Ксёндз Уладыслаў Завальнюк абвясьціў галадоўку
17 траўня пасьля вечаровай імшы ў Чырвоным касьцёле ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк абвясьціў прыхаджанам аб галадоўцы на знак нязгоды з прэм’ераю фільму «Код да Вінчы».
Пракатчыкі ж спасылаліся на абавязкі перад гледачамі і казалі, што забаронены плод салодкі: «Прынамсі тыдзень фільм будзе ісьці».
— Прынамсі тыдзень я буду трымаць чысты пост, — адказаў на гэта ксёндз-пробашч.
Ён параўнаў прэм’еру карціны, пастаўленай па скандальнай кнізе Дэна Браўна, з блюзьнерствамі атэістычных часоў. «Калі нас, хрысьціянаў, ня слухаюць, то можа з Чырвонага касьцёлу зноў зрабіць Дом кіно?»
Шчэ 13-ага й 14 траўня ў касьцёле прайшлі лекцыі прафэсара Міхала Цяўлоўскага пра кнігу «Код да Вінчы». А Ўладыслаў Завальнюк адправіў ліст аўтару кнігі, дзе заклікаў да пакаяньня. У дэтэктыўным трымценьніку Дэн Браўн абвінавачвае царкву ў змове схаваць нашчадкаў Хрыста й Марыі Магдалены і называе сэкс сапраўдным кодам Эўхарыстыі.
«Калі вашых бацькоў абражаюць і прыдумляюць пра іх невядома што, то вы можаце зьвярнуцца ў суд. А тут абраза самага сьвятога — Хрыста,» — тлумачыць Уладыслаў Завальнюк абвешчаную галадоўку.
Читайте еще
Избранное