Латушка: Сцэнар ўдзелу Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны стане рэальным, толькі калі на тэрыторыі Беларусі зноў з’явяцца расійскія войскі

Прадстаўнік НАУ і АПК — пра ваенную рыторыку беларускага правіцеля і яго рэальныя намеры.

Павел Латушка

— Лічу, што ў Беларусі адбываецца пэўная падрыхтоўка, — заявіў Павел Латушка на Телеканале Прямій. — Паглядзіце, што зроблена ў сферы заканадаўства.  

Змененыя альбо прынятыя новыя законы. Падпісаны шэраг указаў і дэкрэтаў, якія рэгулююць дзейнасць дзяржаўных органаў, іншых інстытутаў падчас вайны.

Напрыклад, адным з апошніх законаў створаны дзяржаўны орган матэрыяльна-эканамічнага забеспячэння падчас ваеннага становішча ў Беларусі. Уведзена магчымасць апавяшчэння аб мабілізацыі праз смс.

Зменены вайсковы статут, які дае права вайсковым страляць у мірных грамадзян і не несці за гэта ніякай адказнасці. І такіх заканадаўчых актаў з’явіліся дзясяткі толькі за апошні год.

Калі паглядзець на ўзбраенне, то на 29% павялічаныя выдаткі рэспубліканскага бюджэту на абарону. З’явіліся ўмацаваныя раёны ў Гомельскай і Брэсцкай вобласці, над гэтым працуюць у Гродзенскай вобласці.

З’явіліся вучэбна-баявыя цэнтры з Расіяй у Гродна і ў Баранавічах, базы СПА каля мяжы з Украінай. І, галоўнае, з’явілася тактычная ядзерная зброя. Таксама пастаянна працягваюцца вучэнні.

Палітык адзначае, што ў гэты ж час прапаганда і сам правіцель псіхалагічна апрацоўваюць беларусаў.

— Ім трэба стварыць ворага. Хаця б ва ўяўленні беларусаў. Так,  напрыканцы красавіка на так званым усебеларускім народным сходзе яны будуць прымаць ваенную дактрыну. І ўжо прапісваюць, што недружалюбнымі краінамі з’яўляюцца Украіна, Польша, Літва Латвія, ЗША. Таксама міжнародныя арганізацыі — НАТА і нават Міжнародны валютны фонд.

Гэта ўсё сістэмная дзейнасць. Не магу сказаць, што гэта ІПСО, што проста прапаганда. Лукашэнка рыхтуецца, каб пазней сказаць беларусам нешта накшталт «а я вам говорил, я вас предупреждал».

Ён разумее, Украіна ў 2022 годзе не адказала на агрэсію, на тое, што з Беларусі ляцелі ракеты. Думаю, яго папярэдзілі, што яго чакае ў выпадку паўтарэння. Напэўна, гэта могуць быць атакі па расійскіх ваенных аб’ектах на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка гэтага баіцца, дарэчы таму і купіў шмат С-300, С-400, якія выстаўленыя на мяжы.

Відавочна, ён прадугледжвае нейкі сцэнар, калі Пуцін дасць яму загад.

Але такі сцэнар, то бок магчымага ўдзелу Лукашэнкі ў агрэсіі, стане рэальным, толькі калі на тэрыторыі Беларусі зноў з’явяцца расійскія войскі, — падкрэсліў Латушка. — Сам Лукашэнка ваяваць не хоча і не будзе накіроўваць беларускую армію, таму што беларускі народ супраць.

І ўсё ж ён нядаўна сказаў, што мы рыхтуемся да вайны, што мы будзем змагацца за нашу незалежнасць, праліваць кроў і нават аддадзім жыцці.

Ён часта выкарыстоўвае такія выразы, таму што да чагосьці псіхалагічна рыхтуе нацыю.

Пры гэтым ён, канешне, будзе працягваць казаць, што пагроза ідзе з Захаду, што гэта яны збіраюць войскі каля межаў, каб напасці на Беларусь і акупаваць. Іншая справа, беларускае грамадства такімі наратывамі не купіш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(7)