Общество
Улад Швядовіч, фота Сяргея Гудзіліна, «Наша Ніва»

Леанід Кулакоў: таксіст, які ездзіць з бел-чырвона-белым сцягам

Леанід Кулакоў — асоба цікавая. Звычайны таксіст, які не з’яўляецца членам аніякай палітычнай партыі, бярэ ўдзел у шматлікіх пратэстных пікетах і акцыях апазіцыі, пасля якіх нярэдка сядзіць на сутках.

Прычым, як адзначае сам спадар Леанід, да 50 гадоў палітыкай ён увогуле не цікавіўся.

Кулакоў нарадзіўся ў Мінску. Рана, у пяць гадоў, страціў бацькоў, трапіў у інтэрнат. Пасля было войска. Служыў на флоце, штурманам у Севераморску. Падчас службы пазнаёміўся з жонкай — калі прыехаў у Мінск у кароткі адпачынак. Неўзабаве зладзілі вяселле, Кулакоў даслужваў тэрмін ужо жанатым.

Пасля службы вярнуўся ў Беларусь: як кажа сам, не захацеў мяняць Мінск на Мурманск.

У 1989-м у яго нарадзілася дачка.

«На выбары-94 я нават не хадзіў. Хто ў нас прэзідэнт, хто прэм’ер — мяне не цікавіла. Усе 90-я я быў увогуле апалітычным, — кажа Кулакоў. — Я працаваў выканаўчым дырэктарам на фірме, якая займалася экспартам тэхнікі: МАЗ, МТЗ. Мы дапамагалі разгружаць заводы. Але ў 2006 годзе прыватным фірмам забаранілі быць пасярэднікамі. І бізнэс наш разваліўся. Я пайшоў у таксісты».

І паціху, кажа Леанід, стаў разумець, што ў краіне не так усё і добра.

«У побытавым плане мяне ўсё больш-менш задавальняла. Зарабляў я нармальна, нават у таксі. Але я пачаў разумець, што ўладу трэба мяняць. Нельга, каб адзін чалавек кіраваў столькі часу. Я сёння называю яго «Бульбашбашы», па аналогіі з Туркменбашы», — пасміхаецца Леанід.

У 2006 годзе Кулакоў галасаваў за самага рэзкага кандыдата — Казуліна.

«Пасля выбараў Казулін заклікаў людзей падтрымаць тых, каго завезлі на Акрэсціна. Ну, і я пайшоў. Там жорстка разганялі, я бачыў гэта на ўласныя вочы. [Маецца на ўвазе шэсце да Акрэсціна на Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года, якое было разагнана сілавікамі. Сам Казулін быў затрыманы падчас разгону і змешчаны ў СІЗА. — Рэд.]. І вось тады я задумаўся», — узгадвае Кулакоў.

Як стаў «невыпадковым»

19 снежня 2010, прагаласаваўшы за Андрэя Саннікава, Кулакоў пайшоў на Плошчу. Стаяў у першых шэрагах, быў збіты міліцыянтамі. Па яго словах, страціў прытомнасць і ачуняў толькі ў машыне хуткай, куды яго аднеслі неабыякавыя людзі. Пасля яго адвезлі ў прыёмны пакой, там Леанід паведаміў, што яго збіла міліцыя на Плошчы. Дактары павінны паведамляць пра выпадкі збіцця. Адпаведна, міліцыянты прыехалі і забралі Леаніда, але ён адчуваў сябе вельмі дрэнна, не разумеў, што яны ад яго хочуць. Неўзабаве яго адпусцілі.

«А праз пару дзён я чуў, як па ТБ казалі, што кожны, хто быў на Плошчы, будзе сядзець у турме. І тут мне пазванілі, сказалі, каб я прыйшоў у міліцыю. Усё, думаю. Сабраў сабе пакет — цёплыя рэчы, печыва, цыбулю — пайшоў. Жонку папярэджваць не стаў», — кажа Кулакоў

Але пасля працяглага допыту яго адпусцілі.

«А потым, ужо ў студзені 2011, я выпадкова даведаўся, што ладзіцца пікет ля будынка КДБ, у падтрымку тых, каго затрымалі на Плошчы. Я вырашыў пайсці: мне было шкада людзей, якіх арыштавалі ні за што, — распавядае Кулакоў. — Прыйшоў. А я ж не ведаў нікога. Спачатку прыбіўся да журналістаў — думаў, гэта і ёсць пікет. Потым заўважыў, што прыйшла група людзей з партрэтамі палітвязняў. Падышоў, папрасіў партрэт Саннікава. Далі. Стаю, трымаю».

Неўзабаве пікетчыкаў затрымала міліцыя. Суткі Леанід правёў у камеры. Разам з ім быў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Яны пазнаёміліся, пагутарылі. Затым — кароткі суд.

«Суддзя мне казаў: «Вы ж выпадковы чалавек тут».

А я адказаў: «Адчуваю, што ўжо буду невыпадковым», — смяецца Кулакоў.

Леанід атрымаў штраф. Калі вярнуўся дахаты, жонка яму не паверыла, што пераночыў у міліцыі — была ўпэўненая, што бавіў час у палюбоўніцы. Потым, калі ўпэўнілася, што муж не хлусіць, спытала: «І што? І чаго ты гэтым дабіўся?»

Два сцяжкі

«Жонка ніколі не ўхваляла тое, што я раблю. Яна мае такую ж пазіцыю, але баіцца. Па сёння кажа мне: «І што? Які сэнс у тваіх акцыях?» — кажа Леанід. — Але дачка падтрымлівае. Яна ўжо дарослая, замужам. Жыве ў Еўропе. І вось яна заўсёды за мяне».

Пасля сутак у студзені 2011 Леанід адшукаў Вінярскага. Знаёмства працягнулася. Першы час Кулакова не клікалі на акцыі ці пікеты. Але паціху ён пачаў хадзіць на дазволеныя мерапрыемствы: Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях. На іх Леанід стараўся трымацца Вінярскага.

«Так і ўліўся», — кажа Кулакоў.

Леанід пачаў з’яўляцца на акцыях у падтрымку палітвязняў, салідарнасці з Украінай. Адпаведна, нярэдка даводзіцца бавіць час на сутках. У выніку — прапускае працоўныя змены.

«Кіраўніцтва фірмы, дзе я працую, стваіцца да мяне з разуменнем. Тут мне пашчасціла», — кажа Кулакоў.

У яго машыне вісяць два сцяжкі: беларускі бел-чырвона-белы і ўкраінскі. Ёсць кліенты, якія з-за гэтага не хочуць да яго садзіцца. Але часцей наадварот, калі бачаць сцяжкі, то з шэрага аўтамабіляў таксі выбіраюць менавіта машыну Кулакова.

Смурод і холад

Леаніду Кулакову — 55 гадоў. Здавалася б, у такіх гадах бавіць па некалькі сутак за кратамі няпроста. Але ён ставіцца да гэтага па-філасофску.

«За свае канстытуцыйныя правы я выходзіў і буду выходзіць. І за гэта я не баюся аніякіх рэпрэсій. За нашу супольную Свабоду мне не шкада часова страціць свабоду сваю ўласную. І я разумею, і не выключаю, што аднойчы гэта ўсё можа скончыцца сур’ёзным тэрмінам. Але я гатовы. Бо раней ці пазней павінна штосьці змяніцца. Павінна», — упэўнены Леанід.

Цяжэй за ўсё, кажа ён, было ў Смалявіцкім ізалятары часовага ўтрымання, дзе ў маі гэтага года Леанід правёў 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Кулакоў быў абвінавачаны ў несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся 25 красавіка на Кургане Славы. Там ён знаходзіўся з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам «Акупанты, вон». Суддзя Ліна Бародзіч прызнала Кулакова і арганізатарам, і ўдзельнікам «масавага» мерапрыемства — адзіночнага пікета.

«Камера маленькая ў падвале, у ёй паўзмрок, сцены і падлога — бетонныя. «Шконкі» з металу. Дзённага святла няма. Замест туалета стаяла 10-літровае вядро. Пах увесь час стаяў жудасны, мяне пастаянна ванітавала. І пры гэтым смуродзе мы з сукамернікам елі, — узгадвае Кулакоў. — Памяшканне вельмі халоднае. Мяне забралі з дому, я быў лёгка апрануты, і мяне ўвесь час там калаціла ад холаду. Калі зачыніць акенца, будзе трошкі цяплей, але будзе стаяць смурод. Калі акно адкрыць, смурод трошкі знікае, але будзе холадна. Я называў гэта «камерай катаванняў».

Але, кажа Леанід, супрацоўнікі ІЧУ ставіліся да яго нармальна: хоць на прагулкі і не выводзілі, але заўсёды звярталіся да яго па бацьку і на вы, пастаянна прыносілі кіпень, каб вязні канчаткова не змерзлі.

«Яшчэ мяне называлі Патрыётам. Бо на Кургане хтосьці напісаў: «Свабоду Надзеі Саўчанцы!». І калі ў мяне на судзе спыталі, ці не ведаю я, хто гэта зрабіў, я адказаў так: «Канечне, ведаю! Патрыёты!» — пасміхаецца Кулакоў.

Штрафы плаціць са сваіх грошай. Смяецца, што ў нармальнага мужыка «заначка» на палюбоўніцу, а ў яго — на штрафы за палітычныя акцыі.

Улада баіцца толькі рабочых

Ад 2010 года Леанід — актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». У апазіцыйныя партыі яго клікалі, але нікуды ён так і не ўступіў.

«Я галасаваў за Саннікава. І ўступіць у іншую партыю я лічу здрадай. Гэта няправільна».

На гэтых выбарах Кулакоў будзе назіральнікам. Але сам галасаваць не хоча: лічыць, што найлепшай стратэгіяй быў бы байкот. Прычым адзначае, што за сённяшніх кандыдатаў ён на Плошчу б не выйшаў.

«Хто яны такія: Гайдукевіч, той казачок? А Караткевіч? Чаму я не бачыў яе ні на якой з акцый? Дзе яна была на Дзень Волі?» — усклікае Кулакоў.

Сам ён лічыць, што нешта зменіцца, толькі калі ўвесь народ зможа паказаць, што ён незадаволены тым, што адбываецца ў краіне.

«Інакш улада нічога нікому не дасць зрабіць. Народ павінен выйсці на вуліцы, выйсці на плошчы, мірна, — упэўнены Кулакоў. — Павінны выйсці рабочыя, каб спыніліся заводы і фабрыкі. Толькі вулічныя пратэсты могуць нешта змяніць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)