Беседка
Аляксандар Уліцёнак, Радыё Свабода

Лявон Вольскі: “Дзеля пераменаў у краіне я гатовы ахвяраваць нават N.R.M.”

Адзін з найлепшых беларускіх музыкаў, літаратар Лявон Вольскі у студыі Радыё Свабода адказваў на званкі слухачоў, разважаў над электроннай поштай, SMS-паведамленьнямі ў праграме "Начны госьць". «Салiдарнасць» падае найбольш цiкавыя пытаннi ды адказы.

(Спадар: ) “Пытаньне да спадара Вольскага. У “Народнай Волі” прачытаў невялікае інтэрвію са сьпявачкай Смолавай. На адно з пытаньняў яна зрэагавала так: “Дык што, можа, на Эўрабачаньне паедзе “Нэйрадзюбель” ці Мілінкевіч?” Пракамэнтуйце, калі ласка, гэтае выказваньне”.

(Вольскі: ) “З задавальненьнем паехала б “Крамбамбуля”, і ў дзясятку дакладна ўвашла б... Бо мы ведаем, як гэта зрабіць — чым зьдзівіць і гэтак далей. Разумна трэба падыходзіць да конкурсу. Але такога падыходу якраз не хапае і нашым выканаўцам, і нашаму начальству. Скажу бязь лішняй сьціпласьці: а вось мы маем неабходную інтуіцыю і ўменьне...

Другое — чаму я выступіў у абарону беларускіх “мэга-зорак”? (Дарэчы, сапраўдныя мэга-зоркі жывуць у мэга-краінах, выключэньне, напэўна, хіба толькі Швэцыя.) Дык што зьменіцца, калі “белзорка” Смолава не даедзе ў Атэны? А проста ўмомант стане ну такой гераіняй! Бо дзякуючы поп-машыне, якая пастаянна бухае па галаве, народ яе сапраўды ведае, ня кажучы пра таго ж Ярмоленку... Адпаведна пры ўмове забароны ўезду-выезду маса пакрыўджаных шарагоўцаў стануць у абарону няшчасных “герояў”, якіх крыўдзяць злосныя імпэрыялісты... Навошта такі розгалас у сьвеце?”

(Спадар: ) “Чуў, што Вы задумвалі неяк сумесны праект з Гюнеш Абасавай. Цікавы голас, дарэчы, у дзяўчыны. Паразуменьне не знайшлі зноў жа па “ідэйных” матывах? Ёй забаранілі выступаць разам з Вамі? І яшчэ: ці ведаеце Вы факты, калі дзяржэстраднікі не баяліся сапсаваць кар'еру і працягвалі кантактаваць з “чорнасьпісачнымі” артыстамі?”

(Вольскі: ) “Ціск на Гюнеш сапраўды быў: ёй прапанавалі: альбо “Славянскі базар”, альбо “Крамбамбуля”... Пры такой дылеме Абасава, натуральна, выбрала шлях айчыннай поп-зоркі. Для дзяўчыны з Баранавічаў, якая імкнецца заняць нейкія першыя месцы ў эстрадзе краіны, гэта натуральна. І я ня ведаю ніводнага эстраднага сьпявака, які б адмовіўся ад эстраднай кар’еры паводле нейкіх ідэйных меркаваньняў”.

(Мікалай, Магілёў: ) “Што стаіць за гісторыяй эфірнай забароны шэрагу рок-выканаўцаў: тут улада прадэманстравала сваё самадурства, ці яшчэ болей глупства нарабілі са страху быць залічанымі ў “ідэйна ненадзейныя” розныя начальнікі дзяржаўных і камэрцыйных тэле— ды радыёстанцый?”

(Вольскі: ) “Хутчэй за ўсё і тое, і другое. Унутраны цэнзар... Неразумныя дзеяньні ананімных “ідэолягаў”... З дурных паралеляў — хіба забарона рэпу, здаецца, у Зімбабвэ. Сьмех: у чорнай краіне забараніць рэп... Пра гэта даведаўся ўвесь сьвет! Тое самае й тут: больш за паўтара году нацыянальныя рок-гурты практычна не іграюць вялікіх канцэртаў, адлучаныя ад любога эфіру... Узьведзенае ў абсалют глупства! І сьвет зрэагаваў на яго падтрымкай беларускіх музыкаў”.

(Аліна, Пухавічы: ) “Ці закончылі вы свой раман? Пра што ён, калі і дзе выйдзе?”

(Вольскі: ) “Карэктура кнігі ўжо вычытаная. Там паўтара дзясятка апавяданьняў і ці то раман, ці то аповесьць — я ня дужа разьбіраюся... Пра што? Зрэз часу плюс нейкі дадатковы абсурд... Як выйдзе, дык пачытаеце”.

(Аляксей: ) "Недзе чытаў, што Вас арыштавалі ў Сочы за наркату. Ці праўда?"

(Вольскі: ) “Мяне затрымалі летась у Ялце падчас аблавы на нефармалаў. Я цягну на іх сваім выглядам, гэта праўда... Знайшлі ў партманэце палову таблеткі ад галаўнога болю: зразумелі ўсё і адпусьцілі. Такія вось “калёсы”...

(Спадар: ) “Ці мацюкаюцца рок-музыкі і Вы асабіста?”

(Вольскі: ) “У мяне зь дзяцінства неяк не заладзілася з гэтай “мудрагелістай” справай. Таму й зараз злоўжываю “выбранай” лексікай у выключных выпадках — можа, раз на два гады. Альбо, напрыклад, калі трэба працытаваць трапны анэкдот, альбо песьню нейкую, адкуль слоў ня выкінеш... А музыкі — яны ж такія людзі, як і ўсе. Розныя. Ёсьць інтэлігентныя, але ўвесь час лаюцца матам! Іх шмат...”

(Спадар: ) “Дзе і як можна набыць Вашыя зборнікі?”

(Вольскі: ) “У розных крамах тыпу “Містэрыі гуку”, або ёсьць крамка пад ГУМам... Шукайце, пакуль яшчэ прадаюць!”

(Максім, Вільня: ) “Прывітаньне, шаноўны спадар Лявон! Як Вы маецеся? Калі чакаць наступны альбом гурту N.R.M.? Загадзя дзякуй, спадар Максім з-пад Вільні”.

(Вольскі: ) “Альбом на падыходзе. Палітра пачуцьцяў у ім багатая: ад чорнага пэсымізму да ідыёцкага аптымізму... Сёлета, дарэчы, цікавая сытуацыя: чакаюцца рэлізы, то бок выхады новых альбомаў гуртоў N.R.M., “Крамбамбуля”, плюс яшчэ the best “Крамбамбулі” і альбом ад ZET”

(Спадар, Івацэвічы: ) “Будзеце даваць тур у падтрымку новага альбому? Дык заедзьце ў наш раён: тут многа людзей любяць вас...”

(Вольскі: ) “Цэлых дваццаць восем чалавек?”

(Спадар: ) “Памыляецеся: дваццаць дзевяць! Адкуль такое веданьне сытуацыі?”

(Вольскі: ) “Даўно рок-музыкай займаюся, дык паступова разьвіваецца тэлепатыя...”

(Ганна, Менск: ) "Вас нярэдка бачаць разам зь "Ляпісамі": няўжо сур'ёзна ставіцеся да творчасьці каманды Міхалка? Часам тое, што яны робяць, яшчэ горш, чым прасьпяванае той жа Смолавай. Як увогуле ацэньваеце высілкі беларускай папсы?"

(Вольскі: ) “Ляпіс-Трубяцкі” абсалютна па-за стылямі. Міхалок надзвычай таленавіты чалавек, зь ім вельмі цікава працаваць — гэта, па-расейску кажучы, дужа “искромётно”... І музыкі ягоныя таксама своеасаблівыя людзі: ніколі ня будуць граць тое, што ім не па душы. У адрозьненьне ад тых папсавікоў, пра якіх вы пытаецеся.

Папса — гэта калі дасьведчаныя людзі адмыслова робяць песенькі з трох папулярных блатных акордзікаў, ну, пяці акордаў... Тады ўжо зусім “нармальна”... Таму што яны, бачыш, лічаць, быццам народ іншага не зразумее! А народ папросту прызвычаіўся да вось гэтай жуйкі, да гэтых трох ці пяці акордаў, і ўпэўнены: нашыя кампазытары нічога лепшага не напішуць... Такое заганнае кола!”

(Максім: ) “Вы блізкія да палітыкі: чаму ў такім разе яны не бяруць прыклад з уменьня рок-музыкаў — вельмі розных — знаходзіць агульную мову дзеля карысьці важных праектаў. Сваімі супольнымі праектамі вы дэманструеце культуру спалучэньня разрозьненага, адрознага. А яны — бясконцае канфрантацыйнае бескультур'е. Ці не на Вашых вачах пасварыліся, напрыклад, Мілінкевіч з Казуліным? Няўжо беларусы такія бясконца канфліктныя людзі?”

(Вольскі: ) “Так, мы адмыслова прадэманстравалі творчую інтэграцыю, здавалася б, з выключна розных людзей — я зь Міхалком ды Кулінковічам... Розныя людзі, розныя творцы, розныя каманды. Да таго ж мы супрацоўнічалі з украінцамі, з палякамі зараз будзем. А вось наконт маёй блізкасьці з палітыкамі вы памыляецеся: ледзь-ледзь ведаю Мілінкевіча, а з Казуліным наагул незнаёмы. На плошчы з намётавым лягерам я падтрымліваў людзей, якія выйшлі туды з пратэстам. Бо нашая справа — пісаць песьні і дапамагаць людзям: калі яны змагаюцца, дык павінны нешта слухаць... Астатняе хай робяць палітыкі”.

(Вікторыя, Менск: )“Прывітанне! Мяне завуць Вікторыя, я — студэнтка зь Менску. Хачу спытацца ў Лявона, ці ня думаў ён пра тое, каб вылучыць сваю кандыдатуру на пост кіраўніка дзяржавы. Мне здаецца, у беларусаў ёсьць давер да яго асобы... І ўвогуле, што Лявон думае пра музыкаў, творчых дзеячоў, якія пачынаюць займацца палітыкай?"

(Вольскі: ) “Як хочаце, каб краіна ляжала ў руінах, каб заводы ўсе спыніліся, каб вуліцы былі засьмечаныя, каб скончыўся ўвесь спорт, а была толькі культура, вакол адна культура — тады выбірайце! Я, канечне, паспрабую “запусьціць эканоміку”, толькі ня ўпэўнены, што тое атрымаецца, хоць і буду старацца… Вам гэта трэба? Мне — не!

Што да сутыкненьняў творчых асобаў з уладай, дык магу прыгадаць хіба ці не адзіны ўдалы прыклад — Вацлаў Гавэл. Але ён заняўся палітыкай у досыць сур'ёзным узросьце… Так што я пачакаю!”

(Спадар: ) “Аб чым Вы будзеце пець, калі да ўлады прыйдзе нармальны чалавек? А можа Вы па крыві — апазыцыянэр?”

(Вольскі: ) “Рок-н-рольшчык заўсёды да ўлады калі не апазыцыйны, дык... Ну, калі нават улада і падабаецца, ён такі... халодны да яе! Ня лезе звычайна ў гэтыя справы. Раней я дэкляраваў: можа быць, N.R.M. ня знойдзе сябе ў новай Беларусі — не застанецца месца для нас. Можа быць... І няхай так здараецца! Я буду толькі рады, што дзеля шчасьлівай Беларусі гурт памрэ... Мне не шкада, каб у нас усё памянялася, у тым ліку і з культурай.

Каб усё зьмянілася, стала нармальным, як у астатнім сьвеце, я гатовы ахвяраваць нават N.R.M...”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)