Комментарии
Павел Печанько

Коля выспіцца з намі

Чаму ўлады «не заўважаюць» сапраўдных праблем сучаснай школы.

Распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі «раней 9 гадзін урокі не пачынаць» беларускае грамадства абмяркоўвае ўжо не першы тыдзень. Асноўны лейтматыў гэтых абмеркаванняў ― кіраўнік дзяржавы, карыстаючыся службовым становішчам, спрашчае жыццё свайму сыну. Ускладняючы пры гэтым жыццё частцы астатніх школьнікаў, іх бацькам і настаўнікам.

Красноречивая переписка классной с родителями в Viber по поводу занятий с 9 утра

Тым не менш, кіраўнік краіны настойліва рэкамендаваў паклапаціцца пра здароўе дзяцей, нават калі дарослым давядзецца парушыць свой ранейшы звыклы графік.

Асаблівую трывогу ў яго выклікала сітуацыя ў вёсцы:

— Поэтому нам надо в этом плане менять ситуацию, особенно на селе. Даже на автобусе 5-7 км везут детишек. Им же надо в шесть часов просыпаться. Это разве нормально?

Як кажуць у падобных выпадках, д’ябал хаваецца ў дробязях. У школе, у якой мне некалі давялося працаваць, каля паловы школьнікаў жылі ў навакольных вёсках. Аўтобус мясцовага саўгаса прывозіў дзяцей каля паловы на восьмую. Заняткі пачыналіся ў 8:15. Прывозіць вучняў пазней не было магчымасці ― акрамя школьнікаў аўтобус развозіў таксама работнікаў гаспадаркі.

Цяпер у гэтай школы ёсць свой аўтобус – можна больш не падладжвацца пад чужы графік. А так давялося б прыезжым вучням чакаць урокаў ужо паўтары гадзіны. Іншая справа, што далёка не ўсе школы маюць уласны транспарт. І дзе-нідзе вучням даводзіцца прачынацца а 6-й раніцы не таму, што рана пачынаюцца заняткі, а праз неабходнасць мірыцца з графікам руху мясцовага аўтобуса. Відаць, лішнія гадзіна-паўтары, праведзеныя ў школе перад урокамі, павінны будуць кампенсавацца ўсведамленнем таго, што недзе там у сталіцы добра выспаўся Коля.

Тым часам адміністрацыі сталічных школ атрымалі лісты з упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама, у якіх паведамляецца абноўлены графік працы школ пачынаючы з новага навучальнага году. Пазней прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая патлумачыла журналісту «Еўрарадыё», што гэтыя лісты носяць рэкамендацыйны характар. Пакуль няма і нарматыўнага акта, паводле якога будзе ўсталёвацца новы графік.

Тым не менш, як адзначыла Людміла Высоцкая, «галоўнае тут ― і выканаць даручэнне, і зрабіць так, каб усе былі задаволены вынікам. Каб і дзеці высыпаліся, і настаўнікам не давялося павялічваць іх стаўку ў дваццаць гадзін на тыдзень».
Варта адзначыць, што на дадзены момант установы адукацыі маюць права самастойна вызначаць час пачатку заняткаў. І даручэнне, якое павінна выканаць Мінадукацыі, хутчэй за ўсё гэтае права абмяжуе.
Даручэнне кіраўніка дзяржавы пракаментавалі вядомыя педагогі. У прыватнасці, прафесійны рэпетытар Яўген Лівянт заўважыў, што графік працы школ ― далёка не самая галоўная праблема айчыннай сістэмы адукацыі, якая сёння перажывае сістэмны крызіс. І разам з тым нават такія асобныя выпадкі неабходна спачатку абмяркоўваць з грамадствам.

Ад сябе заўважу, што акрамя сістэмнага крызісу, пра які згадаў Лівянт, усё ж варта звяртаць увагу і на асобныя негатыўныя тэндэнцыі і інцыдэнты. Напрыклад, праявіўшы пільны клопат пра недасып школьнікаў, Аляксандр Лукашэнка ні словам не згадаў пра гібель школьніцы на ўборцы бульбы ў Маладзечанскім раёне. Нагадаем, бацькам дзяўчынкі з дапамогай юрыстаў прафсаюза РЭП давялося даказваць у судзе факт наяўнасці працоўных адносінаў паміж іх дачкой і ААТ «Агра Усход».

Для параўнання: у адрозненне ад гарадскіх школьнікаў, якім «шчасціць» з’ездзіць на бульбу раз ці два за сезон, іх вясковыя аднагодкі ў некаторых мясцовасцях могуць адпрацаваць некалькі тыдняў. У свой першы год працы ў школе я сустрэўся з дзесяцікласнікамі не ў полі, а ў класе недзе на пачатку кастрычніка. А яшчэ праз два тыдні пачалася ўборка морквы і капусты. Дзе тут клопат кіраўніка дзяржавы пра здароўе і якасць навучання? Здавалася б, трагедыя ў Маладзечанскім раёне не магла не выцягнуць на паверхню тэму выкарыстання дзіцячай працы падчас сезону ўборкі бульбы…
Ці згадаем леташні інцыдэнт у сталічнай гімназіі № 74. Рэзанансны выпадак, які ў любой іншай цывілізаванай краіне выклікаў бы хвалю дыскусій у прэсе і прымусіў профільныя ведамствы даць вычарпальную справаздачу перад бацькамі школьнікаў.

У нашым жа выпадку ўсё вылілася ў шэраг паведамленняў прэс-службы Следчага камітэта і закрыты судовы працэс, які пакінуў больш пытанняў, чым адказаў.

Найперш, чаму так здарылася? Ці не паўторыцца нешта падобнае ў будучыні?

Крытэрам эфектыўнасці вырашэння такіх праблем у нас апошнім часам лічыцца хуткае і паспяховае раследаванне, суд і пакаранне па яго выніках. А вось высвятленне прычын і выпрацоўка прэвентыўных мер для пазбягання падобных інцыдэнтаў у перспектыве чамусьці не робіцца тэмай для абмеркавання.

Прынамсі, на афіцыйным узроўні. Горшай бяды, чым недасып школьніка(ў), і праўда не знайсці?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)