Levi’s, кёрлінг, НАК. Што вядома пра фігуранта «цукровай справы» Дзьмітрыя Кірылава
Адным з ініцыятараў шэрых схемаў у так званай «цукровай справе» сьледчыя КДБ Беларусі называюць дырэктара Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітрыя Кірылава. Што вядома пра гэтага чалавека, піша Радыё Свабода.
Дзьмітры Кірылаў, фота з фэйсбуку
«Памагаты цукровай мафіі»
Амаль два тыдні не было інфармацыі пра «зьніклых» кіраўнікоў чатырох цукровых заводаў, якія абвінавачаныя ў прычыненьні дзяржаве эканамічнай шкоды ў асабліва буйных памерах. Толькі 4 лютага пра іх «беспрэцэдэнтнае нахабства» выказаўся Аляксандар Лукашэнка, а ў сюжэце на тэлеканале «Беларусь 1» журналісты зрабілі выснову, што ў цукровай галіне працавала сапраўдная «мафія».
У якасьці аднаго зь фігурантаў рэзананснай справы выступае Дзьмітры Кірылаў, дырэктар Беларускай цукровай кампаніі (БЦК) са штаб-кватэрай у Маскве.
Фота са старонкі ў Фэйсбуку Belarusian Curling Association
Па-першае, на яго ўскладаецца адказнасьць за дзейнасьць камэрцыйнай структуры «Еўратарэкс», якая фактычна манапалізавала вытворчасьць пакункаў для цукру. Увесь прыбытак потым нібыта дзяліўся паміж расейскімі прадпрымальніцкімі структурамі і беларускімі «цукровымі» дырэктарамі, уключна з самім Кірылавым. Праўда, «Еўратарэкс» вырабляе ня ўсё запар, а толькі вялікія мяхі, якія прадаюцца і ў Беларусі, і ў Расеі.
Па-другое, нібыта ўвесь экспартны аб’ём цукру профільныя заводы адгружалі менавіта БЦК. Большая частка прадукцыі пры гэтым адыходзіла «падкантрольным пасярэднікам», а пасьля гэты ж цукар з накруткай перапрадаваўся на беларускім рынку. Сьледзтва сьцьвярджае, што сумы хабару за год вымяраліся сотнямі тысяч даляраў.
Нерэалізаваны журналіст
Дзьмітрыю Кірылаву 51 год, ён мянчук. Дыплямаваны журналіст, скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Ягоная маці Тацяна Дзьмітрыеўна Кірылава выкладала замежную літаратуру.
Па спэцыяльнасьці Дзьмітры так і не працаваў, адразу паспрабаваў рэалізавацца ў бізнэсе — балазе, на пачатку 1990-х быў сапраўдны выбух прадпрымальніцкай актыўнасьці. Прычым першыя спробы пачаліся яшчэ падчас вучобы.
— Тады быў вельмі папулярным відэапракат. Побач з чыгуначным вакзалам абсталявалі начны відэасалён у сьпісаным аўтобусе, дык Дзіма падганяў туды за невялікія грошы аднакурсьнікаў, я і сам там працаваў. Таксама прывозіў розны «шырспажыў», нашыя дзяўчаты сартавалі «трусы-нядзелькі». І вельмі хутка перасеў на «Жыгулі»-сямёрку, паркаваўся проста ля ўваходу на факультэт, — згадвае ягоны аднакурсьнік Уладзіслаў Платун.
Пазьней Дзьмітры Кірылаў з кампаньёнам Сяргеем Кананенкам зарэгістраваў кампанію «Кіко Інтэрнэшнл» (назва — ад першых літар іхніх прозьвішчаў па-расейску), якая ў 1993 годзе стала афіцыйным прадстаўніком амэрыканскага джынсавага брэнду Levi’s у Беларусі. Спачатку арандавалі плошчы ў менскім гандлёвым доме «На Нямізе», затым адкрылі фірмовую краму на праспэкце Скарыны, 48 (закрылася пару гадоў таму).
Фота са старонкі ў Фэйсбуку Belarusian Curling Association
Дык вось Кананенка — той самы «расейскі прадпрымальнік», які фігуруе ў крымінальнай справе КДБ як суаўтар сумнеўных «цукровых схемаў».
Сфэра іхняй дзейнасьці паступова пашыралася. У тыя ж гады «Кіко» сталі аднымі зь першых дыстрыбутараў элітнага замежнага алькаголю, доўгі час застаючыся на вяршыні прыбытковай справы.
«Салодкі» бізнэс заснавальнікаў «Кіко»
У 2000-х Кірылаў і Кананенка засяродзіліся на цукровым бізнэсе — дэфіцыт цукру, асабліва ў сэзон «закатак», заставаўся яшчэ ад савецкіх часоў.
У 2006 годзе была створаная Беларуская цукровая кампанія на чале зь Дзьмітрыем Кірылавым. Яе заснавальнікамі выступілі ўсе беларускія цукровыя заводы: Гарадзейскі, Жабінкаўскі, Скідзельскі і Слуцкі.
Адной з мэтаў навастворанай камэрцыйнай структуры было прасоўваньне беларускага цукру на расейскі рынак. Таксама кампанія стала эксклюзіўным дыстрыбутарам менскай кандытарскай фабрыкі «Камунарка». У Маскве запрацаваў офіс БЦК, Кірылаў фактычна жыў на два гарады.
«БЦК кантактуе з найбуйнейшымі дылерамі і трэйдэрамі на расейскім рынку, што дазваляе ахапіць шырокае кола спажыўцоў. Цяпер мы пасьпяхова супрацоўнічаем больш як з 40 кампаніямі ў розных рэгіёнах Расеі», — гаворыцца на афіцыйным сайце БЦК.
Удакладняецца, што стратэгія кампаніі дазваляе мінімізаваць рызыкі перанасычанасьці цукрам асобных рэгіёнаў, якія дастаўляюць прадукцыю да канчатковых спажыўцоў, тым самым скарачаючы колькасьць пасярэднікаў. Але выглядае, што для расейскага рынку існуючых аб’ёмаў аказалася занадта шмат — цукар таксама вырабляюць і мясцовыя заводы. У выніку вострай канкурэнцыі прадукцыя там удвая таньнейшая, чым у Беларусі.
Прапагандыст кёрлінгу і сябра НАК
Статус пасьпяховага бізнэсоўца дазволіў Дзьмітрыю Кірылаву засяродзіцца на кёрлінгу, які лічыцца захапленьнем для заможных людзей. Прыйшоў у гэты спорт у 2006 годзе, у складзе зборнай Беларусі ўдзельнічаў у некалькіх эўрапейскіх і ўсясьветных першынствах.
Неўзабаве ўзначаліў Беларускую асацыяцыю кёрлінгу. У падрыхтоўку да спаборніцтваў, арэнду пляцовак і замежныя выезды ўкладаў уласныя сродкі. Акрамя індывідуальных дысцыплінаў, выступаў таксама на чэмпіянаце сьвету ў зьмяшаных спаборніцтвах у пары з жонкай Кацярынай.
Дзьмітры Кірылаў
— Пры мне Дзіма гуляў на двух чэмпіянатах Эўропы — у 2006 і 2008 гадах, — расказвае іншы ўдзельнік зборнай. — Не без дапамогі Нацыянальнага алімпійскага камітэту зрабілі яго старшынём Беларускай асацыяцыі кёрлінгу. Ня ведаю, можа каму што і аплачваў, асабіста мне не пашчасьціла: на турніры езьдзілі кожны за свае грошы. У 2010-м я сышоў з кёрлінгу, нашы шляхі разышліся. Ён працягваў кіраваць, езьдзіць на спаборніцтвы. Але ўжо некалькі гадоў не старшыня, гуляе толькі Кацярына, зь якой яны, так разумею, не жывуць.
Як старшыня Беларускай асацыяцыі кёрлінгу Дзьмітры Кірылаў быў уведзены ў склад Нацыянальнага алімпійскага камітэту, якім кіруе Аляксандар Лукашэнка. Праўда, асаблівай актыўнасьцю ў гэтым статусе не вызначыўся.
Дзьмітры Кірылаў сьвядома пазьбягаў публічнасьці. Апошні раз журналісты яго цытавалі шмат гадоў таму, калі ў Менску прэзэнтавалі краму Levi’s. Пра ягоныя інтэрвію, прысьвечаныя разьвіцьцю цукровага бізнэсу, невядома.
Людзі, якія зь ім кантактавалі, сьцьвярджаюць, што апошнім часам Кірылаў у Беларусь наведваўся рэдка, амаль увесь час быў у Маскве.
«Сахарное дело»: Что удивляет в откровениях Лукашенко и спецрасследовании БТ
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное