Экономика
Сяргей Куркач, «Звязда»

Кошт арэнды сталічных кватэр пачаў знiжацца. Аднапакаёвая – да 250 долараў

Амаль штогод менавiта вясной на сталiчным рынку арэнды жылля назiраецца пэўнае знiжэнне актыўнасцi патэнцыяльных кватэранаймальнiкаў. Разам з тым, сёлетнi майскi "мёртвы" сезон характарызуецца, бадай, поўнай адсутнасцю зацiкаўленых у стандартным жыллi клiентаў, а з другога боку — масавай прапановай тыповых кватэр.

Падобная сiтуацыя з невялiкiм попытам назiралася i ў красавiку, але цэны трымалiся на ранейшым узроўнi, бо сярод уладальнiкаў кватэр i будучых кватарантаў iснавалi апасеннi, звязаныя з новымi ўмовамi аплаты рыэлтарскiх паслуг i ўвогуле функцыянавання агенцтваў нерухомасцi. Сёння новы алгарытм дзеяння такiх структур стаў цалкам празрысты i зразумелы. Адразу пасля майскiх святаў прапанова кватэр iстотна павялiчылася, а вось будучыя кватаранты сталi яшчэ больш пераборлiвымi.

Паводле iнфармацыi начальнiка аддзела арэнды жылля сталiчнага агенцтва "Час пiк" Сяргея Кадола, зараз у таблiцы прапаноў гэтай структуры iснуе каля 140 варыянтаў па здачы аднапакаёвых кватэр. Менавiта таму сярэднi цэннiк арэнды невялiкiх кватэр пачаў знiжацца. Сёння ў агенцтве "Час пiк" ажно 75 аднапакаёвых кватэр, якiя здаюцца па кошце да 250 долараў. Не вельмi багатыя клiенты зараз маюць магчымасць адшукаць стандартныя аднапакаёўкi ў Сухараве, Малiнаўцы, Шабанах i Заводскiм раёне за 200 долараў цi нават танней. Разам з тым, зараз на рынку арэнды ў сталiцы трывалы попыт на аднапакаёўкi палепшанай планiроўкi ў элiтных дамах або на якаснае жыллё ў цэнтры горада. Кошт арэнды такiх кватэр дасягае 400—600 долараў у месяц.

Самая вялiкая колькасць прапаноў прыпадае на двухпакаёвыя кватэры. Сёння па гэтым сегменце арэнды ў агенцтве "Час пiк" ужо больш за 200 варыянтаў. Самы распаўсюджаны цэннiк арэнды "двоек" вагаецца цяпер у межах ад 250 да 300 долараў. Патаннелi за апошнi месяц i трохпакаёвыя кватэры, арэнда якiх пачынаецца з 300 долараў плюс квартплата.

На сапраўды якасныя двухпакаёвыя i трохпакаёвыя кватэры ў цэнтры i спальных раёнах Мiнска iснуе свая спецыяльная цана. На ўнушальныя расцэнкi мэбляваных кватэр з сучаснымi бытавымi прыборамi ўплывае стабiльны попыт з боку замежных клiентаў. Кватэры коштам ад 700 да 2000 долараў здымаюць звычайна цяпер грамадзяне Iрана, Кiпра, Швецыi i Кiтая. Эксперты мiнскага рынку арэнды ўпэўнены, што сапраўды элiтнае i сучаснае жыллё з цягам часу будзе толькi даражэць.