Латушка: «Пакуль мы не пазбавімся Ленінаў ва ўсёй краіне, Беларусь не стане па-сапраўднаму незалежнай»

Прадстаўнік НАУ і АПК — пра значэнне помнікаў Леніну ў Беларусі.

— «Беларусь зменіцца толькі тады, калі гэты помнік будзе вынесены з цэнтральнай плошчы», — пачуў ад мяне першы віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў, калі стаяў каля вакна і глядзеў на помнік Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску, — узгадвае Павел Латушка ў сваім чарговым відэа.

Гэты помнік узнік на плошчы 90 гадоў таму. У тыя часы Леніны пачалі актыўна з‘яўляцца ў многіх гарадах Беларусі. З прыходам саветаў беларусы прайшлі праз масавае знішчэнне нацыянальнай культуры, гісторыі і мовы, крывавыя рэпрэсіі і пераследы. І асаблівым выклікам з‘яўляецца тое, што чыноўнікі ўжо незалежнай Беларусі гадамі праходзяць каля гэтага помніка.

Павел Латушка

Прайшло шмат гадоў з таго моманту. З часам сімвал савецкай эпохі стаў сімвалам эпохі лукашызму. Як і ў савецкія часы, сёння ў краіне тысячы палітзняволеных, знішчаецца беларуская культура і мова. Усё па-ранейшаму, толькі імёны выканаўцаў змяніліся.

А сімвал застаўся ранейшым — усё той жа помнік Леніну на цэнтральнай плошчы краіны. І нават на хвалі ўзбуджэння грамадскай свядомасці беларусаў у 2020 годзе сведкам шматтысячных мітынгаў быў таксама ўсё той жа Ленін.

Палітык адзначае, што нядаўна беларускі гісторык Андрэй Мастыка сабраў інфармацыю пра больш, чым тысячу помнікаў, шыльдаў, мемарыяльных знаках у абласных цэнтрах Беларусі.

— Высветлілася, што ў кожным абласным цэнтры ёсць помнік Леніну, а ў Гомелі нават не адзін. Разам з тым Францыска Скарыны ў мемарыяльным ландшафце абласных цэнтраў няма, як і Якуба Коласа.

Помнікі Леніну — скарб Лукашэнкі. Калі падчас працы міністрам культуры мы рыхтавалі дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах, было прынятае рашэнне перасунуць помнік Леніну трошкі ўбок з Цэнтральнай плошчы.

Складана апісаць, колькі гэта каштавала высілкаў, але ўсё ж такі помнік удалося пасунуць, хоць і не прыбраць.

І акурат такія помнікі Леніну паказваюць сутнасць Лукашэнкі: яму не патрэбны нацыянальныя героі, яго не цікавяць беларускія дзеячы культуры і мастацтва, і, на жаль, варта канстатаваць, што пакуль мы не пазбавімся Ленінаў ва ўсёй краіне, будзем звяртаць увагу на чужых герояў, а не сваіх, мы наўрад ці можам думаць, што Беларусь стане свабоднай, дэмакратычнай і па-сапраўднаму незалежнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(42)