Общество
Анастасія Зелянкова

«Кожная новая генерацыя людзей заўсёды перапісвае гісторыю»

Падчас прэзентацыі сваей новай кнігі «Краткий курс истории Беларуси» Анатоль Тарас расказаў, як праводзіць «тарасізацыю» вертыкалі ўлады, чаму не баіцца перапісваць гісторыю і як дзейнічае створаны ім год назад Інстытут.

Справаздача дзейнасці Інстытута беларускай гісторыі і культуры за мінулы год стала адной з тэм мерапрыемства.

— Усе тое, што абяцалі – зрабілі. А часам і больш, —запэўніў дырэктар інстытута Віктар Яўмененка. — За гэты год мы ўжо правялі тры канферэнцыі. Выдалі тры зборнікі па гэтых канферэнцыях. Працуе наш сайт. Мы ўвесь год ездзілі па рэгіенах, чыталі лекцыі. Ну і, канешне, адзін з асноўных нашых напрамкаў — выдавецкая дзейнасць.

Паводле гісторыка Анатоля Тараса, было зроблена нават тое, чаго не планавалі — у прыватнасці, створана Таварыства аматраў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага.

Таксама бліжэйшым часам 23 лістапада плануецца канферэнцыя “Трансфармацыя ментальнасці Беларусаў у 21 стагоддзі”. У снежні будзе праведзена другая канферэнцыя па паўстанні 1861 года, па Кастусю Каліноўскім.

Распавядаючы пра сваю новую кнігу «Краткий курс истории Беларуси» Анатоль Тарас запэўніў, што не баіцца перапісваць гісторыю.

—Здавалася б, што ж новага можа быць у гістарыяграфіі, калі ўсе факты адны і тыя ж? Сапраўды, факты тыя ж, мяняецца інтэрпрэтацыя. Усе вы чулі такія словы: мы не дазволім перапісваць гісторыю! Па-першае, гэта глупства, па-другое —хлусня. Бо кожная новая генерацыя людзей кожны раз перапісвае гісторыю. Нават нашы дзеці глядзяць на сучасныя падзеі, не так, як мы. За гэты час у нашай краіне адбылася ціхая рэвалюцыя. Сацыялізм сышоў. Не ведаю, як назваць сенняшні лад, але дакладна ен не сацыялістычны. Дык як жа не можа быць новага погляду? Няўжо мы сення будзем глядзець на падзеі нашай гісторыі з пункту гледжання Масквы. Або з пункту гледжання камуністычнай ідэалогіі?

Паводле гісторыка, у сваей кнізе ен аспрэчвае шматлікія выдумкі “пісак з суседніх краін, якія ганьбяць нашых продкаў і прымяншаюць іх веліч”.

— Як, напрыклад, гэтая хлусня пра Рагвалода і Рагнеду, якая ўвесь час паўтараецца і якую прыдумалі ў Ніжнім Ноўгарадзе праз 400 гадоў пасля з’яўлення “Аповесці” Нестара. Ганьбяць Усяслава Брачыслававіча, ганьбяць Міндоўга, прыніжаюць значэнне Грунвальдскай бітвы, Люблінскай уніі, Брэсцкай уніі. Мы не павінны гэтага дапусціць.

На думку Анатоля Тараса, пэўныя змены ўжо адбыліся ў галовах людзей.

— Нешта мяняецца. Нават мае ворагі ўжо пачалі пісаць, што адбываецца “тарасізацыя” вертыкалі ўлады. Кажуць, што многя думкі і погляды, якія выказваю я ў сваіх кнігах, бяруць некаторыя нашы службоўцы. Канешне, да поўнай “тарасізацыі” вертыкалі ўлады яшчэ вельмі далека, але нейкі рух у гэтым напрамку адбываецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)