«Лукашэнка жыве ў крышталёвым сасудзе, які ўсе баяцца разбіць»

Рэжысэр Юры Хашчавацкі, аўтар дакумэнтальнага фільму «Звычайны прэзыдэнт» і анімацыйнага вобразу Аляксандра Лукашэнкі ў перадачы «Экспэрт» на тэлеканале Белсат разважае, чаму беларуская сыстэма прадукуе абсурды і хто можа гэта спыніць.

— Я думаю, што спыніць гэты абсурд можа толькі той чалавек, які павіншуе Лукашэнку з прысуджэньнем Шнобэлеўскай прэміі, —гаворыць Хашчавацкі ў інтэрвію з Ганнай Соўсь. — Патлумачу сваю думку: я ўпэўнены, што ен і ня ведае пра гэтую прэмію.

Яму пра гэта ніхто не наважыўся сказаць. Гэтаксама, я думаю, ніводзін з эканамістаў, зь ягоных набліжаных, ня можа падыйсьці да яго і сказаць: «Гэтыя 100 даляраў, якія вы хочаце браць зь людзей — гэта нонсэнс, глупства і злачынства ў нейкім сэнсе. Нельга гэтага рабіць!».

Так ен і жыве ў тым прыдуманым сьвеце, у тым крышталевым сасудзе, які вакол сябе стварыў, а ўсе баяцца гэты сасуд разьбіць, бо баяцца наступстваў.

Таму ен проста ня можа слушна кантраляваць тое, што адбываецца, бо ен абсалютна выключыў сябе з навакольнага сьвету, у яго абсалютна няма зваротнай сувязі, і таму ен робіць тое, што робіць, і за гэта яму таксама варта даць Шнобэлеўскую прэмію.

...15 гадоў таму я быў упэўнены, што гэтая сыстэма ўзарвецца сама па сабе знутры, і ў гэтым, вядома, была памылка. Бо ўсе гэтыя ўнутраныя вэктары сапраўды былі, але тады многія, у тым ліку і я, ня ўлічвалі расейскага фактару: што ўсе гэтыя гады Расея будзе рэгулярна велізарныя сродкі ўкачваць у існаваньне беларускай дыктатуры, падтрымліваць яе эканамічна, і да такой ступені, што на нейкі момант у Беларусі жыцьце стала нават лепшае, чым у Расеі.

Зь іншага боку, мы ня вельмі добра разумеем наша грамадзтва. Мы разумеем кожнага канкрэтнага чалавека, але тады мы, мне здаецца, няслушна разумелі сукупнасьць людзей.

Бо беларусы кожны сам за сябе, і той пратэст, які неабходна было выявіць на вуліцах, сыходзіў на нішто менавіта таму, што беларус у душы партызан, хаваецца ў зямлянку і чакае, каму трэснуць дубінай, калі той наблізіцца да ягонай зямлянкі, а суседа абараняць ня пойдзе. Вось мы і дажыліся да таго, што практычна да кожнага прыйшлі і залезьлі ў кішэню.

На які вобраз падобная цяперашняя сыстэма? Гэты вобраз нам дала афрыканская чума сьвіньняў, вірус, які паразіў усіх сьвіньняў. А тут — нейкая паранойя, якая паражае ўсю краіну, усю вэртыкаль, вось яны і выконваюць шаленыя загады, зьдзяйсьняюць ідыецкія пляны.

Але, можа, цяпер гэта і наўмысна робіцца, бо я ўпэўнены, што разумныя людзі ў вэртыкалі есьць, і яны разумеюць тыя згубныя крокі, якія цяпер робяцца. Значыць, многія зь іх проста вырашылі не пярэчыць, а паддавацца — то бок, пабароць праціўніка ягонай жа сілай.

Таксама на гэтую тэму:

«Планомерное низведение людей до уровня стада — вот что сегодня самое страшное»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)