Политика
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

КС не выкарыстоўвае тыя паўнамоцтвы, што ёсць

Былы старшыня Канстытуцыйнага суда Валеры Ціхіня расказаў "Еўрарадыё", ці могуць мяняцца месцамі следчы Генпракуратуры і суддзя Канстытуцыйнага суда, чаму пашырэнне паўнамоцтваў КС падаецца яму парадаксальным і ці трэба дазволіць грамадзянам наўпрост звяртацца ў Канстытуцыйны суд.

— Сёння шмат гавораць пра ідэю прэзідэнта наконт пашырэння паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда. Ён прапануе далучыць суддзяў да распрацоўкі і экспертызы прававых актаў. Ужо і старшыні Вярхоўнага і Гаспадарчага судоў паспелі выказацца ў падтрымку гэтай прапановы…

— Я ў курсе гэтага. І ў інтэрнэце чытаў каментары наконт гэтай прапановы.

Якое ваша меркаванне: каб такое пашырэнне стала магчымым з пункту гледжання нормаў Канстытуцыі неабходна мяняць увесь Асноўны закон краіны, праводзіць рэферэндум па змене аднаго 116 артыкула ці дастаткова будзе прыняць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў папраўкі ў “Кодэкс судаўладкавання і статусу суддзяў”?

— Я ведаю адказ на гэтае пытанне, але казаць вам яго я зараз не буду, выбачайце. Таму, што ізноўку скажуць, што Ціхіня спрабуе ўнесці свае, умоўна кажучы, дзве капейкі ў абмеркаванне гэтага пытання. Таму лепш я не буду ўвогуле адказваць.

— А што вы думаеце наконт самой прапановы пашырэння паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда? Гэта яму патрэбна ўвогуле?

— Дык ён не выкарыстоўвае сёння ўсіх сваіх, прадастаўленых яму Канстытуцыяй паўнамоцтваў! У першую чаргу неабходна выкарыстоўваць каэфіцыент карыснага дзеяння гэтага суда на поўную магутнасць. Перш чым казаць пра пашырэнне яго паўнамоцтваў. Ён тое, што ёсць, не выкарыстоўвае. Таму для мяне гэта выглядае парадаксальным — ідзе гаворка пра пашырэнне паўнамоцтваў у той час, калі ён не выкарыстоўвае прадастаўленыя яму паўнамоцтвы. Вось што дзіўна!

— Не маглі б вы больш канкрэтна сказаць: што ён можа рабіць, але не робіць?

— Не, канкрэтызаваць я ўжо не буду.

— Ваш былы калега па працы ў Канстытуцыйным судзе Валеры Фадзееў прапануе дазволіць грамадзянам наўпрост звяртацца ў КС, а не праз тыя шэсць суб’ектаў, якія маюць на гэта права. На ваш погляд, можа, і праўда гэта трэба зрабіць, калі гэтыя суб’екты звяртацца ў КС не спяшаюцца?

— Большасць замежных судоў прадастаўляе сваіх грамадзянам такое права, і заканадаўства гэта дазваляе. Нічога кардынальна новага ў гэтым няма. Але сама прапанова вельмі цікавая.

— Вельмі часта ў апошні час мы бачым, што новыя законы прымаюць з дастаткова вялікімі прававымі дзіркамі. Потым іх даводзіцца латаць. На вашу думку, ці павінны новыя законы перад сваім прыняццем праходзіць экспертызу ў Канстытуцыйным судзе?

— Яна абавязкова павінна праводзіцца, але толькі не Канстытуцыйным судом. Таму што ён будзе звязаны па руках і нагах. Уявіце сабе, сёння я паставіў візу на нейкі законапраект, унёс свае заўвагі, прапановы, законатворцы гэта ўлічылі, а заўтра, ужо пасля яго прыняцця, ён прыходзіць ад аднаго з ініцыятараў на разгляд суда? А я, выбачайце, сваё меркаванне ўжо выказаў. Я ў свой час даваў заўвагі і прапановы. І як я магу даваць экспертызу ўжо на ўзроўні Канстытуцыйнага суда? Мне падаецца, надзяляць Канстытуцыйны суд такімі паўнамоцтвамі наўрад ці трэба.

— Днямі прэзідэнт памяняў месцамі генпракурора і старшыню Канстытуцыйнага суда. Скажыце, ці сапраўды ў працы суддзі Канстытуцыйнага суда і следчага Генпракуратуры столькі агульнага, што яны спакойна могуць узаемазамяняць адзін аднаго на працоўным месцы?

— Мы ж гаворым пра зусім розныя іпастасі. Следчы генпракуратуры і Канстытуцыйны суд — у іх розныя прызначэнні. Гэта зусім рознае праца і розныя функцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)