Лица
Ілля Маліноўскі, «Еўрарадыё»

Лойд Вэбер пагадзіўся на беларускі пераклад самай вядомай рок-оперы

Мюзікл «Ісус Хрыстос — суперзорка» паставяць у Мінску і на беларускай мове. Хто сыграе галоўныя ролі, пакуль невядома, але аранжыроўку для аркестра напіша вядомы кампазітар Эндру Лойд Вэбер.

Лойд Уэбер і аўтар лібрэта Цім Райс далі згоду на пастаноўку мюзікла "Ісус Хрыстос — суперзорка” на беларускай мове. Пра гэта Еўрардыё распавёў рэжысёр "Горкаўскага" тэатра Сяргей Кавальчык.

Сяргей Кавальчык: “Ліцэнзійны дырэктар The Really Useful Group містэр Робінсан нам адказаў, што аўтары віталі пераклад рок-оперы на беларускую мову і далі прынцыповую згоду на яе пастаноўку. Ну, а цяпер да справы далучыўся Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай маёмасці, які будзе складаць дамову з Уэберам”.

Нагадаем, у верасні гэтага года рэжысёр “Рускага тэатра” пры дапамозе беларускага амбасадара ў Брытаніі Аляксандра Міхневіча напісалі зварот да кампаніі The Really Useful Group, якая валодае аўтарскімі правамі на оперу. У звароце было прапанавана перакласці рок-оперу на беларускую мову і паставіць яе ў нашай краіне. Па словах Сяргея Кавальчыка, кампанія сэра Лойда Ўэбера вельмі добра ўспрыняла гэтую ідэю.

Рэжысёр адзначыў, што пакуль не валодае нават коштамі на аўтарскія правы, бо дамова яшчэ не падпісаная. Па той жа прычыне ён не ведае, хто будзе рабіць пераклад оперы, і не пачынае працаваць над пастаноўкай.

Сяргей Кавальчык: “Я не магу нават унесці яе ў план, бо дырэктар не падпіша загад, а Міністэрства не выдаткуе грошы на пастаноўку. Мы ж уступілі ў сферу міжнароднага аўтарскага права, і тут, як не вярці, але пірацтва не пройдзе”.

Варта дадаць, што Сяргей Кавальчык не плануе ўносіць сур’ёзныя змены ў рок-оперу, але і не будзе прытрымлівацца класічнай пастаноўкі, бо яна разыходзілася з асноўнай ідэяй саміх аўтараў і не вельмі ім спадабалася.

Сяргей Кавальчык: “Што тычыцца першай пастаноўкі на Брадвеі, аўтары не былі ад яе ў захапленні. На іх думку, “Ісус” мусіць быць малабюджэтным, і націск трэба рабіць не на дэкарацыі, а на ідэю. Гэта не песні і танцы на тэму Евангелля, гэта нагода для сучаснага свету яшчэ раз задумацца над ідэямі гуманізму і любві. Да таго ж, у кантракце аўтары настойваюць на тым, каб падзеі адбываліся ў Іерусаліме ў часы Ісуса Хрыста, і я не здольны перанесці падзеі ў кітайскую вёску ці на ціхаакіянскія астравы”.

Аркестр, які будзе выконваць рок-оперу, пакуль не называецца, але вядома, што аранжыроўкай зоймецца сам аўтар.

Сяргей Кавальчык: “Аранжыроўка таксама дасылаецца сэрам Энру Лойдам Уэберам, які забяспечвае пастаноўшчыкаў партытурай у залежнасці ад колькасці інструментаў у аркестры”.

Улічваючы, што беларускі варыянт рок-оперы “Ісус Хрыстос — суперзорка” будзе ставіцца на базе тэатра драматургіі імя Максіма Горкага, то і ролі ў ёй будуць выконваць акцёры тэатра.

Сяргей Кавальчык: “Чаму я і наважыўся на гэтую рэч, бо, на мой погляд, тэатру хапае акцёрскіх рэсурсаў, якія здольныя гэта выканаць”.

Казаць, нават прыкладна, калі беларускі глядач здолее наведаць рок-оперу “Ісус Хрыстос — суперзорка”, Сяргей Кавальчык не здолеў, але выказаў надзею, што гэтай пастаноўкай тэатр будзе закрываць сезон.

Нагадаем, што “Ісус Хрыстос — суперзорка” — мюзікл у рокавым стылі аўтарства Ціма Райса і Эндру Лойда Ўэбера. Упершыню ён быў пастаўлены на Брадвеі ў 1971 годзе. Опера напісаная паводле Евангелля. Шматлікія арыі з оперы паасобку сталі класічнымі рок-песнямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)