Я заўсёды скептычна ставілася да гэтага сцэнару, бо Лукашэнка ўсё ж такі спрабуе гандлявацца з Пуціным і захаваць, скажам, карцінку нейтральнасці, што мы як бы не ўдзельнічаем у вайне (хаця гэта выглядае, канешне, вельмі смешна).
Леся Руднік: «Колькасць чыннікаў, якія аслабляюць рэжым, будзе з цягам часу павялічвацца»
Працягваем спецпраект «Будучыня». Даследчыца Цэнтра новых ідэй, дактарантка паліталогіі (Karlstad University, Швецыя) Леся Руднік распавядае «Салідарнасці», чаму сістэма не можа бясконца дазваляць сабе рэпрэсіі, і колькі яшчэ будзе доўжыцца вайна.
– Як бачыцца вам сцэнар, да якога імкнуцца сённяшнія ўлады? Якія перспектывы яны б хацелі бачыць у ідэале для сябе і краіны?
– Улады загналі сябе ў такую сітуацыю, з якой у прынцыпе вельмі цяжка знайсці рацыянальнае выйсце. Таму любы сцэнар, які яны сабе ўяўляюць, не здзейсніцца. Нават тыя планы, спробы рэалізацыі якіх мы бачым, тая ж камісія па вяртанні – гэта проста нейкія штучныя дзеянні, сэнс якіх да канца не зразумелы нават самім ініцыятарам.
Цяжка казаць, што ўлады імкнуцца да таго, каб зрабіць наўмысна Паўночную Карэю, але ў іх гэта пакрыху будзе атрымлівацца. Думаю, што нас чакае пагаршэнне сітуацыі ў плане рэпрэсій. Будуць распрацоўвацца новыя метады, каб зрабіць грамадства яшчэ больш падкантрольным.
– Калі паглядзець яшчэ на крок далей, то гэта ж таксама не можа доўжыцца бясконца. Што тады наступным этапам, да чаго гэта ўсё прывядзе і саму ўладу, і грамадства?
– Сістэма не можа бясконца дазваляць сабе такую колькасць рэпрэсій, таму што рэпрэсіі – гэта дорага. Тым больш грамадства ўвесь час прыдумляе новыя формы супраціву, хай сабе і падпольнага.
Таму ў пэўны момант мы пабачым паслабленне рэпрэсій, але гэта не кароткатэрміновая перспектыва: можа быць, ад пяці да дзесяці гадоў. Але гісторыі вядомыя выпадкі калапсу такіх сістэмаў менавіта з таго, што вялікія рэсурсы выдаткоўваліся на рэпрэсіі.
– Калі мы ўжо пачалі размову пра грамадства, то Павал Данэйка ўпэўнены, што трансфармацыя грамадства ў бок еўрапейскіх каштоўнасцяў непазбежна працягнецца, негледзячы ні на якія ідэалагічныя захады ўлады. Але шэраг іншых суразмоўцаў «Салідарнасці» яму запярэчылі, бо лічаць, што ў неспрыяльных умовах унутры краіны ды пры абвале сувязяў з Еўропай рух у яе накірунку можа спыніцца.
Як падаецца вам: ці гэта працэс, які «не разбіць, не спыніць, не стрымаць», ці нам не гарантавана, што грамадства будзе ў гэтым сэнсе сталець і развівацца?
– Каштоўнасна беларусы хутчэй за ўсё моцна не зменяцца. Тую частку грамадства, якая брала ўдзел у пратэстах, цяжка будзе пераканаць, што сёння рэжым – гэта дабро, а не зло.
– Але гаворка яшчэ і пра тое, на каго больш будуць арыентавацца беларусы: на Захад ці на Крэмль? Бо не сакрэт, што сярод праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ёсць заўважная прарасійская частка, якая пасля пачатку вайны падтрымала пуцінскую агрэсію.
– Унутрыпалітычныя і геапалітычныя прэферэнцыі беларускага грамадства – гэта дзве розныя рэчы. Калі згадаць першыя апытанні Chatham House, то там да Пуціна даволі добрае стаўленне было ў прынцыпе.
Таму каштоўнасна адкат у геапалічным сэнсе можа адбывацца, і гэта будзе звязана ў тым ліку з паступовай ізаляцыяй беларускага грамадства. І, калі адбудзецца эскалацыя, якая прывядзе да больш актыўнага ўцягвання беларускага войска ў баявыя дзеянніі, або вайна часткова распаўсюдзіцца на нашу тэрыторыю, то сімпатыі тых, хто вагаецца, будуць зрушвацца ў бок падтрымкі Расіі.
– Вы як раз перакінулі масток да наступнага пытання. Што думаеце наконт таго, як будуць разгортвацца падзеі на вайне?
– Я б тут не бралася прагназаваць. Цягам мінулага году мы чулі вельмі шмат экспертных ацэнак пра тое, што вось-вось беларускае войска наўпрост уцягнецца ў вайну, сваім асабовым складам увайдзе на тэрыторыю Украіны.
Лічу, што перспектыва ўдзелу беларускага войска ў баявых дзеяннях як мінімум бліжэйшы год нас не чакае. Лукашэнка будзе і далей імкнуцца пазбягаць, каб нашы ўзброеныя сілы наўпрост уваходзілі ва Украіну.
Тым больш з цягам часу ўкраінцы паказалі, што гатовы трымаць абарону вельмі якасна. Думаю, Лукашэнка таксама разумее, што адправіць вялікую частку беларускай войска ва Украіну – гэта моцная рызыка ў тым ліку да ўстойлівасці яго рэжыму.
– «Цягам бліжэйшага году…» То бок чакаеце, што вайна будзе вельмі працяглай?
– Выглядае так. Мой асноўны прагноз – хутчэй за ўсё, мы пабачым вайну на некалькі гадоў, як мінімум. І скончыцца яна зноў жа замарожаным канфліктам, як Расія гэта практыкавала ўжо ў Грузіі. Зараз няма сігналаў, што вайна скончыцца, як некаторыя прадказваюць, нават да лета.
– І які ва ўсім гэтым можа быць пазітыўны, але рэалістычны сцэнар для Беларусі?
– Вельмі цяжка прагназаваць пазітыўныя сцэнары, таму што ўсё ж такі зараз мы знаходзімся ў пікавай негатыўнай фазе. Рэалістычна ў кароткатэрміновай перспектыве рэжым будзе захоўваць свае пазіцыі.
Калі думаць пра больш доўгатэрміновую перспектыву, ёсць спадзеў, што Расія пацерпіць паразу ў вайне. Вядома, гэта не азначае аўтаматычную перамогу дэмакратычных сілаў у Беларусі, але тады вокны магчымасцяў будуць адчыняцца часцей, чым раз на пяць-дзесяць год.
Калі паспрабаваць быць аптымістам, давайце спадзявацца на тое, што колькасць чыннікаў, якія аслабляюць рэжым, будзе з цягам часу павялічвацца. У выніку гэта прывядзе да таго, што альбо ўспыхне новы пратэст, альбо палітычныя эліты, якія атачаюць Лукашэнку, павядуць сябе нечаканым чынам.
Датычна ж будучага Беларусі пасля змены ўлады краіну чакае цэлы шэраг выклікаў. Галоўны з іх будзе заключацца ў тым, каб забяспечыць рэгулярную змену ўлады.
Дэмакратыя не падае з неба на галаву, а выбудоўваецца цаглінка за цаглінкай дзесяцігоддзямі. Таму першымі крокамі ў «новай Беларусі» павінна стаць распрацоўка механізмаў, якія дазволяць эфектыўна змяняць палітыкаў на выбарных пасадах. Маючы працэдуры свабодных і празрыстых выбараў, беларусы змогуць абіраць новых палітыкаў, калі тыя не здольныя забяспечыць патрэбы грамадства.
У гэтым свеце важна, каб карыстаючыся паўзай (перыяду, калі дэмакратычныя сілы не маюць прамога доступу да ўлады), урад у выгнанні ды эксперты займаліся распрацоўкай праектаў інстытуцыянальнага развіцця, заканадаўчымі ініцыятывамі. Так ужо адбываецца з праектам канстытуцыі ці эканамічнымі рэформамі.
Экспертнае кола, аднак, цалкам не трансфармуецца ў палітыкаў. Таму важна адукоўваць, вырошчваць новых прафесіяналаў, якім цікавая практычная палітыка.
Цікаўнасць беларусаў да палітыкі не згубілася і мы бачым пераход у палітыку людзей з медыясферы (Аліна Коўшык – у кабінет, Ян Рудзік – у К*ардынацыйную раду) і айці (Павел Лібер, Яраслаў Ліхачэўскі). Гэты імпэт варта падтрымліваць і развіваць прасторы для адукацыі маладых палітыкаў, якія будуць гатовыя выкарыстаць свае кампетэнцыі ў патрэбны момант.
Жыццё за межамі Беларусі на сённяшні момант неабавязкова з’яўляецца недахопам. Практычны вопыт пражывання ў вымушанай эміграцыі, але ў дэмакратыі, будзе ўплываць і на развіццё дэмакратычнага культурнага коду.
Падсумоўваючы, чалавечы капітал замежжа варта не згубіць сёння, каб падрыхтаваць палітычную сістэму да функцыянавання ў будучыні.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное