«Краіна, дзе пануе таталітарызм, ня мае ніякай будучыні»

Чэхія, Славаччына, Вугоршчына і Польшча працягваюць ціск на аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, паведамляе чэскае агенцтва ČTK.

Міністры замежных справаў гэтых чатырох краінаў – гэтак званая Вышэградзкая чацьвёрка – на сустрэчы ў Браціславе, у якой прыняў удзел і міністар замежных справаў Нямеччыны, заклікалі Лукашэнку вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць перасьлед апазыцыі. У супрацьлеглым выпадку Менску пагражаюць далейшыя санкцыі, адначае ČTK.

"Краіна, дзе пануе таталітарызм, ня мае ніякай будучыні. Мы далі ясна зразумець прэзыдэнту Лукашэнку – ніякая дыскусія зь ягоным рэжымам не бярэцца пад увагу, пакуль у турме будзе заставацца хоць адзін палітычны вязень", – заявіў перад журналістамі міністар замежных справаў Славаччыны Мікулаш Дзурында.

Міністры замежных справаў Вышэградзкай чацьвёркі і Нямеччыны ды Кэтрын Эштан, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, сёньня ўзялі ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі краін-удзельніц Усходняга партнэрства. Беларусь на гэтай сустрэчы прадстаўляў намесьнік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі. ČTK адзначае, што Варанецкі не зьявіўся на супольнай прэс-канфэрэнцыі, каб адказаць на словы крытыкі з боку іншых удзельнікаў сустрэчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)