Филин

Сяргей Васілеўскі

Коршунаў: Вайна выклікала рост даверу беларусаў да ўладаў. Гэта так званы эфект сцяга

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў — пра вынікі апытання, якое зафісавала змены грамадскай думкі.

Праект «Беларускі трэкер пераменаў», які аб’яднаў палітолагаў, эканамістаў і сацыёлагаў, сярод іншага апублікаваў вынікі даследвання зменаў грамадскай думкі, што адбыліся з кастрычніка 2021 года па май 2022-га.

Гаворка ідзе пра дынаміку даверу і недаверу да ўлады. Удзельнікі праекта прааналізавалі і супаставілі выніки двух анлайн-апытанняў гарадскога насельніцтва: у кастрычніку былі апытаныя 1500 рэспандэнтаў, у маі — 1024.

За сем месяцаў, што прайшлі паміж апытаннямі, сумарная доля тых, хто ў рознай ступені давярае ўладзе, вырасла на 10% — з 38 да 48%. Даследчыкі мяркуюць, што на гэта паўплывала вайна ва Украіне і пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, які нібыта не дазволіў уцягнуць Беларусь у канфлікт.

У праекце «Беларускі трэкер пераменаў» прымаў удзел старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў. Филин звярнуўся да яго па каментар.

Генадзь Коршунаў, фота journalby.com

— Наколькі нечаканымі для вас сталі вынікі даследвання, якія датычаць дынамікі даверу да ўладаў?

— Не тое, каб гэта быў вялікі сюрпрыз. І я пісаў, і другія эксперты казалі, што ў залежнасці ад таго, як будзе ісці гэтая вайна, магчымыя вельмі розныя ваганні грамадскай думкі.

Прыгадаем, што адбывалася ў мінулым годзе. Праз агульную стомленасць, расчараванне пашырылася акурат нейтральная частка грамадства.

Што адбылося з пачаткам вайны? Тут трэба бачыць некалькі фактараў. Першае — праца прапаганды. З аднаго боку тое, што кажуць у Расіі — нібыта яны змагаюцца з «бандэраўцамі», «фашыстамі». І гэта ўплывае на галовы людзей.

Другі момант — што кажа сам Лукашэнка, які выстаўляе сябе героем, які нібыта не даў уцягнуць Беларусь у вайну. Гэты момант таксама працуе, бо частка грамадства сапраўды верыць, што наша краіна ў вайну яшчэ не ўцягнутая. Не беручы да ўвагі тое, што з нашай тэрыторыі ідзе напад на Украіну. Ідзе такі падмен паняццяў, але частка грамадства насамрэч верыць, што Беларусь ні пры чым.

Агулам мы назіраем феномен, апісаны ў тэарэтычнай літаратуры. Гэта так званы эфект сцяга.

Калі грамадства апынаецца на парозе знешняй пагрозы, а вайна ідзе ў суседняй краіне, гэта разумеюць нават тыя, хто перакананы, што Беларусь у ёй не ўдзельнічае, хочаш ці не хочаш, а людзі пачынаюць гуртавацца вакол дзейснай улады.

Тут яшчэ і прапаганда дзейнічае, якая кажа, што нас хочуць уцягнуць у вайну, але мы не ўцягваемся.

Такім чынам, уся гэтая сукупнасць чыннікаў моцна ўплывае на грамадскую думку. Так і адбыўся гэты рост. Але я б не казаў тут пра рост прыхільнікаў улады. Гэта хутчэй сітуатыўная міграцыя, сітутыўны рост даверу. У Беларусі ўлада дагэтуль не зрабіла нічога, каб вырашыць палітычны канфлікт.

Мы маем справу з уплывам знешняй каньюнктуры, гэты уплыў сітуатыўны. І звязаны найперш з вайной.

Як вайна будзе разгортвацца далей, такім жа чынам можа змяняцца і грамадская думка. Калі Лукашэнка ўсё ж увядзе беларускія войскі ва Украіну, вельмі хутка шалі схіляцца ў іншы бок.

Бо мы бачым па ўсіх даследваннях, што толькі лічаныя працэнты прыхільнікаў улады выступаюць за ўдзел у вайне.

Падсумоўваючы: з аднаго боку, усё гэта даволі проста тлумачыцца з пункту гледжання фактараў, якія на гэта паўплывалі. З другога боку, гэта даволі сітуатыўная з’ява. Я не думаю, што калі зменіцца знешнепалітычная сітуацыя, адбудзецца замацаванне долі тых, што ў дадзены момант давярае ўладзе.

— Як на гэтую дынаміку маглі паўплываць рэпрэсіі? Мы памятаем справу Зэльцэра з сотнямі фігурантаў, пастаўленыя на канвеер «пакаяльныя» відэа.

— Нейкі ўплыў яны безумоўна аказалі. Той несупынны каток рэпрэсій, пад пагрозай якіх апынуўся ледзь не кожны беларус у Беларусі, зразумела ж уплывае на самаадчуванне, на адчуванне бяспекі, на магчымасць адказаць шчыра.

Натуральна, ёсць сацыялагічныя методыкі, якія выяўляюць так званы фактар страху. Наколькі я ведаю, у тым даследванні людзі адказвалі даволі шчыра. Але варта нагадаць, што ёсць яшчэ і феномен самацэнзуры, які можа і на ўзроўні падсвядомасці працаваць. Таму фактар рэпрэсій мог паўплываць, але не вельмі моцна.

— То бок, фактар вайны тут быў вызначальны?

— Думаю, што так. Тым больш што рэпрэсіі ішлі не з кастрычніка мінулага года, яны цягнуцца ад выбараў 2020-га.

— Яшчэ адна важная выснова даследвання — рост палярызацыі ў грамадстве. Якія небяспекі нясе гэты раскол Беларусі і беларусам у агляднай перспектыве?

— Я ўжо неаднаразова выказваўся пра раскол. На маю думку, гаворка ідзе пра раскол паміж уладай і грамадствам. Таму што тыя, хто вызначае сябе прыхільнікамі ўлады, даволі атамізаваныя, у іх няма ні матываў, ні ідэалогіі, ні агульных каштоўнасцяў.

Яны ніколі нічога не рабілі ў падтрымку ўлады ні да 2020-га, ні тым больш пасля. Гэта пасіўныя людзі.

Больш дэмакратычна настроенае ядро, пратэстнае — гэта частка людзей, якія маюць агульныя каштоўнасці, гарызантальныя сувязі паміж сабой, яны праактыўныя.

Такім чынам, ядры, якія могуць супрацьстаяць адзін аднаму, яны ёсць, у цэлым яны адзін аднаго ведаюць. Але за ўвесь гэты час ніякага сілавога супрацьстаяння ў грамадстве фактычна не было.

Іншая справа, як казаў сацыёлаг Філіп Біканаў, калі ў пратэстнай часткі грамадства будзе ўласная сілавая арганізацыя, напрыклад, полк, што ваюе на баку Украіны, можа адбыцца супрацьстаянне, але не паміж часткамі грамадства, а паміж іх сілавымі блокамі.

Груба кажучы, з аднаго боку ГУБАЗіК, з другога — «каліноўцы». Напружанне ў грамадстве безумоўна ёсць, яна будзе расці. Але я не бачу падставаў для сілавога фармату супрацьстаяння менавіта ў грамадстве. А вось супрацьстаянне, раскол і амаль вайна паміж грамадствам і дзяржавай — гэта, безумоўна, ёсць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)