Общество
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Косінец сустрэўся з галоўным рэдактарам сайту «Ежедневник»

Падставай стала інфармацыя пра карупцыю, агучаная Сяргеем Сацуком падчас апошняй прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

30 студзеня кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Косінец сустрэўся з галоўным рэдактарам і дырэктарам сайту «Ежедневник» Сяргеем Сацуком.

Падставай стала інфармацыя пра карупцыю, агучаная падчас апо

шняй прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Сяргей Сацук сказаў, што пасьля прэс-канфэрэнцыі Косінец прызначыў яму час сустрэчы.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Сацук сказаў, што пасьля сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта атрымліваць інфармацыю пра факты карупцыі журналістам будзе яшчэ больш складана.

«Напачатку сустрэчы Косінец сказаў, што я, маўляў, зрабіў гучную заяву на прэс-канфэрэнцыі, і папрасіў даць яму цяпер канкрэтныя факты пра карупцыю. Я зьдзівіўся, бо казаў пра мноства фактаў, якія сьведчаць пра тое, што ў краіне вядзецца не сыстэмная барацьба з карупцыяй, а сыстэма стварае цяплічныя ўмовы для карупцыянэраў. І факты — найперш гэта закон, які падмяняе рэальную барацьбу папяровай.

Я казаў пра практыку ў краіне, калі праваахоўныя органы дакладаюць пра прадухіленьне шкоды дзяржаве. Калі пачынаеш разьбірацца па такіх фактах, то ў бальшыні ніякай шкоды дзяржаве там і быць ня можа.

Цяпер зусім дастаткова праваахоўнікам дакласьці, што прадухілены ўрон, ня трэба ўстанаўліваць вінаватых, нікога караць, расьсьледаваць.

Усё вельмі проста: даў справаздачу пра прадухілены ўрон — і цудоўна. Гэтыя карупцыянэры і далей сядзяць на сваіх месцах: адзін тэндэр не змаглі расьпіліць, расьпіляць іншы. А праваахоўнікі далі справаздачу. Вось пра гэтыя факты я казаў.

І самы галоўны факт, які мяне абурыў, што прэсу зусім адрэзалі ад нейкага ўдзелу ў барацьбе з карупцыяй. Я факт прыводзіў, чаму сайт Сьледчага камітэту ў тры разы даражэйшы за сайт Мытнага камітэту. Замест адказу мы атрымалі ад іх простую адпіску. Таму я казаў пра ўмовы для карупцыі».

Як адрэагавалі ўдзельнікі сустрэчы на прапанову адмяніць інструкцыі пра ўзаемадзеяньне з СМІ?

«Яны адрэагавалі жорстка: „Як гэта журналіст будзе наўпрост са сьледчым мець зносіны міма прэс-службы? Сьледчы ня мае права раскрываць журналісту нейкія нюансы справы. Гэта парушэньне закону, такога сьледчага трэба звальняць“. А я кажу ім, што па законе сьледчы — гэта працэсуальна незалежная асоба, і толькі ён можа вызначыць, што можна раскрыць. А ў нас атрымліваецца, што ўзычэньне інфармацыі па нейкіх карупцыйных справах бяз санкцыі кіраўніцтва немагчымае.

Я даў Косінцу факты. Пра тое, што адносна нас праводзілася праверка цягам трох месяцаў. Усіх цягалі на допыты: мяне і нават рэклямны аддзел. Я не кажу пра тое, што стаялі на праслухоўваньні. Праверка праводзілася па маім артыкуле аб справе намесьніка генпракурора. Пра некаторыя факты справы чамусьці не хацелі казаць, а я іх высьветліў і напісаў. А яны прашарсьцілі ўсіх журналістаў. Чамусьці фільтруецца інфармацыя: пра адны справы можна гаварыць, а пра іншыя нельга. Вось пра гэта я казаў. А мы пішам так, як ёсьць, факты. І тут мы з Косінцам і Шаевым абсалютна не знайшлі паразуменьня. У іх жорсткая пазыцыя, што ўсё павінна быць праз прэс-службу, праз ухваленьне кіраўніцтвам. Сам сьледчы самастойна з СМІ працаваць ня можа».

Косінец распарадзіўся, каб Сацуку далі поўную інфармацыю пра кошт сайту Сьледчага камітэту, і абяцаў правесьці разьбіральніцтва па некаторых фактах. Таксама папрасіў выказаць заўвагі па праекце закону аб барацьбе з карупцыяй.

«Але пасьля сустрэчы няма надзеі, што яны прыслухаюцца да маіх заўвагаў», — сказаў Сяргей Сацук.

Як паведаміў журналістам намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Валеры Міцкевіч, адміністрацыя правярае інфармацыю пра карупцыю, пра якую казаў журналіст.

Паводле Міцкевіча, Сяргей Сацук не падаў канкрэтных фактаў карупцыйных злачынстваў і праяў ні ў вусным, ні ў пісьмовым выглядзе.

«Ён абяцаў даць інфармацыю, на падставе якой мы, вядома, будзем праводзіць адпаведную праверку ва ўстаноўленым законам парадку. Калі такая інфармацыя будзе. Што тычыцца прэтэнзій адносна забароны зносін з прэсай, то інфармацыя і сёньня даецца журналістам прэс-службай Сьледчага камітэту, гэтак жа, як і прэс-службамі іншых праваахоўных органаў. Што тычыцца перадачы інфармацыі наўпрост сьледчым, то ёсьць норма, якая проста забараняе выдаваць таямніцу сьледзтва», — адзначыў намесьнік кіраўніка адміністрацыі.

Паводле Міцкевіча, забаронаў на інфармацыю няма, але ёсьць законнае абмежаваньне. А за разгалошваньне інфармацыі прадугледжана крымінальная адказнасьць.

«Таму правільна, што забаранілі перадаваць па гэтым канале адпаведную інфармацыю», — цытуе БЕЛТА прадстаўніка адміністрацыі.

Падчас прэс-канфэрэнцыі Сяргей Сацук спытаўся, чаму пад выглядам барацьбы з карупцыяй ідзе стварэньне цяплічных умоў для карупцыянераў. Лукашэнка сказаў, што палітычная заява Сацука, можа, і правільная, але трэба казаць пра канкрэтныя факты. Таксама Сацук абурыўся, што ў рэдакцыю яго выданьня прыходзілі сьледчыя з праверкай, хаця ён не парушаў законаў, і папрасіў, каб міністры адказвалі на пытаньні журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)