Кризис
Леанiд Лахманенка, «Звязда»

Леанiд Заiка: Пасля G-20 будзе працягвацца пратэкцыянiзм, а нацыянальны эканамiчны эгаiзм краiн будзе расцi

Днямi ў Лондане адбыўся антыкрызiсны самiт Вялiкай дваццаткi цi скарочана па англiйску G-20. Гэта нефармальны клуб лiдараў самых эканамiчна развiтых, багатых i ўплывовых краiн планеты. Наш карэспандэнт абмяркоўвае вынiкi гэтай сустрэчы з вядомым беларускiмэканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Леанiдам Заiкам.

— Леанiд Фёдаравiч, колькi перад самiтам было дыскусiй, прагнозаў, цiкавых прапаноў у яго парадак дня, у многiх людзей з’явiлася надзея ўбачыць свет у канцы тунэлю. Як, на ваш погляд, цi спраўдзiлiся спадзяваннi чалавецтва (размова iшла аб выратаваннi эканомiкi планеты)?

— Не зусiм. Хаця самi арганiзатары самiту ўжо абвясцiлi яго паспяховым. Думаю, яны ганарацца тым, што ў Лондане лiдары дзяржаў не перасварылiся i нават i прыйшлi да згоды па шэрагу важных пытанняў, напрыклад, дамовiлiся выдзелiць на барацьбу з крызiсам да 5 трыльёнаў USD. Аднак, дваццатка, па вялiкiм рахунку, усё ж не здолела сфакусiраваць намаганнi на першачарговых мерах па пераадоленнi крызiсу. Бо два днi — гэта вельмi мала для пошуку вырашэння такiх праблем, скажам, як рост беспрацоўя ў свеце. Таму i намечаныя ў Лондане меры з’яўляюцца хутчэй вынiкам вымушанага кампрамiсу, чым ясным i дакладным планам дзеянняў. У вынiковым дакуменце сказаны правiльныя i разумныя рэчы, а таму вынiкi самiту трэба разглядаць са стрыманым аптымiзмам.
— Што не ўдалося ўрэгуляваць?
— Ды нямала чаго. Я магу гарантаваць, што насуперак усiм размовам i запэўнiванням будзе працягвацца пратэкцыянiзм, а нацыянальны эканамiчны эгаiзм краiн будзе расцi. Але сёння не варта засяроджвацца на нявырашаным у Лондане. Не забывайце, што адной сустрэчай, няхай i вельмi разумных i ўплывовых палiтыкаў сусветнага маштабу, крызiс не спынiць i не павярнуць назад, як i нельга адразу i рэзка памяняць эканомiку. Добра, што яны, прэзiдэнты, увогуле сабралiся, абмянялiся думкамi, паспрачалiся, паспрабавалi зразумець адзiн аднаго, дамовiлiся аб правядзеннi наступнай дваццаткi ў Нью-Ёрку. У 20-х гадах мiнулага стагоддзя перад Вялiкай дэпрэсiяй гэтага зрабiць не ўдалося.
— У чым галоўная прычына сур’ёзных разыходжанняў памiж Еўропай i Амерыкай па ключавых пытаннях выхаду з крызiсу, якiя акрэслiлiся яшчэ да самiту?
— Сёння ў сусветным фiнансавым сектары ўтварылася немагчымая для ўсведамлення сума даўгоў i запазычанасцяў, якая ацэньваецца ў 60 трыльёнаў USD! А гэта, мiж iншым, прыкладна гадавы аб’ём валавога ўнутранага прадукта планеты! I ўсе прычыны сённяшнiх цяжкiх фiнансавых i эканамiчных праблем родам з ЗША. Яны — крынiца нашых непрыемнасцяў.
У Еўропе лiчаць, што сусветны фiнансавы сектар адарваўся ад рэальнай эканомiкi, рэальнага жыцця, асаблiва ў ЗША. Iх фiнансiсты штучна ўзнiмаалi цэны на нерухомасць, сыравiну, нафту. Гэтыя гульнi прывялi да таго, што мы цяпер маем. Мiж iншым, у Еўропе даўно зразумелi, што апошнiм часам палiтычныя i эканамiчныя працэсы развiвалiся неаднамерна. Бачылi, што шэраг мiжнародных карпаратыўных груп, завязаных на нерухомасцi i нафтаздабычы, моцна загулялiся на рынках фiнансаў i з-за ўласнай сквапнасцi трапiлi ў патавую сiтуацыю. Але яны (уяўляеце маштабы iх нахабства?) пераклалi на iншых вырашэнне сваiх праблем, выпраўленне сiстэмных памылак i лiквiдацыю наступстваў сваiх авантурных рашэнняў. У тым лiку i на нас.
Наўмысна цi не, але менавiта яны, безадказныя палiтыкi i банкiры, сутыкнулi рынкi i краiны, якiя павялi кожная сваю гульню. I ўсё апынулася ў стане руху, у тым лiку i фiнансы, якiя даволi хутка разбалансавалiся. Мiнiстры фiнансаў развiтых краiн спахапiлiся, спрабавалi аслабiць крызiсныя тэндэнцыi, але намаганнi пераламаць сiтуацыю, нягледзячы на шматмiльярдныя iн’екцыi ЗША, Расii i краiн Еўрасаюза ў банкаўскi сектар, аўтамабiльную вытворчасць, не далi чаканага эфекту. Вось i акрэслiлiся два падыходы — амерыканскi — ратаваць банкi, розныя грашовыя фонды, i еўрапейскi — шырокая рэформа фiнансавай сiстэмы.
— Прэм’ер-мiнiстр Вялiкабрытанii Гордан Браўн яшчэ да самiту прапанаваў стварыць спецыяльны фонд па выратаваннi сусветнага гандлю з капiталам як мiнiмум 100 млрд. USD. Але гэта iдэя, калi меркаваць па вынiках сустрэчы ў Лондане, зацiкавiла далёка не ўсiх яе ўдзельнiкаў?
— Так, многiя перад самiтам прамаўчалi. Ды i 100 мiльярдаў USD для вырашэння такой вельмi важнай праблемы глабальнага маштабу — невялiкiя грошы. Трэба выдаткаваць хаця б $1трыльён. Прэм’ер-мiнiстр Вялiкабрытанii хвалюецца невыпадкова. Глабальнае скарачэнне попыту пагражае паралiчом сусветнаму гандлю i адпаведна скарачэннем вытворчасцi ў многiх краiнах, што можа стаць адной з прычын новага росту беспрацоўя i масавых звальненняў. А iх тэмпы ў Вялiкабрытанii самыя высокiя ў Еўропе. Па ацэнцы экспертаў Сусветнага банка, сёлета глабальны выпуск прадукцыi скароцiцца на 1,7%, а эканомiкi развiтых краiн — на 2,1%. Сапраўды, сусветны гандаль чакаюць цяжкiя выпрабаваннi.
Таму iнiцыятыву Браўна аб стварэннi фонду па выратаваннi сусветнага гандлю, грошы якога маюць перспектыву быць накiраванымi на выцягванне з багны неплацяжоў нейкiх банкаў з вялiкай доляй амерыканскага капiталу, мякка кажучы, спачатку "не пачулi". Але потым на самiце вырашылi накiраваць, калi не памыляюся, 250 мiльярдаў USD на падтрымку сусветнага гандлю.
— У Лондане сваю доўгатэрмiновую палiтычна-эканамiчную гульню па вяртаннi свайго аўтарытэту i ўплыву ў мiжнародных справах актыўна вяла Расiя. Цi атрымалася гэта ў яе?
— Часткова. Палiтычныя вынiкi больш пераканаўчыя. Сустрэча прэзiдэнтаў Дзмiтрыя Мядзведзева i Барака Абамы можа стаць пачаткам пацяплення ў адносiнах гэтых вялiкiх дзяржаў. Так, у ходзе перамоў прэзiдэнты абмеркавалi тэмы еўрапейскай бяспекi, скарачэння ўзбраенняў. У эканамiчным плане былi закрануты пытаннi далучэння Расii да Сусветнай гандлёвай арганiзацыi. Дарэчы, уся гэтая праблематыка ў той цi iншай ступенi тычыцца i нашай краiны.
— Замену цi альтэрнатыву долару актыўна абмяркоўвалi напярэдаднi самiту ў Лондане, асаблiва ў Маскве i Пекiне. Але потым гэта пытанне нiбы знiкла з парадку дня сустрэчы. Чаму?
— Таму што гэта вельмi адказны крок, тым больш ва ўмовах крызiсу. Аб’яўляць i пераходзiць на альтэрнатыўную долару цi рэзервовую валюту трэба тады, калi яна ўжо iснуе. Стварэнне, напрыклад, хаця б рэгiянальнай валюты — справа не аднаго года. З наскоку праблему не вырашыць. Па-першае, трэба дамовiцца аб тым, якая будзе агульная адзiнка для рэгiянальных валют. А гэта перамовы, перамовы…
— А якiя матывы гульнi ў Лондане ды i ў свеце Кiтая, якi насупраць усiм перашкодам набiрае эканамiчную моц?
— Як новы лiдар сусветнай эканомiкi, Кiтай поўны амбiцый перасягнуць астатнi свет па тэмпах прамысловага росту. А гэта немагчыма без павелiчэння спажывання сыравiны i энерганосьбiтаў, у першую чаргу нафты, газу. Усё больш i больш i толькi наперад i наперад! А што потым? Парнiковы эфект i новы сусветны патоп? Але гэта да слова.
Увогуле гэты крызiс пры ўсiх яго мiнусах — на карысць Кiтая. Сёння яго банкi, асаблiва дзякуючы вялiзарным грашовым стратам банкаў ЗША (у вынiку няўдалых гульняў у iпатэку), выйшлi на першыя ролi ў свеце. У кiтайскiх банкаў цяпер самыя вялiкiя запасы долараў у свеце — 1900 мiльярдаў USD! Гэта пачатак дамiнiравання Кiтая ў сусветнай эканомiцы. Для сусветнай эканомiкi i палiтыкi надышоў час вялiкiх зрухаў i складаных "вузлоў". Iх разблытваннем i займалiся ў Лондане.
— Цi ўдалося разблытаць цiкавы кiтайска-амерыканскi "вузельчык" па лiнii долар-юань? Бо гэтыя валюты — вельмi важныя гульцы на сусветным рынку.
— Не думаю, ствараецца ўражанне, што бакi засталiся кожны пры сваiх iнтарэсах. Праўда, яны дамовiлiся распачаць стратэгiчны дыялог, першы раўнд якога пройдзе ў Вашынгтоне. А праблема ўзнiкла з-за таго, што Кiтай не хоча адмаўляцца ад фiксаванага курсу юаня да долара, у вынiку чаго, як лiчаць ЗША, ён занiжаны прыкладна на 40%. Гэта робiць кiтайскiя тавары таннымi ў ЗША, а амерыканскiя — дарагiмi ў Кiтаi. Таму ЗША настойваюць на ўвядзеннi свабоднага курсу юаня.
— А цi варта спадзявацца нам, якiя таксама пацярпелi ад крызiсу, што рашэннi Вялiкай дваццаткi нейкiм чынам станоўча паўплываюць на наша жыццё?
— Чаму б i не спадзявацца, можна, вядома. Але я раiў бы ў першую чаргу разлiчваць на ўласныя сiлы. I нi ў якiм разе не чакаць падарунку лёсу ў выглядзе высокааплатнай працы, выйгрышу джэк-поту ў латарэю, багатай спадчыны ад невядомага дзядзькi з Амерыкi. Вучыцеся самастойна выходзiць са складаных жыццёвых сiтуацый. Магчыма, трэба пераквалiфiкавацца, авалодаць iншай прафесiяй, калi вiдавочна, што вы трапляеце пад скарачэнне. Ну, а калi пасля сустрэчы Вялiкай дваццаткi сапраўды нешта палепшыцца ў вашым жыццi, то, значыць, вам пашанцавала. Але нi ў якiм разе ў сённяшнi час не варта чакаць надвор’я з мора. Не дачакаецеся. Я, паўтаруся, не веру ў тое, што пасля самiту ў Лондане атрымаецца паставiць на месца краiны, якiя практыкуюць пратэкцыянiсцкiя меры па абароне сваiх рынкаў.
— Сваю заклапочанасць глабальным крызiсам неаднойчы выказвала i ААН. Яе кiраўнiцтва прапаноўвала правесцi пад эгiдай ААН мiжнародную канферэнцыю на тэму пераадолення крызiсу. Гэта яшчэ адзiн самiт?
— Вiдаць, так. Увогуле антыкрызiсная работа ААН, iншых уплывовых мiжнародных арганiзацый значна актывiзавалася. Чаму? А таму, што яны адчуваюць сваю вiну за невясёлую сiтуацыю ў глабальнай эканомiцы. Бо, нагадаю для тых, хто не ведае: валютная стабiльнасць, рэгуляванне сусветных фiнансаў i грашовых плыняў у маштабах планеты — гэта зона адказнасцi Сусветнага банка i Мiжнароднага валютнага фонду, у тым лiку i ААН. Апошняя адказвае ў большай ступенi за захаванне i падтрымку мiру i палiтычнай стабiльнасцi ў свеце, але не трэба забываць, што структуры Сусветнага банка i Мiжнароднага валютнага фонду ўваходзяць у зону ўплыву ААН i працуюць пад яе эгiдай. Адсюль i розныя канферэнцыi, даследаваннi, экспертызы i г. д. Карацей, мiжнародныя чыноўнiкi гуляюць у гульню па барацьбе з крызiсам. Галоўнае, каб яна была вынiковай. Паглядзiм, як эфектыўна супрацоўнiкi Сусветнага банка i Мiжнароднага валютнага фонду выкарыстаюць выдаткаваны iм дваццаткай 1трыльён USD.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)