Літвіна наведала Аддзел па грамадзянству і міграцыі (фото)

Жанна Літвіна наведала АГіМ Савецкага раёна, а ГА «БАЖ» накіравала афіцыйныя звароты кіраўнікам Генеральнай пракуратуры РБ, Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ, а таксама Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ.

Да ўсіх лістоў прыкладаецца тэкст заявы БАЖ ад 15 сакавіка з нагоды абмежавання выезду за межы РБ шэрагу сябраў арганізацыі.

Начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна і старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага ГА “БАЖ” просіць “паведаміць, якая дзяржаўная ўстанова і на якой падставе прымала рашэнне абмежаваць выезд з краіны сябрам ГА “БАЖ””, а таксама “прыняць усе неабходныя меры для аднаўлення іх правоў і недапушчэння парушэння канстытуцыйнага права грамадзян Беларусі на выезд у будучым”.

Генпракурора Аляксандра Канюка журналісцкая арганізацыя заклікае не толькі аднавіць правы нявыязных, але і “вынесці прадпісанні кампетэнтным дзяржаўным органам і іншым арганізацыям аб неадкладным ліквідаванні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоваў, што спрыяюць гэтым парушэнням”, а таксама “папярэдзіць службовых асоб аб недапушчальнасці паўторнага здзяйснення альбо падрыхтоўкі да здзяйснення імі супрацьпраўных дзеянняў”.

У пятнiцу старшыня ГА “БАЖ” наведала АгіМ (Аддзел па грамадзянству і міграцыі) Савецкага раёна Мінска. Адказу на галоўнае пытанне – кім прынята рашэнне пра абмежаванне выезду Ж. Літвіной і на якой падставе – яна так і не атрымала. Затое ёй была выдадзеная на рукі “Даведка (выпіска) з банка дадзеных аб грамадзянах РБ, права якіх на выезд з РБ часова абмежаваны”.

З дакумента вынікае, што звесткі, якія сталі падставай для абмежавання яе выезду, падало Міністэрства юстыцыі РБ 5 сакавіка.

“Такія звесткі могуць быць пададзеныя Міністэрствам юстыцыі толькі ў тым выпадку, калі судом узбуджана справа аб банкруцтве альбо эканамічнай няздатнасці юрыдычнай асобы, - пракаментаваў змест “выпіскі” намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. - Але гэта нонсэнс - каб сам даўжнік не ведаў пра пачатак такога працэсу. Таму накіраванне звестак Мінюстам, мякка кажучы, памылковае. Натуральна, гэта будзе абскарджвацца”.

Нагадаем, што пачынаючы з 11 сакавіка ўжо 5-і сябрам ГА “БАЖ” – старшыні арганізацыі Жанне Літвіной, а таксама Валянціну Стэфановічу, Андрэю Дынько, Міхасю Янчуку і Гары Паганяйлу – не дазволілі выехаць за межы Беларусі на невядомых падставах. Даведка, якую выдалі на рукі Гары Паганяйлу, па змесце аналагічная той, што атрымала сёння Жанна Літвіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)