Лица

"Крамбамбуля" рыхтуе свята адпачынку па-чарнагорску

Гурт "Крамбамбуля" заўжды прыемна вылучаўся крэатыўным падыходам да сваіх сцэнічных шоў. Не стане выключеннем сольны канцэрт з праграмай "Хвалі пазітыву", які адбудзецца 21 мая ў КЗ "Мінск". На ім музыкі будуць святкаваць... дзень незалежнасці Чарнагорыі!

Чаму? Па-першае, гэта афіцыйнае свята Чарнагорыі, таму што 21 мая 2006 году адбыўся рэферэндум, па выніках якога былая югаслаўская рэспубліка стала незалежнай дзяржавай. Але галоўнае ў іншым – жыхары менавіта гэтай краіны маюць, напэўна, самае ўзнёслае ў свеце стаўленне да адпачынку. На гэтую тэму ёсць нават 10 запаветаў сапраўднага чарнагорца*, першы з якіх сцвярджае: "Чалавек нараджаецца стомленым і жыве для таго, каб адпачываць".

"Вельмі сімвалічна, што канцэрт нашай брыгады музычнага пазітыву прыпаў на свята менавіта гэтай краіны, вельмі блізкай да "Крамбамбулі" па сваей ментальнасці і ідэалогіі. Таму мы вырашылі яго як след адзначыць", – тлумачыць лідэр гурта Лявон Вольскі.

Як заўжды "Крамбамбуля" збіраецца прыемна здзівіць гледачоў. Чарнагорыя – вядомы марскі курорт, таму падчас канцэрту сцэна КЗ "Мінск" ператварыцца ў сапраўдны пляж з адпаведнай атмасферай і шэрагам прыемных сюрпрызаў. Нагадаем, што ў праграме возьмуць удзел Святлана Зелянкоўская, Ганна Хітрык, Вольга Самусік і іншыя артысты, якія заспяваюць з "Крамбамбуляй" ужо вядомыя і новыя дуэты.

Цікава, што на гэта вялікае свята музыкі гурта жадалі нават запрасіць афіцыйных прадстаўнікоў Чарнагорыі, але высветлілася, што ў Беларусі гэта маладая краіна пакуль што не мае ні амбасады, ні консульства. "Пасля нашага канцэрту адразу з’явіцца!" – упэўнены Лявон.

Між тым ужо ў чацьвер пачнецца тур "Крамбамбулі" па Беларусі. 15 мая гурт зайграе ў Гомелі (ГЦК), 16 мая ў Магілёве ("Ліга"), 22 мая ў Гродна (КЗ Філармоніі), 23 мая ў Брэсце (ДК Прафсаюзаў).

21 мая ў КЗ "Мінск" гурт “Крамбамбуля” з праграмай “Хвалі пазітыву”. Таксама ўдзельнічаюць С.Зелянкоўская, Г.Хітрык, В.Самусік і інш. Пачатак 19.00. Квіткі 15-37 тыс. Даведка: VELCOM (29) 655 55 96, МТС (33) 655 55 96

*10 запаветаў сапраўднага чарнагорца

1. Чалавек нараджаецца стомленым і жыве для таго, каб адпачываць.

2. Шануй свой ложак, як самаго сябе.

3. Адпачывай удзень, каб спаць уначы.

4. Не працуй – праца забівае.

5. Калі бачыш кагосьці, хто адпачывае, – дапамажы яму.

6. Не рабі сёння тое, што можна зрабіць заўтра.

7. Рабі меньш, чым здольны. Што можна, даручы іншаму.

8. Ад адпачынку яшчэ ніхто не памёр.

9. Праца прыносіць хваробы – не памры маладым.

10. Калі захочаш працаваць – сядзь, пачакай. Пабачыш – гэта пройдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)