца гісторыкі, калі мы гэтую ўладу нарэшце возьмем.

Я браў удзел у дэмакратычным руху пачынаючы зь 2007 года – і блізка пільнаваў палітыку ўжо зь 1998-га. І я ня памятаю аніводных выбараў, калі б я мог шчыра сам сабе сказаць, што так – цяпер на плошчу выйшла бальшыня.

Цяпер сацыяльны кантракт зламаны.

Не. На плошчу шторазу выходзіла меншыня – хай нават яна ўсё болела з кожным выхадам. Бальшыні было пофігу. Бальшыня хацела нармальна жыць, бо яшчэ не разгледзелася, што можна нармальна жыць інакш і без лукашызма.

Не было яшчэ тады дастатковага роўня дабрабыту, каб дазволіць сабе з'езьдзіць выпіць кавы ля палацу Шонбрун, як пісаў клясык. Бальшыня параўновала сябе з Украінай – і знаходзіла кучу нагодаў сказаць «а ў нас лепей». Ды што там – самі ўкраінцы казалі нам пра парадачак і крэпкава хазяйсьцьвенніка.

У 2015 годзе рэжым, апасаючыся паўтору крымнаша, адпусьціў цуглі і перастаў мяшацца ў непалітычны актывізм – што спрычынілася да неверагоднага практыкаваньня ў самаарганізацыі цягам наступных пяці год.

Практыкаваньня, якое скончылася кампаніяй BYcovid, якая фактычна замяніла дзяржаву, што адмаўляла існаваньня віруса.

І галоўнае – да таго чаму бальшыня ўжо наезьдзілася й нагледзелася, бо ровень дабрабыту дазволяў.

І калі 16 жніўня, пасьля вестак аб катаваньнях у турмах, на вуліцы выйшлі 3% насельніцтва краіны – ды й яшчэ пад забароненым сымбалем, то стала відавочна, што сацыяльны кантракт рухнуў.

Цыцэрон казаў, што раб марыць не аб свабодзе, а аб праве мець сваіх рабоў. Бандэра казаў, што нічога не спыніць ідэю, час якое настаў. Жнівень 2020 года давёў, што ідэя пранікла ў нас. Можна ўстроіць рэпрэсіі ўзроўня Паўночнай Карэі – ды толькі з агульнапрынятай ідэяй ствалом змагацца немагчыма. You can not shoot the words.

Калі ўстроіць свабодныя выбары ў сёньняшнім Туркменістане, то хутчэй за ўсё атрымаеш сабе чарговага туркменбашы. Але на першых свабодных выбарах беларусы ўжо дакладна абяруць не чарговага Лукашэнка.

І гэта ніякімі рэпрэсіямі не выцерці. Яшчэ ў 2015 годзе ў мяне не было такой перакананасьці.

Нічога не спыніць ідэю, час каторай настаў. Нашая ідэя настала роўна два гады таму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(15)