Общество

34mag.net, фота flejtmotiv

Купалаўскаму тэатру – 100 год. Вольных не звольніць

Сезон у Купалаўскім мусіў пачацца іначай, прычым – з гучнага камбэка. Але, але. Новапрызначаная адміністрацыя тэатра падпісала 58 заяў на звальненне – заяў тых, хто сышлі за Паўлам Латушкам, якога пазбавілі пасады дырэктара з-за нязгоды з дзяржапаратам.

Годны па-грамадзянску, прафесійна, па-чалавечы, Купалаўскі стаў для нас узорам і салідарнасці. З любоўю і падзякай да тэатра прыгадваем гістарычныя хайлайты, узнаўляем хроніку пратэсту і гутарым з купалаўцамі пра пошукі будучыні. Верым, што гэта толькі антракт.

Вартасць Купалаўскага тэатра сканцэнтраваная ў складніках яго азначэнняў – нацыянальны, акадэмічны, носіць імя паэта Янкі Купалы, – але значна перасягае гэты шэраг. Без уліку апошніх падзей, цягам стагоддзя свайго існавання ён сабраў за плячыма колішнія амплуа губернскага тэатра, падмосткаў таварыства драмы і камедыі, тэатра ў эвакуацыі падчас Другой сусветнай, лаўрэата шматлікіх прэмій.

Шэсць фактаў пра найстарэйшы тэатр краіны

Купалаўскаму тэатру – 100 год.

Купалаўскі – амаль равеснік беларускай дзяржаўнасці, культуры «маладой Беларусі». Адначасова ён нязменны сучаснік беларуса: нас з табой, нашых бацькоў, іх бацькоў і далей. Размаіты ад пачатку, як сама краіна, як праграма адкрыцця першага тэатральнага сезона (1920 год) са спектаклямі паводле твораў Ажэшкі, Шолам-Алейхема і Чэхава ў выкананні беларускай, яўрэйскай і расійскай труп.

Фасад Купалаўскага ў цяперашнім абліччы бачылі яшчэ ўдзельнікі Першага Усебеларускага з’езду 1917 года.

Адвечны будынак тэатра таксама мае ўласную гісторыю, якая вядзе адлік ад 1890 года. Да стварэння Купалаўскага тэатра ў будынку на рагу Аляксандраўскага сквера месціўся Менскі гарадскі тэатр. У «Памятнай кніжцы Менскай губерніі на 1910 г.» будынак апісваўся як «лепшы ў горадзе па прыгажосці і вытанчанасці». Цяперашняе аблічча Купалаўскага аднаўляе гістарычны антураж, у якім удзельнікі Першага Усебеларускага з’езду (1917 год) абвясцілі права беларусаў на незалежнасць, самавызначэнне і стварэнне дэмакратычнага ўраду.

 У 2007 годзе на гэтай сцэне ў апошні раз з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.

101-ы тэатральны сезон меўся вярнуць у бягучы рэпертуар тэатра «Тутэйшых» – адну з найбольш знакавых пастановак паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы (рэжысёр – Мікалай Пінігін). Адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1992-м, спектакль на паўтара года забаранілі пасля рэферэндуму ў 1995-м, па выніках якога дзяржаўным сцягам Беларусі стаў чырвона-зялёны. У ліпені 2002 года «Тутэйшых» паставілі зноў, але неўзабаве п’еса з афіш знікла.

У 2007-м, да 125-годдзя Янкі Купалы, п’есу паказалі, быццам у апошні раз. А ў траўні 2010-га абвясцілі, што «Тутэйшыя» адпраўляюцца ў архіў «зусім і назаўсёды». Афіцыйна: з нагоды састарэлых дэкарацый. На думку многіх гледачоў, сапраўдная прычына ў тым, што напрыканцы спектакля на сцэне з’яўляўся бел-чырвона-белы сцяг.

Прэм’ерны паказ адноўленага яханта праграмы, які быў запланаваны на чэрвень 2020-га, перанесла пандэмія. Тэатралы чакалі камбэка 23 верасня, але не дачакаліся. Калі ж узгадаць сёлетнія прыгоды карцін з галерэі «Арт-Беларусь», падаецца горка іранічным, што ў новым сезоне разам з «Тутэйшымі» нас чакала прэм’ера пластычнага спектакля «En souvenir de Шагал».

Купалаўскі шануе традыцыі. І стварае новыя.

Гісторыя Купалаўскага – гісторыя купалаўцаў. Сцвярджаюць гэта і дасюль гучнае імя Стэфаніі Станюты, і афішы Уладзіміра Цэслера, і сапраўдная рэжысёрская школа Мікалая Пінігіна – бо і «Ураджай» (рэж. Дзмітрый Цішко), і «Шляхціца Завальню» (рэж. Алена Ганум) ставілі ягоныя вучні. Апроч таго, акадэмічны тэатр прыхільны да новых формаў і скарыстоўвае іх на поўную. Так, падчас 100-га, юбілейнага сезона з’явіўся «Купалаўскі часопіс», жывыя трансляцыі «Купалаўскі online» і «Купалаўскі дома», праекты «Паўлінка на Купалле», «Чытаць я хацеў!».

Рэпертуар тэатра – анталогія беларускай драматургіі.

Калі на пачатку мінулага стагоддзя п’есы Купалы інсцэнізавала беларускае драматычнае таварыства, хіба мог сабе ўявіць драматург, што пакіне сваё імя яго нашчадкам? Кожны тэкст, што трапляе ў Купалаўскі, – вялікі гонар і вялікае выпрабаванне для аўтараў, для сучаснікаў і класікаў, для беларусаў і замежнікаў. Рэпертуар тэатра збірае бясконцую анталогію, дзе побач з Дуніным-Марцінкевічам, Дударавым, Макаёнкам з’яўляюцца Папова, Пражко, Кавалёў, Бахарэвіч і Горват.

Купалаўскі з’яўляецца нацыянальным культурным брэндам.

Сёння Купалаўскі і купалаўцы – і асалода для гледачоў, і крутая візітоўка. Рэч не ў гастролях у Лондане, Парыжы, Маскве, Вільні ды іншых гарадах свету. Але ў рэакцыі палешукоў на «Радзіва “Прудок”»: «Гэта ўсё пра мяне, гэтая бабуля – мая бабуля…» Рэч не ў тым, што цягам двух тыдняў гэтай вясной каля 65 000 чалавек глядзела online-паказы. Але ў тым, што злавіць сабе квіткі на спектаклі Купалаўскага была тая яшчэ задача.

Што здарылася сёлета? Пратэсная хроніка

13 жніўня. Калектыў Купалаўскага заяўляе, што паказ спектакляў часова прыпыняецца, і абвяшчае гатоўнасць да забастоўкі. У звароце, падпісаным прыблізна дзвюма сотнямі супрацоўнікаў, тэатр заклікае да пераліку галасоў прэзідэнтскіх выбараў. Ад сілавых структур Купалаўскі патрабуе спыніць гвалт адносна мірных грамадзян і парушэнне іх праў.

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)