Ларыса Геніюш дагэтуль напалову дазволеная

У Зэльве адзначылі стагодзьдзе з дня народзінаў Ларысы Геніюш. Адбылося набажэнства ў царкве, прэзэнтацыя двухтомніка твораў паэткі. Аматары яе асобы і творчасьці наведалі могілкі, дзе пахаваныя Ларыса Геніюш зь яе мужам Янкам. З Польшчы прыехаў іхні ўнук — Міхась Геніюш.

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве

На падворку царквы

У часе службы па Ларысе Геніюш

Ля помніка Ларысе Геніюш на падворку царквы

Кветкі да помніка Ларысе Геніюш

Паэт Міхась Скобла ўручае памятны мэдаль унуку Ларысы Геніюш Міхасю Геніюшу, які прыехаў зь Беластоку

Міхась Геніюш – ля помніка сваей бабулі

Паэт Міхась Скобла ўручае памятны мэдаль архэолягу Міхасю Чарняўскаму

Уладзімер Някляеў выступае ля помніка Ларысе Геніюш

Скульптар Генік Лойка і паэт Уладзімер Някляеў вярнулі фотакопію памятнай шыльды на месца – на сьцяну дома паэткі, адкуль шыльду забралі міліцыянты

За гасьцямі наглядае міліцыя

Міхась Скобла прэзэнтуе двухтомнік Ларысы Геніюш

Ля магілы Ларысы і Янкі Геніюшаў

Сшытак вершаў, напісаны Ларысай Геніюш па просьбе адной знаёмай, якая яго і захавала

У Зэльву прыехалі і менчукі, і гарадзенцы, жыхары Мастоў, Ліды... Але ва ўсім адчувалася, што стаўленьне ўладаў да паэткі, якая памерла ў 1983 годзе, амаль не памянялася. Увесь час за людзьмі назіралі міліцыянты, патрабавалі, як было на могілках, схаваць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Гарадзенцы ўвогуле затрымаліся ў дарозе амаль на дзьве гадзіны. Аўтобус, якім яны ехалі, спачатку спыніла «транспартная інспэкцыя», пазьней у ім прабіла кола.

Каля зэльвенскай царквы стаіць помнік Ларысе Геніюш, яна была прыхаджанкай храму. Паэт Міхась Скобла уручыў тут памятныя мэдалі да стагодзьдзя Ларысы Геніюш, перш — Міхасю Чарняўскаму, які некалі ўратаваў архіў паэткі, дзякуючы чаму ўдалося пазьней выдаць яе кнігу «Споведзь». Мэдаль таксама быў уручаны Міхасю Геніюшу, які сказаў на добрай беларускай мове:

«Дзякуючы вам памяць пра маю бабулю і слова, якое яна нам усім пакінула ў вершах, — жывуць у нашых сэрцах. Дзякуючы вам справа, якой яна прысьвяціла сваё жыцьцё, не змарнавалася».

У царкве зрабілі музэйчык, у ім зьвесткі пра сам храм, а таксама пра яе, Ларысу Геніюш. Настаяцель айцец Георгі запрасіў наведаць музэй.

Ад царквы людзі пайшлі да дому Ларысы Геніюш. Днямі міліцыянты забралі ў пастарунак шыльду да стагодзьдзя паэткі, якую ўсталявала грамадзкасьць. Здымак гэтай шыльды Генік Лойка і Уладзімір Някляеў прыбілі да сьцяны. Да людзей выйшла гаспадыня кватэры — Любоў Уладзімераўна, якая пагадзілася, каб шыльда вісела на доме.

Калі літаратары, гісторыкі, прыхільнікі асобы і творчасьці паэткі накіраваліся ў раённы Дом культуры, каб паўдзельнічаць у вечарыне памяці Ларысы Геніюш, то для іх месца не знайшлося, мерапрыемства адбывалася ў невялікім памяшканьні. Прэзэнтацыя двухтомніка твораў паэткі, чытаньне вершаў, сьпевы адбыліся вымушана на прыступках. Паэт Анатоль Вярцінскі назваў прысутных пілігрымамі, якія прыяжджаюць пакланіцца памяці Ларысы Геніюш.

Людзі, якія прыехалі ў Зэльву, наведалі магілу паэткі. Пра тое, як яе хавалі ў далёкім 1983-м, успамінаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. На могілкі прыехаў лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Пры канцы дня ля зэльвенскага вадасховішча адбылася вечарына паэзіі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)