Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Колькі заплацяць за камуналку за студзень чыноўнікі з Драздоў?

Адна з самых гарачых тэмаў для абмеркавання на вуліцах і ў інтэрнэце — павелічэнне памеру квартплаты.

Ад пачатку студзеня многія тарыфы істотна выраслі, і беларусы атрымалі нашмат большыя рахункі, чым прывыклі. Да таго ж студзень быў даволі марозным, а значыцца, плата за ацяпленне атрымалася найвялікшай.

Тарыфы выраслі для ўсіх — і багатых, і бедных.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апублікаваў квітанцыю для аплаты камунальных паслуг з катэджа старшыні савета рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.

У жніўні мінулага года рахунак за ваду склаў менш за 30 тысяч рублёў. Вядома ж, гэта не поўны памер камунальных паслуг – проста газ і электрычнасць аплачваюцца па іншых рахунках.

Для параўнання, у гэтым студзені Мясніковіч па такой самай квітанцыі мае заплаціць 40 тысяч рублёў – за паўгода рост склаў 33%.

Доўг у катэджа Ярмошынай?

У квартплату жыхароў прыватных катэджаў уваходзяць водазабеспячэнне, каналізацыя і вываз смецця. Днямі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына (уласніца цаглянага дома плошчай 270 м2 у Драздах), атрымала квітанцыю аб аплаце гэтых паслуг на 119 400 рублёў.

Дадатковыя 210 тысяч яна штомесяц плаціць за ахову дома – разлік ідзе па колькасці паверхаў.

Найбольшыя плацяжы выстаўляюцца за спажытыя газ і электрычнасць. Ярмошына, па яе словах, жыве адна. Значыцца, вялікія сумы на лічыльніку не набягаюць. Да таго ж, за апошнія месяцы яна надоўга выязджала за мяжу — у Італію і Францыю.

Тым не менш, у мінулым месяцы Ярмошынай налічана вялізная сума за газ — ажно 635 тысяч. Магчыма, старшыня Цэнтрвыбаркама не плаціла некалькі месяцаў.

Якое ацяпленне стаіць у Ярмошынай? Яе сусед, былы міністр юстыцыі Віктар Галаванаў у аб’яве аб продажу дома пазначыў, што ўсталявана «паравае ацяпленне на газу». Імаверна, такое самае будзе і ў суседніх дамах у Драздах.

Квартплата Шчоткінай вырасла на 59%

Марыяна Шчоткіна — міністр працы і сацыяльнай абароны, гэта яна клапоціцца пра тое, каб камунальныя плацяжы нямоцна білі па бюджэце насельніцтва.

Шчоткіна дабудоўвае катэдж у «Драздах-2», а пакуль жыве ў прасторнай трохпакаёўцы ў сталічным спальным раёне Кунцаўшчына.

За снежань 2015 года, калі яшчэ дзейнічалі «старыя» тарыфы, Шчоткіна мусіла сплаціць 420 400 рублёў.

У студзені 2016 года лічба істотна вырасла — да 667 800 рублёў. Такім чынам, яе персанальны рост квартплаты склаў 59%.

Дадаткова Шчоткіна сплачвае 70 тысяч рублёў за ахову кватэры.

Калі дадаць аплату за электрычнасць і стацыянарны тэлефон, агульны памер камуналкі міністра працы і сацыльнай абароны дарасце да 1 мільёна рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)