Общество
Любоў Лунёва, «Народная воля»

Колькі каштаваў беларускім падаткаплацельшчыкам дэсант расійскіх журналістаў?

Напрыканцы верасня ў Мінск па запрашэнні кіраўніка дзяржавы прыехалі 102 расійскіх журналісты. Адной з галоўных мэт такога беспрэцэдэнтнага «дэсанту» стала шматгадзінная прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.

Як высветліла "Народная Воля", кожнаму з членаў дэлегацыі аплацілі дарогу ў Мінск і назад, а таксама пражыванне ў гатэлі "Планета". Журналістаў размясцілі ў нумарах палепшанага бізнес-класа коштам 100 долараў у суткі (па крайняй меры менавіта столькі гэтыя нумары каштуюць для звычайных замежных пастаяльцаў).

Цягам трох дзён прадстаўнікоў расійскіх СМІ вазілі на экскурсіі. Першая адбылася ў вайсковую частць на камандны пункт ПВА ў Мачулішчах. Потым — на агракомплекс "Дзяржынскі". Дзень скончыўся ў Нясвіжы, дзе гасцям прапанавалі наведаць музей і павячэраць.

А ўвогуле праграма была крыху дзіўная, бо нельга сказаць, на чым рабіўся акцэнт — паказаць беларусы хацелі ўсё. Так, на другі дзень расійскіх журналістаў павезлі на сумеснае з Кітаем прадпрыемства, створанае на базе мінскага "Гарызонта", потым на "Белкамунмаш" і "Камунарку". На "Камунарцы", дарэчы, кожны атрымаў падрыхтаваны падарунак — вялізны пакет фірмовых цукерак.

На трэці дзень наведвалі "Амкадор" і храм Усіх Святых. Зразумела, што тэхніку "Амкадора" нікому не дарылі.

Затое на чацвёрты дзень, 1 кастрычніка, некаторыя ўжо самі неслі падарункі, якія прывезлі з сабой для Аляксандра Лукашэнкі. Бо менавіта гэты дзень быў галоўным у праграме "дэсанту" — сустрэча з беларускім лідарам. Перад яе пачаткам прадстаўнікі прэс-службы прэзідэнта, праўда, параілі ўсе падарункі, якія расіяне прывезлі са сваіх рэгіёнаў для Аляксандра Лукашэнкі, скласці ў асобным пакойчыку: маўляў, каб не ператварыць прэс-канферэнцыю ў праграму "Поле цудаў", Аляксандр Рыгоравіч потым сам разбярэцца што да чаго.

Карэспандэнт "Калининградской правды" Альберт АДЫЛАЎ расказаў нашай газеце, што яго вельмі задаволіла паездка. Асабліва спадабаліся цукеркі. "Вельмі смачныя, усё вельмі добра", — сказаў калега. Адзінае, расіяне не чакалі, што давядзецца сядзець на прэс-канферэнцыі больш за чатыры гадзіны.

— Ну, ён жа ў вас любіць пагаварыць, — гаворыць Альберт Адылаў. — Ну і калегі, канечне, унеслі сваю лепту, усё імкнуліся ад сваіх рэгіёнаў павіншаваць яго, перадаць прывітанні, пытанні задавалі і задавалі. Добра, што прэс-служба адразу паклала ўсе падарункі, каб потым не хадзілі падчас канферэнцыі. Якія былі падарункі? Ну, кнігі нейкія, карціны, сувеніры розныя… Я асабліва не глядзеў.

— Як жа вы выседзелі столькі часу?

— У прыбіральню нам хадзіць дазволілі. Людзі хадзілі, каму трэба было.

Пра паездку калінінградскі журналіст сказаў каротка: "Усё было нармальна. Кішэнных грошай не давалі, але тое, што нам аплацілі дарогу, харчаванне і пражыванне — гэтага дастаткова".

Колькі ж давялося заплаціць за дарогу 102 журналістаў?

Для даведкі: толькі на журналіста газеты "Кузнецкий рабочий" з Новакузнецка Вадзіма Рэчыцкага ў Мінск і назад давялося заплаціць ад 900 да 2000 еўра (у залежнасці ад класа білетаў і віду транспарту). За паездку журналісткі газеты "Красное знамя" Таццяны Ермаліцкай з Томска — ад 750 да 1400 еўра. І гэта толькі два журналіста, а іх жа было 102!

У якую суму абышлося харчаванне гасцей у рэстаранах і пышныя вячэры, невядома, але можна здагадвацца. Тым больш што і экскурсіі, і падарункі таксама каштуюць грошай.

Калі параўнаць візіт маленькай групы беларускіх журналістаў да прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, то расійскім падаткаплацельшчыкам ён нічога не каштаваў. А з боку адміністрацыі кіраўніка Расійскай Федэрацыі журналістам ласкава прапанавалі… кубачак кавы. Журналісты былі ўдзячныя, што як прафесіяналы мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку дзяржавы. А гэта што за разлюлі-маліна, у якую ператвараюцца прэс-канферэнцыі кіраўніка Беларусі для прадстаўнікоў СМІ расійскіх рэгіёнаў?! Чаму беларускія падаткаплацельшчыкі павінны аплачваць такія сумніўныя шоу?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)