Коктейль
Анастасія Зелянкова

“Крамбамбуля” прывітала Пуціна (фотарэпартаж)

У клубе «Фартуна» адбыўся канцэрт культавага праекту “Крамбамбуля”. Хто з удзельнікаў учыніў на сцэне стрыптыз, як Кулінковіч дастаў гледачоў і што музыканты падрыхтавалі да візіту Пуціна — у рэпартажы “Салідарнасці”.

На выступленне “Крамбамбулі” сабралося некалькі соцень чалавек. Самым маладым фанаткам праекту было ад сілы гадоў пяць.

З выхадам музыкантаў стала зразумела, што ў гэты вечар будзе горача. Прынамсі, ім самім. Музыкі з’явіліся на сцэне ў мехавых рознакаляровых паўфутрах, эратычна накінутых на голыя торсы.

Не стаў агаляцца хіба што Лявон Вольскі. Аднак яго доўгае “пад далмацінца” футра, апранутае на чорную майку, было адзін ў адзін такое ж, як я нядаўна бачыла на узельніку фестываля эратычнага танца “Жар-птушка 2007”, што, безумоўна, абнадзейвала.

Пачаўшы са свайго хіта “Свята крамбамбулі”, музыканты без перадыху выканалі адразу тры песні.

— Мы вырашылі іх даць адным блокам — нібыта такая вось “Адзіная Расія”, — патлумачыў Вольскі. — Гэта наш унёсак напярэдадні прыезду расійскага прэзідэнта.

Дарэчы, “расійская тэма” ў гэты дзень гучала яшчэ неаднойчы.

Выканаўшы пару-тройку хітоў, у тым ліку і новую песню “Усё нармальна, мама” (“не такую, як у Грыбалёвай”), Вольскі пацікавіўся:

— Як настрой? — і, пачуўшы гучны вокліч у адказ, яшчэ больш абнадзеіў: — Гэта толькі ў першым аддзяленні ў нас песні г..няныя, потым нармальныя будуць.

Парадавалі музыканты сваіх аматарў і харэаграфічнымі ўменнямі. Выканаўшы бліскучы танец пад кампазіцыю “Кrambambula”, Вольскі, купаючыся ў апладысментах, не вытрымаў:

— Не, зараз трэба толькі танцаваць. А то спяваеш сабе спяваеш, надрываешся-надрываешся, а тут раз патанчыш — і такі поспех!

Падзівілі і астатнія музыканты. Не сыходзічы са сцэны, трубач, схаваўшыся хіба што за шэст для стрыптызу, спакойна паліў сабе, пакуль Вольскі спяваў чарговую песню.

Затое потым выдаў такое сола на трубе, што ўсе аж дзіву даліся (прыхільнікі здаровага ладу жыцця — нярвова паляць).

У другім аддзяленні канцэрту музыканты паўсталі ўжо ў вобразе “Піратаў Карыбскага мора”. Пазнаць Вольскага ў капелюшы і парыку з доўгімі валасамі было амаль немагчыма.

Тым больш дзіўным выглядаў лідэр “Нейра Дзюбеля” Аляксандр Кулінковіч, які выйшаў на сцэну ў джынсах і шэрай футболцы.

Гэта, аднак, не перашкодзіла музыканту хутка ўжыцца ў вобраз. І праз некалькі хвілін Кулінковіч ужо “каўбасіўся” з фанатамі на танцполе, сягануўшы да іх прама са сцэны.

Прыемна здзівіў у гэты вечар і барабаншчык. Ніхто і не заўважыў, як яшчэ нядаўна апрануты ў пірата хлопец ужо дэманстраваў голыя торс і ногі, якія гулліва высоўваліся з-пад ўдарнай устаноўкі.

Пра наяўнасць на барабаншчыку шортаў стала вядома толькі калі той устаў, каб развітацца.

Былі ў гэты вечар і расчараванні. “Крамбамбуля” вымушана была адмовіць гасцям з Украіны, якія папрасілі праспяваць песню “Суседзі”.

— Зараз мы не можам, — разводзіў рукамі Вольскі і абнадзейваў: — Вы прыходзьце да нас пасля перамогі дэмакратыі.

На заканчэнне, відаць, якраз да візіту расійскага прэзідэнта, музыканты праспявалі свой хіт “Госці”. Заля ў адзін голас цягнула: “Панаехала гасцей...”

Публіка яшчэ доўга не адпускала выканаўцаў, скандзіруючы “Крам-ба-бу-ля!”.

Ужо спакаваўшы інструмены і сышоўшы са сцэны, музыкі зноў вымушаны былі вярнуцца і яшчэ выканаць некалькі любімых усімі песень.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)