Пры гэтым забаронена ўводзіць нейкія патрабаванні да заяўніка, звязаныя з фінансавымі выдаткамі. То бок, тое, што ў Беларусі з’яўляецца вельмі моцнай перашкодай для правядзення акцый, у Літве наогул не існуе. Права на правядзенне вулічных мерапрыемстваў гарантаванае дзяржавай, у той час як у Беларусі тое права, што запісана ў Канстытуцыі, на справе абмяжоўваецца падзаконнымі актамі — пастановамі ўрада.
Лябедзька: «Нічога іншага ўлады не робяць, акрамя таго каб далей абдзіраць як ліпку беларусаў»
Палітык — пра масавыя мерапрыемствы ў Беларусі і ў Літве, і чаму гэта дзве вялікія розніцы.
У Беларусі падвысілі кошт паслуг па ахове грамадскага парадку на масавых мерапрыемствах. Адпаведная пастанова Саўміна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
Цяпер аддзелы ўнутраных спраў будуць атрымліваць ад 10 базавых велічынь (370 беларускіх рублёў) за ахову мерапрыемства з удзелам да 10 чалавек, да 600 і болей базавых велічынь (22,2 тысячы рублёў) — калі ўдзельнікаў 10 тысяч і больш. Пры тым мінімальная і максімальная сумы павялічыліся амаль утрая ў параўнанні з ранейшымі тарыфамі.
Нагадаем, забеспячэнне грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі стала платным у 2019 годзе. Акрамя таго, арганізатараў абавязалі аплочваць працу дзяжурнай брыгады медыкаў і прыборку камунальнікаў пасля мерапрыества. Распаўсюджвалася гэта правіла на любыя імпрэзы, апроч тых, якія ладзілі ўлады — за кошт мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў.
Пра тое, наколькі проста ці складана было зладзіць масавую акцыю пры такіх умовах, як беларуская практыка адрозніваецца ад падыходаў у суседніх краінах і навошта спатрэбіліся новыя расцэнкі, калі масавых мерапрыемстваў, апроч дзяржаўных, у цяперашняй Беларусі амаль не праводзіцца, Филин пагутарыў з палітыкам, дарадцам Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам.
— У Беларусі быў дастаткова доўгі перыяд адноснай адлігі і лібералізацыі, — прыгадвае палітык, — хоць увесь час і патрэбна было ўзгадняць правядзенне мерапрыемстваў. Калі ў Еўразвязе дзейнічае прынцып інфармавання, то ў Беларусі патрэбны адмысловы дазвол — а гэта больш часу, узгадненняў, больш бюракратыі.
Перспектыва атрымаць дазвол на мерапрыемства ў нейкім «лакамым месцы» залежала ад таго, якая была палітычная атмасфера — ці адбывалася пэўная лібералізацыя, ці было ўнутранае пагаршэнне сітуацыі.
Рэзкія абмежаванні наступілі прыкладна ў 2017 годзе і пазней, бо да арганізатараў выставілі патрабаванні, якія вымагалі не толькі часу, але і фінансавых выдаткаў. Калі раней патрабавалася проста ўзгадніць месца, час, маршрут, то ад гэтага моманту трэба было яшчэ плаціць за ўсе дзяржаўныя паслугі, незалежна ад таго, хто іх аказваў, ці праваахоўныя органы, ці Мінздароўя, ці камунальнікі.
Зроблена гэта было, заўважае палітык, каб яшчэ больш ускладніць працэдуру атрымання дазволу, і чым больш удзельнікаў чакалася на мерапрыемстве, тым большымі былі выдаткі для арганізатараў. З гэтай прычыны істотна зменшылася колькасць мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў 2017-2020 гадох — «арыентаваліся на знакавыя даты, накшталт Дня Волі, і за год было літаральна тры-чатыры такія даты ў календары».
Праводзячы паралелі з еўрапейскімі краінамі, Анатоль Лябедзька адзначае прынцыповую розніцу:
— Магу дакладна сказаць за Літву: тут дзейнічае прынцып інфармавання. Дастаткова ў адвольнай форме праінфармаваць улады, што ты хочаш правесці тое ці іншае вулічнае мерапрыемства (прычым рабіць гэта трэба, калі колькасць удзельнікаў у цябе 15 чалавек і болей). Заяўляць аб правядзенні акцыі могуць не толькі грамадзяне Літвы, але і тыя, хто мае ПМЖ, і цягам трох дзён ты атрымліваеш дазвол.
Ва ўдзельнікаў пікетаў і мітынгаў у Літве, распавядае Анатоль Лябедзька, ёсць пэўныя правы — так, людзі могуць быць з закрытымі тварамі (у Беларусі гэта забаронена), можна праводзіць папярэднюю агітацыю.
— Натуральна, ёсць і абмежаванні, якія рэгулююцца законам: мерапрыемствы нельга праводзіць пасля 22 вечара і да 8 ранку, каб не перашкаджаць іншым жыхарам. Таксама, напрыклад, нельга ладзіць мерапрыемствы бліжэй пэўнай адлегласці ад урада, парламента ці адміністрацыі прэзідэнта — мінімум у 75 метрах. І, зразумела, нельга выкарыстоўваць сімволіку нацысцкай Германіі альбо часоў СССР.
Пры гэтым, прыгадаем, нават падчас саміту НАТА, які прыходзіў у Літве два месяцы таму, з усімі падвышанымі мерамі бяспекі, беларусы змаглі зладзіць масавае мерапрыемства — пікет памяці загінулага мастака Алеся Пушкіна насупраць беларускай амбасады. У сучаснай Беларусі ўявіць падобнае папросту немагчыма.
— У неадназначных сітуацыях літоўскія ўлады мусяць кіравацца інструкцыямі Еўразвязу, а тыя скіраваныя на максімальную лібералізацыю і магчымасці для людзей, — зазначае Анатоль Лябедзька.
— Дзеля чаго, на вашу думку, беларускім уладам спатрэбілася пастанова аб новых коштах аховы парадку на масавых мерапрыемствах, калі такіх у РБ істотна паменела, а над Кастрычніцкай плошчай ці Бангалор і муха без дазволу не праляціць?
— Апошнія рашэнні выглядаюць насамрэч дзіўнымі. Атмасфера, якая цяпер у Беларусі, не дазваляе правесці не тое што мерапрыемства, звязанае з крытыкай улады, але і нейкае «траваяднае».
Думаю, гэта звязана наўпрост з адносна складанай фінансавай сітуацыяй, калі не хапае таму ж Міністэрству ўнутраных спраў рэсурсаў, і ім кажуць: ну, зарабляйце як можаце. А як могуць? Вось, напрыклад, падвысіць стаўкі для правядзення таго ці іншага мерапрыемства.
Думаю, гэтая сітуацыя азначае не толькі яшчэ большае адступленне ад таго, што запісана ў лукашэнкаўскай Канстытуцыі (права на правядзенне вулічных акцый), але і стане праблемай, калі браць палітычны фармат, нават для прыхільнікаў улады.
Мяркую, разлік такі, што кожнаму, хто робіць нейкія вулічныя камерцыйныя ці рэкламныя мерапрыемствы, прыйдзецца плаціць больш. Нічога іншага ўлады не робяць, акрамя таго, каб далей абдзіраць як ліпку беларусаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное