Общество

Колькі каштуе парад. Вылет самалёта — некалькі тысяч даляраў, выезд танка — некалькі сотняў

9 траўня, нягледзячы на заклікі грамадзтва і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, улады Беларусі будуць праводзіць вайсковы парад. Радыё Свабода падлічвае разам з экспэртам, колькі гэта можа каштаваць.

Афіцыйных лічбаў наконт кошту параду ў Беларусі няма, яны не публікуюцца. Адзін з самых значных пунктаў расходу параду — паліва для самалётаў. Толькі адзін вылет кожнага самалёта можа каштаваць ад адной да некалькіх тысяч даляраў, падлічвае вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

«За час падрыхтоўкі да параду кожная машына зьядае да тоны паліва. Авіяцыя патрабуе да некалькіх тонаў на кожную машыну для палёту, і гэта на 1,5-2 гадзіны. Палёт аднаго самалёта можа каштаваць да некалькіх тысяч даляраў», — расказвае Аляксандар Алесін.

У вайсковых парадах у Беларусі бярэ ўдзел каля 12 танкаў і каля 12 самалётаў. Адзін танк спальвае за адзін праезд некалькі сотняў даляраў. Такім чынам, толькі адзін парадны выезд танкаў, без уліку падрыхтоўкі, абыходзіцца ў 3600-3800 даляраў. Вылет самалётаў — у 24-26 тысяч даляраў.

У беларускім парадзе могуць ня ўлічвацца траты на экалёгію і на ўтрыманьне вайскоўцаў.

«Цяжка сказаць, ці ўлічваюцца ў нас растраты на ўтрыманьне пэрсаналу і расходы на ўзнаўленьне экалёгіі. Бо тэхніка забруджвае навакольле і псуе дарожнае пакрыцьцё», — кажа Аляксандар Алесін.

З гэтымі растратамі, паводле Аляксандра Алесіна, парад можа каштаваць да 1 мільёна даляраў — столькі парад каштуе ў заходніх краінах. У Беларусі ён можа каштаваць некалькі сотняў тысяч даляраў. Але гэта непасрэдна парад, без уліку вечаровай ілюмінацыі гораду, упрыгажэньняў, разгону хмараў і рамонту асфальту. У 2016 годзе ў Расеі на парады патрацілі:

    У Маскве — 4,5 мільёна даляраў

    У Санкт-Пецярбургу — 409 тысяч даляраў

Адкуль грошы на парад

У Міністэрстве абароны Беларусі ня раз казалі, што спэцыяльна на парад грошы зь бюджэту не выдзяляюць, а расходуюць сродкі, закладзеныя ў ім на вайсковую падрыхтоўку.

«Калі вярстаецца бюджэт, ведаюць, якія калі будуць парады, і туды проста закладаюцца гэтыя сродкі», — гаворыць Аляксандар Алесін.

Агульны бюджэт Мінабароны на гэты год — 1,4 мільярда рублёў, ці 6 мільёнаў даляраў па сёньняшнім курсе.

Ці магчымы бясьпечны парад ва ўмовах пандэміі?

Улады Беларусі ня хочуць адмяняць парад, нягледзячы на заклапочанасьць Сусьветнай арганізацыі здароўя. Пры гэтым у суседняй Расеі парад да 9 траўня адменены. Але ці можна правесьці парад максымальна бясьпечна?

«Нужны люди посмотреть на парад». Как собирают «тысячи и тысячи» жаждущих праздника

«Скарочаны парад мог бы быць без праходжаньня пешых калёнаў, толькі тэхніка, экіпажы ізаляваныя. Яны могуць гермэтычна закрыцца ў сваіх машынах. Гэта быў бы адэкватны варыянт. Можна пагрымець, але пашкадаваць вайскоўцаў», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Плянуецца, што ў парадзе 9 траўня возьмуць удзел больш за 3 тысячы вайскоўцаў і 180 адзінак тэхнікі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(16)