Лица

Лявон Вольскі зняў трэш-відэа пра "Эўравізію"

Лявон Вольскі зняў трэш-відэа да песні "Эўравізія" з будучага сольнага альбому, рэліз якога адбудзецца праз некалькі тыдняў. З 1 па 8 красавіка убачыць кліп можна толькі на партале TUT.BY.

Новая песня здзівіць і збянтэжыць нават сталых прыхільнікаў "Крамбамбулі" — гэта 100-працэнтнае мінімалістычнае трэш-дыска, запісанае з дапамогай старэнькага сінтэзатара Kurzweil. Тэкст кампазіцыі цалкам адпавядае яе аранжыроўцы: "А я спяваю так афігіцельна, што я паеду на Эўравізію".

Лявон Вольскі сцвярджае, што песня прыйшла да яго ў сне. "Мне прымроілася, што я прымаю ўдзел у адборышчы на "Еўрабачанне". У пафасным белым гарнітуры, з напаўаголенымі танцоркамі і спяваю нешта павольнае, у манеры Мікалая Баскава, а яны каўбасяцца, як на рэйве, — распавядае спявак. — Я прачнуўся сярод ночы ад уласнага смеху!"

Здымала кліп брыгада маладых мінскіх аніматараў на чале з рэжысёрам Яўгенам Новашам, працы якога трапілі да Вольскага праз знаёмых. "Мне падалося, што іх чорны гумар і трэш-манера вельмі пасуюць да гэтага матэрыялу, — тлумачыць Лявон. — Асабліва ўсе гэтыя псеўдажахі з таматным соусам".

Рэжысёр кліпу Яўген Новаш прызнае, што базісам для кліпу сталі ўласныя эмоцыі ад штогадовага гармідару вакол "Еўрабачання". "Ведаеце, калі я чую пра ўсе гэтыя скандалы з адборышчамі ў нас і ў іншых краінах, мне часам здаецца, што там сапраўдныя бойкі ідуць, толькі іх ніхто не паказвае. Мы паспрабавалі павыдумляць на гэтую тэму, — гаворыць Яўген. — Наогул, мне здаецца, што пра "Еўрабачанне" можна поўнаметражны фільм жахаў здымаць. Будзе круцей за "Крык"!".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)