Скандалы

Арцём Гарбацэвіч, Наша Нiва

Крыніцы: Уласніку гандлёвай сеткі Green налічылі $5 мільёнаў за выхад з СІЗА

Буйны прадпрымальнік, сузаснавальнік фірмы «Рапа» Генадзь Кірэйкаў быў затрыманы ў пачатку лютага.

Генадзь Кірэйкаў, фота Вольгі Шукайла, TUT.BY

Па чутках, якія гуляюць у бізнэс-колах, рэальнай прычынай затрымання Кірэйкава і наступных пагроз і санкцый у дачыненні да кампаніі стала пазіцыя асобных менеджараў сеткі Green, якія прымалі актыўны ўдзел ў пратэстах супраць беззаконня і фальсіфікацыі выбараў.

Ці магло быць такое, што кампанія сапраўды адмовілася браць на рэалізацыю тавары асобных дзяржаўных вытворцаў? Некаторыя суразмоўцы «Нашай Нівы» дапускаюць такую імавернасць, але задаюцца пытаннем, у чым тут можа быць крымінал.

Як цяпер справы ў Green? Невядома ні пра адну краму, якая б закрылася. Абазнаныя нават кажуць, што сетка мае планы па пашырэнні.

А вось самому Генадзю Кірэйкаву, як кажуць блізкія, ужо назвалі «суму за выхад», яе пачалі збіраць.

«Гэта звычайная практыка, калі бізнэсмену агучваюць суму «выкупу». Могуць на паперчыне напісаць, могуць афіцыйна налічыць для «кампенсацыі шкоды» ў рамках Крымінальнага кодэкса. Амаль любому буйному бізнэсмену можна нешта «налічыць», усе жывуць у Беларусі, разумеючы, што такі дзень некалі можа настаць», — тлумачаць крыніцы з бізнэс-асяродкаў.

У выпадку Кірэйкава называюць суму пяць мільёнаў даляраў.

Тым не менш затрыманне бізнэсоўца ўжо ўдарыла па будоўлі гандлёва-забаўляльнага комплекса на месцы Чэрвеньскага рынку.

Наколькі нам вядома, у сувязі з затрыманнем галоўнага акцыянера будоўля пачала губляць абароты. Фатограф «Нашай Нівы» заспеў рабочых, але іх былі адзінкі.

Фота Надзеі Бужан, Наша ніва

Будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага комплекса мелася пачацца яшчэ ў 2013-м, калі дробных камерсантаў выгналі з пляцоўкі.

Але некалькі ўладальнікаў зямлі адзін за адным яе пазбаўляліся, не праяўляючы імпэту ў будаўніцтве. Пакуль у 2019-м «Рапа» і браты Кімы не выкупілі кампанію з правам будаўніцтва.

Гандлёва-забаўляльны комплекс мае з'явіцца ўжо ў 2023-м.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(18)