Политика

Рэпліка дня. «Лукашэнка — гэта Борыс Джонсан у параўнаньні з Бердымухамэдавым»

На якім сьвеце прэзыдэнт Туркмэністану? Пра гэта Свабода спыталася вядомага расейскага экспэрта ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі Аркадзя Дубнова.

— Наколькі я ведаю, у Туркмэністане паказалі нават відэаролік зь удзелам прэзыдэнта, але незразумела было, як даўно яно было запісанае. Але не было такога, каб ён зьявіўся на нейкім вялікім сходзе ці перад заходнімі журналістамі. Пару гадоў таму хадзіла чутка пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі інсульт. Празь некалькі дзён ён зьявіўся на публіцы, там было шмат тэлекамэраў. Сытуацыя з Бэрдымухамэдавым зараз такая ж, як тады была з Лукашэнкам, ці іншая?

— Вы дарма спрабуеце параўнаць сытуацыю ў Беларусі і ў Туркмэністане. Вы спыталіся, ці зьявіўся Бэрдымухамэдаў перад заходнімі журналістамі. Іх там няма наагул. Ёсьць адзін туркмэнскі грамадзянін, які шмат гадоў працуе на Reuters. Усё. Там наагул няма такога паняцьця, каб прэзыдэнт выйшаў да прэсы ці правёў прэсавую канфэрэнцыю. Бэрдымухамэдаў не праводзіць прэсавыя канфэрэнцыі, ён не адказвае на нечаканыя пытаньні журналістаў.

Аляксандар Рыгоравіч — гэта Борыс Джонсан у параўнаньні з Бердымухамэдавым. Што тычыцца стану жыцьця ці сьмерці аркадага (заступніка па-туркмэнску — такі ён мае афіцыйны тытул), то на гэты конт пэўнасьці на 146% няма.

Так, 20 ліпеня зьявіліся чуткі, так, праз пару дзён яны былі дзіўна абвергнутыя амбасадамі ў Маскве і Бішкеку. У Маскве абвяржэньне сыходзіла ад ананімнага прадстаўніка дыпмісіі. У Бішкеку абверг чуткі амбасадар Туркмэністану. Афіцыйны Ашгабад — ані МЗС, ані іншыя дзяржаўныя інстытуцыі — наагул ніяк не камэнтаваў чуткі.

Праз пэўны час зьявілася паведамленьне, што ён па тэлефоне, голасам, павіншаваў зь днём нараджэньня прэзыдэнта Ўзбэкістану Мірзіёева. Потым па туркмэнскім ТБ зьявіўся ролік, пра які вы прыгадалі. Нібыта запіс сустрэчы Бэрдымухамэдава з мэрам Ашгабаду.

Але некаторыя пачалі сумнявацца, ці не «кансэрвы» гэты запіс, ці ня зроблены ён значны час таму. Потым у сацсетках Туркмэністану зьявіліся поўныя экзальтацыі заявы дзеячаў культуры краіны, у якіх яны прысаромлівалі «асобных людзей» за чуткі, якія яны распаўсюджвалі пра нашае «сьвяціла», маўляў, гэта падступна і ганьбуе гонар туркмэна.

Вось такія ўскосныя абвяржэньні ішлі. На сёньняшні дзень аркадаг не зьяўляўся на публіцы. Ёсьць меркаваньні, што калі ён і жывы, то вельмі хворы ці нават у коме.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)