Кшыштаф Земец: Прыйдзе час і вашага свята
Некалькі дзесяцігоддзяў таму палякі таксама былі пазбаўленыя вольнага слова, але мы ператрывалі, нам хапіла сіл – зазначыў удзельнік нашай акцыі «Скажы слова падтрымкі для журналістаў у Беларусі» вядучы Польскага тэлебачання Кшыштаф Земец.
– Любыя браты беларусы! Дваццаць, трыццаць, сорак гадоў таму мы, палякі, знаходзіліся ў падобнай да вашай сітуацыі: у нас закрывалі газеты, не дазвалялі свабоды слова, голасна казаць пра тое, што думаеш, пісаць, запісваць на відэа… Але мы вытрывалі, далі рады, знайшлі ў сабе сілы, каб перажыць тыя горшыя часы, а калі сітуацыя змянілася, каб стаць вартаўнікамі свабоды слова і паказваць усім: як выглядае рэчаіснасць, які свет насамрэч. Я спадзяюся, што ў вас таксама хопіць сіл і мужнасці, якія вы цяпер праяўляеце, хаця сёння гэта заканчваецца для вас арыштамі, турмамі, стратай працы. Але вы не губляеце таго, што ў чалавеку самае галоўнае – чалавечай годнасці, нацыянальнага гонару і патрыятызму, якія ў вас ёсць, а гэта самыя каштоўныя рэчы.

Прыйдзе час і вашага свята і вы будзеце ганарыцца тым, што цяпер праявілі такую вялікую мужнасць. Трымайцеся – мы з вамі. і мы глядзім на вас бо свабода Беларусі азначае таксама свабоду Польшчы. Сіла Беларусі гэта таксама сіла Польшчы – мы едзем, як кажуць, “у адным возе.” У нас ёсць супольныя справы, і асабліва справа вашай і нашай годнасці. Усяго вам найлепшага: здароў’я і вытрымкі!
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное