Общество

«Лукашэнка прызнаў: «Такіх, як Руслан, на жаль, няшмат». Гэта вельмі важнае прызнаньне»

Як адбываецца дэвальвацыя дзяржаўных узнагарод.

— Лукашэнка зноў раздаваў узнагароды, — піша палітолаг Валер Карбалевіч. — Гэтым разам прозьвішчы ардэнаносцаў не хавалі. Але сёньняшняя падзея вельмі яскрава паказала, як дэвальваваліся сёньня ў Беларусі дзяржаўныя ўзнагароды.

Лукашэнка не хаваў, што ўзнагароджваюцца людзі не за талант ці посьпехі ў працы, а за палітычную ляяльнасьць. «Для артыстаў, журналістаў, іншых творчых прафесій, мастакоў, скульптараў год быў няпросты, — заявіў ён. — Яны былі навідавоку, а тыя, хто не быў навідавоку, сталі бачнымі дзякуючы таму, што цэлы шквал нападаў абрынуўся на іх. Вытрымалі».

То бок, яны нічым не вызанчыліся, але ўзнагароджваюцца за тое, што вытрымалі ціск грамадзтва і падтрымалі існы рэжым. Як, напрыклад, Вольга Няфёдава, прызначаная кіраўніком Купалаўскага тэатру пасьля сыходу адтуль большасьці артыстаў, ці Руслан Аляхно, які зьняўся ў кліпе «Любимую не отдают». Гаворачы пра апошняга Лукашэнка прызнаў: «Такіх, як Руслан, на жаль, няшмат». Гэта вельмі важнае прызнаньне.

То бок, узнагароды раздаюць вузкай групе «сваіх». Тых, хто не падтрымаў яго, Лукашэнка назваў «здраднікамі». Такім чынам, улада, абапіраючаяся на меншасьць (што прызнаў Лукашэнка), ад імя меншасьці, раздае ўзнагароды гэтай меньшасьці. Гэта проста клясычная ілюстрацыя, як дзяржава скарацілася, рэдукавалася да рэжыму. Застаецаа пытаньне, чаму ўзнагароды ўсё яшчэ называюцца «дзяржаўнымі»?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(52)