Общество
Кастусь Лашкевіч, ”Труд”

Купала прадказаў таталітарызм і глабалізацыю

125 год таму, 7 ліпеня 1882-га года ў фальварку Вязынка на Віленшчыне нарадзіўся Ясь Луцэвіч, вядомы кожнаму беларусу як Янка Купала. Геній і паэт, пясьняр і прарок. Чалавек-легенда, цікавасьць да якога з цягам часу толькі павялічваецца. Як пясьняр успрымаў савецкую ўладу? Калі яго зламаў таталітарны рэжым? Ці ўсьведамляў Купала сваю геніяльнась і ці не зайдросьціў таленту іншых? Аб усім гэтым “Труд” гутарыць са знаўцам купалаўскай творчасьці, аўтарытэтным крытыкам і літаратарам, загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Пятром Васючэнкам.

— Бадай адзінае, што мы памятаем пра Купалу пасьля школы: народны паэт, які пісаў пра гаротны лёс мужыка-селяніна. Вы ж уключылі яго ў сваю кнігу "Великие писатели ХХ века" (Масква, 2002). Ці не перабольшаньне?

— У прадмове я дастаткова дакладна акрэсьліў крытэрыі вызначэньня вялікіх пісьменьнікаў: 1) значнае мастацкае адкрыцьцё, 2) маштабнасьць асобы і творчай біяграфіі, 3) стварэньне ўласнага сьвету — мастацкага хранатопу, які існуе незалежна ад аўтара і пераліваецца ў жыцьцё. Купала падыходзіць па ўсіх параметрах. Жыцьцё ён пражыў неардынарнае, няроўнае, трагічнае. Яго творчасьць валодае вялікай крэатыўнай

сілай. Па сутнасьці, сучасная Беларусь была сканструяваная яшчэ сто год назад творцамі-"нашаніўцамі". Яны малявалі яе аблічча, калі палітыкі не задумваліся ні пра аўтаномію, ні тым больш пра незалежнасьць.

Што да адвечных забабонаў пра сялянскасьць Купалы, гэта выключна савецкая інерцыя. Па-першае, Купала быў паходжаньнем шляхціц. Па-другое, сялянскай тэме прысьвечаны толькі першы ягоны паэтычны зборнік — “Жалейка” (1908). Ужо наступны твор — драматычная паэма “Адвечная песьня” — памяшчае вобраз мужыка ва ўсяленскі хранатоп. Адтуль пачынаецца роздум Купалы пра лёс чалавека на зямлі, пра лёс краіны, нацыі, сусьвету.

— У 1919 годзе Купала заклікаў да стварэньня “вольнай, незалежнай Беларускай дзяржавы”. У 1922-м пісаў адкрыта антыбальшавіцкія вершы. А ужо ў 1925-м дзякаваў “роднай савецкай уладзе” за званьне народнага паэта. Калі ж адбыўся пералом Купалы?

— Купала знайшоў паразуменьне з саветамі на ніве культурнага будаўніцтва, беларусізацыі, якая актыўна праводзілася ў 1920-я гады. Вось за гэта ён і дзякаваў.

Сапраўдны ж пералом адбыўся ў 1930-м годзе, паваротным для ўсёй Беларусі. Бясконцыя допыты ў справе міфічнага “контррэвалюцыйнага Саюза вызваленьня Беларусі” ледзь ня скончыліся для яго турмой, а, можа, і расстрэлам. Толькі дзякуючы зьбегу абставінаў і інтуіцыі, якая падказала адзінае выйсьце — спроба самагубства, або імітацыя спробы — ён ацалеў фізічна. Але ад духоўнага злому не ўратаваўся. Хутка зьявіўся пакаянны ліст у газету “Звязда”, у якім паэт адмовіўся ад “дробнабуржуазнага нацыяналістычнага мінулага”. Ад гэтага моманту пачынаецца адлік новага Купалы, які ўнутры сябе спрабуе знайсьці кампраміс, паміж тым, што ён піша, і тым, што думае.

— Ці знайшоў ён такі кампраміс?

— Ёсьць фрагментарныя зьвесткі пра размовы з самымі блізкімі людзьмі, у якіх Купала па-ранейшаму асуджаў сталінскі рэжым і асабліва Сталіна за правальны пачатак вайны, за палітычныя памылкі, вынікам якіх стала нямецкая акупацыя Беларусі. Але большасьць думак ён хавае пры сабе. Толькі паміж радкамі сёе-тое можна прачытаць. Гэтак у сервільным вершы “Хлопчык і лётчык” (1935) Купала вуснамі хлопчыка выказвае жаданьне паляцець далёка-далёка, дзе “іншы парадак і лад”. І тут паўстае вобраз самога Купалы, якога нібы хлопчыка водзяць у патрэбныя калгасы, на Беламорканал і кажуць: “Гэта, Янка, пішы, гэта — не”. Вялікі паэт ня мог цярпець такога ўціску і ўнутрана супраціўляўся. Бачна гэта і паміж радкоў, і ў яго маўчаньні. Творы, напісаныя ў 1930-х, ня столькі класіка Купалы, а аб’ект для вывучэньня: што можа стацца з творцам, калі яго пяро ўступае ў супярэчлівасьць з сумленьнем.

— 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве, куды Купалу запрасілі на свьвяткаваньне 60-гадовага юбілею, пясьняр упаў з 10 паверха ў лесьвічны пралёт гатэля "Масква". Дагэтуль невядома, ці быў гэта няшчасны выпадак, самагубства, альбо спланаванае органамі забойства. Вы да якой версіі схіляецеся?

— Ёсьць яшчэ адна фантастычныя версія, паводле якой у “Маскву” прабраўся нямецкі агент і нібы адпомсьціў Купалу за прамову на Славянскім зьезьдзе і ягоныя патрыятычныя вершы… Мяркую, што памёр паэт не па сваёй волі. Паколькі першая спроба разьвітацца з жыцьцём выйшла няўдалай, ён быў ня здатны на самагубства. Купала хацеў жыць, каб дачакацца лепшых часоў, калі можна будзе пісаць і гаварыць тое, што думаеш, каб пабачыць вызваленую радзіму.

— Людскія ўспаміны малююць вельмі неадназначны партрэт Івана Дамінікавіча. На думку адных — добры, спагадлівы, улюбёнец моладзі. Другія называюць яго ганарыстым шляхцюком, які здымаў капялюш толькі перад роўнымі ці вышэйшымі за яго па статусе…

— Успаміны, асабістыя ўражаньні — вельмі суб’ектыўная рэч. Ведаю адно: у Купалы былі знаёмыя, з якімі ён любіў гаварыць, і тыя, з кім не любіў. Незалежна ад іх рангу. У 1920 гады ён прыгрэў каля сябе цэлую плойму маладых літаратараў — “узвышэнцаў” і “маладнякоўцаў”. Карміў бедных студэнтаў, гладзіў іх па галоўцы, называў пяшчотнымі імёнамі. Калі ж у госьці прыходзіў які наркам, гаспадар мог схавацца ў сваім пакоі і прыкінуцца п’яным.

Натуральна, Купала пачуваўся шляхціцам, заўсёды модна, з густам апранаўся, паводзіў сябе арыстакратычна, што не азначае грэблівасьці да селяніна. Часам быў і гульлівы, мог фрывольную прыпеўку прасьпяваць у сяброўскай размове…

— Ці была ў Купалы зайздрасьць да чужога таленту?

— Зайздрасьць Ясеніна ці Маякоўскага, якія спаборнічалі між сабою і зайздросьцілі таленту Пушкіна, у Купалы я не заўважаю. Мабыць таму, што не было, каму зайздросьціць. У беларускай літаратуры яго лічылі першым, і ён цудоўна гэта ўсьведамляў. Пры гэтым казаў свайму любімаму вучню Уладзіміру Дубоўку: “Ты мой Пушкін, я твой Дзяржавін”. За нашаніўскім часам душа ў душу працаваў са Зьмітраком Бядулем. Менавіта Купала адкрыў талент Максіма Багдановіча…

Купала спрабаваў прыраўняць свой талент да расейскіх пісьменьнікаў Срэбнага веку, а сваімі настаўнікамі досыць спакойна называў Шэксьпіра, Сервантэса, Шылера, Гётэ, Лермантава.

— Чым жа можа зацікавіць Купала ў ХХІ стагоддзі? Навошта перакладаць яго на 100 моваў?

— Сваімі адкрыцьцямі. Так ягоны герой Мікіта Зносак у “Тутэйшых” кажа, што некалі можа быць адзіная мова ад Аўстраліі да Амерыкі. Які ж лёс чакае мовы малых народаў, як гэтыя народы будуць жыць ва ўмовах глабалізацыі? Пра гэта Купала думаў ужо тады. Ён працягваў дасьледаваць створаны Ніцшэ вобраз звышчалавека і ў паэме “Магіла ільва” паказаў ягоны заняпад, а таксама наступствы разрыву паміж магчымасьцямі і маральнасьцю чалавека. У пэўным сэнсе ён прадказваў зьяўленьне таталітарных рэжымаў. Як драматург Купала прадбачыў адкрыцьці пісьменьнікаў-абсурдыстаў. Як філосаф быў блізкі да экзістэнцыялізму, разьвіваў адкрытую Шэксьпірам тэму сусьветнага разладу, убачыўшы трагічны разрыў паміж творцам і народнымі масамі. Купала часта пакутаваў ад разуменьня, што далёка не заўсёды паэт можа павесьці за сабою грамаду, а грамада часам ня хоча слухаць адзінокіх паэтаў.

10 ФАКТАЎ, якія вы маглі ня ведаць пра КУПАЛУ

1. Бацькі Купалы — Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Іванаўна Валасевіч — паходзілі з дробнай чыншавай шляхты. Пры хрышчэньні ў Радашковіцкім касьцёле Івана Луцэвіча запісалі дваранінам, але пазней паводле афіцыйных дакументаў ён належаў да мяшчан.

2. У юнацтве вялікі ўплыў на Яся зрабіў сусед Луцэвічаў — удзельнік паўстаньня Каліноўскага З. Чаховіч, які валодаў багатай бібліятэкі нелегальнай літаратуры.

3. У 1922 годзе Купала спрабуе стварыць літаратурную суполку "Вір". Калі ГПУ пачало праверку будучых сябраў суполкі, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, а сам Купала быў названы "беларускім пісьменьнікам-шавіністам".

4. Падчас візіту ў Чэхаславаччыну ў 1927 г. прадстаўнік эміграцыйнага ўраду БНР патаемна прапанаваў Купалу палітычны прытулак у Чэхіі. Паэт адмовіўся, спаслаўшыся на радню ў Беларусі.

5. Паводле падлікаў эміграцыйнага літаратуразнаўца Станіслава Станкевіча, у 1930-40-х цэнзура “зарэзала” больш за сто купалаўскіх твораў.

6. Вуліца Купалы магла зьявіцца ў Мінску яшчэ да вайны, аднак “абаронца і заступнік” песьняра Панцеляймон Панамарэнка выкрасьліў “прапанову працоўных” з партыйнай пастановы.

7. Маці паэта Бянігна Іванаўна памерла ў акупаваным Мінску 30 чэрвеня 1942, праз два дні пасьля трагічнай сьмерці сына ў Маскве.

8.2 лiпеня 1942 года была прынятая пастанова аб прысваеньнi Белдзяржунiверсiтэту iмя Янкi Купалы. Пастанова так і не была ажыцьцёўленая, хоць дасюль і не адмянялася.

9. У 1982 г. увесь наклад зборніка "А хто там ідзе?" з перакладамі верша на мовы сьвету быў зьнішчаны толькі таму, што расейскі пераклад зьмясьцілі не наперадзе, а ў алфавітным парадку.

10. Творы Купалы перакладзены на 117 моваў сьвету. Адзін толькі верш “А хто там ідзе?” гучаў на ста мовах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)