Лица
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Крамбамбуля, Руся, Кулінковіч і Палац пададуць заяўкі на Еўрабачанне

Музыкі з дапамогай журналістаў Еўрарадыё пачалі рыхтаваць неабходныя паперы для падачы заяў на “Еўрафэст”.

Адзінымі, хто ўсур’ёз задумваўся над магчымасцю падачы заявы на “Еўрафэст”, былі Лявон Вольскі са сваім гуртом “Крамбамбуля” і Руся з “Індыгай”. Спачатку Лявон адмовіўся ад гэтай ідэі, але Еўрарадыё змагло яго пераканаць і схіліць да ўдзелу.

Лявон Вольскі: “Мы абдумвалі гэты варыянт, шчыра кажучы, з “Крамбамбуляй”. І падумалі, што не варта. Тым больш, што я сольна напісаў песню пра Еўрабачанне вельмі сатырычную. Я дапускаю, што можна падаць заяўку і паглядзець, як яны будуць выкручвацца з гэтай сітуацыі. Але не для нас гэта, не ў гэты год”.

На думку лідэра “Крамбамбулі”, збіраць усе неабходныя для падачы заявы паперы – не больш, як марнаванне часу. Сапраўды, акрамя звычайнай заявы на ўдзел прэтэндэнт на удзел у конкурсе павінен падаць анкету са сваімі данымі, ксеракопію пашпарта, гарантыі на выкананне аўтарскіх правоў на музыку і тэкст песні, тэкст вершаў песні на беларускай і англійскай мовах, фанаграму песні.

Еўрарадыё вырашыла ўзяць на сабе частку клопату і дапамагчы музыкам у афармленні ўсіх неабходных папер. Пры такой умове Лявон Вольскі пагадзіўся ўжо ў гэтым годзе ўзяць удзел у адборачным этапе “Еўрабачання” і падаць заяўку на “Еўрафэст”. Тым больш, што адзінай умовай для прадстаўленай на конкурс песні – яна не павінна выкарыстоўвацца ў тэлевізійным эфіры да адборачнага канцэрту. Пры сённяшняй увазе дзяржаўнага тэлебачання да “нефарматных” беларускамоўных калектываў гэтую ўмову выканаць не складана.

Лідэр “Палаца” Алег Хаменка таксама не адмовіўся ад прапановы Еўрарадыё сумесна падрыхтаваць заяву на “Еўрафэст” і паабяцаў выбраць такую песню, каб адразу была бачна яе перавага над усімі “фарматнымі” песнямі.

Алег Хаменка: “Песня павінна быць лепш, чым астатні шлак. Хочацца падаць не проста, каб нешта падаць. А каб яны там пабачылі, што гэта можа сапраўды быць сур’ёзнай заяўкай. І таму песні павінны быць на галаву вышэй тых, што яны прапануюць на гэтым “Еўрафэсце”.

Пагадзіўся з прапановай Еўрарадыё і лідэр гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч. Хоць і лічыць сваю музыку зусім не адпаведнай фармату “Еўрабачання”.

Аляксандр Кулінковіч: “Усё ж такі тыя ж “Лордзі”, былыя пераможцы “Еўрабачання”, гэта канкрэтная поп-музыка. Толькі з цяжкімі гітарамі. Запамінальная мелодыя і гэтак далей. У Дзюбеля няма такіх песень. Хаця… Чаму б і не! На здароўе, падпішуся”.

Саша Ракавец з гурта “IQ-48” адразу пачаў думаць, якую песню прапанаваць на конкурс.

Саша Ракавец: “Можна падаць заяўку, з задавальненнем. Праўда, не ведаю, якую песню. Са старых не хацелася б, а новыя мы толькі пачынаем запісваць. Хаця ёсць што выбраць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, гурт “Індыга” яшчэ летась збіраўся падаць заяву на ўдзел у адборачным этапе на “Еўрабачанне”. Толькі так і не сабраліся гэтага зрабіць. Сёлета рабіць гэтага не планавалі, але вырашылі падтрымаць ініцыятыву Еўрарадыё. На думку лідэра гурта Русі, гэта добрая нагода праверыць, ці сапраўды існуюць так званыя “чорныя спісы” для асобных беларускіх выканаўцаў і паслухаць меркаванне аб свёй творчасці мастадонтаў ад мастацтва.

Руся: “Мяне заўсёды цікавілі плёткі пра нейкія там “чорныя спісы”. Вось будзе выдатная магчымасць праверыць, ці ёсць яны. А крытыка з боку афіцыйных мастадонтаў мастацтва заўсёды вельмі карысная. Таму калі скажуць, што ў нас “нізкі мастацкі ўзровень”, няхай так і будзе”.

Прыём заявак на Еўрабачанне будзе працягнуты на 7 дзён

Як даведалася Еўрарадыё, прыём заявак будзе ладзіцца да 27 лістапада. Пра гэта мы дазналіся ад члена аргкамітэта па падрыхтоўцы да песеннага конкурсу Аляксандра Ціхановіча:

“Я думаю, што мы працягнем яшчэ на тыдзень прыём заявак. Таму што шмат хто мне тэлефануе, шмат хто не ўрубіўся, што 20-га апошні тэрмін”.

Па словах Аляксандра Ціхановіча, Дзіма Смольскі і Руслан Аляхно ўжо паспелі падаць заяўкі.

Прыходзіла шмат заявак і з-за мяжы. Напрыклад, з Германіі і з Нідэрландаў. Але такія заяўкі адразу “адфутбольваюцца”, бо гэта не адпавядае ўмовам конкурсу.

Нагадаем, што ў гэтым годзе ў пералік журы трапіла спявачка Ірына Дарафеева. Таксама адбіраць беларускага канкурсанта на “Еўрабачанне 2008” будзе і Леанід Шырын.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)