Общество
Руслан Гарбачоў

«Кобрыну неабходна новая раённая бальніца, а нам замест яе пабудавалі Лядовы палац»

У пятніцу ў Кобрыне стартаваў фестываль-ярмарка «Дажынкі-2009». Старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Аляксандр Мех расказаў «Салідарнасці» чаму радуюцца і на што наракаюць мясцовыя жыхары ў сувязі са святам.

– Ва ўсiх, з кім я зараз гутарыў у цэнтры горада, святочны настрой, – паведаміў «Салідарнасці» з Кобрына Аляксандр Мех. – Хоць сёння і будні дзень, людзей на вуліцах ужо шмат.

На дадзены момант у Кобрыне выстаўлены два кола ачаплення, другое аточвае самы цэнтр горада з плошчай. Перад уваходам у кожны дворык выстаўлены пасты. Але продаж алкаголя не забаронены.

– Людзі ўжо ходзяць з бутэлькамі ў руках. Можна набыць і піва, і гарэлку, – паведаміў Аляксандр Мех.

Старшыня Кобрынская арганізацыі Партыі БНФ адзначыў, што падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» для горада было зроблена шмат.

– Былі пабудаваны аквапарк, Лядовы палац. Яны яшчэ не працуюць, але магчыма іх ужо заўтра адчыняць. Знеслі стары Палац культуры і на яго месцы ўзвялі новы. Зрабілі мост. Укаталі ў горадзе асфальтам 100 км дарог, – расказаў ён.

Але выканаць усе запланаваныя працы будаўнікі ўсё ж не паспелі.

– Яшчэ ўчора ў цэнтры стаяла тэхніка, відаць, пасля «Дажынак» будаўнікі сюды яшчэ вярнуцца. Яшчэ вядуцца працы ўнутры новага Палаца культуры. А па-за межамі цэнтра і колаў ачаплення будаўнікі дзейнічаюць актыўна і сёння, – паведаміў Аляксандр Мех.

– У цэлым людзі задаволены зробленым, – адзначыў актывіст. – Але ў іх, канешне, ёсць і пытанні. Кобрыну неабходна новая раённая бальніца (у старой людзі ляжаць у карыдорах), а нам замест яе пабудавалі Лядовы палац. Відаць, пасля свята ўзнікне шэраг пытанняў і па якасці працаў. Прыватнікі казалі, што калі б ім так выконвалі работы, як у цэнтры рамантавалі будынкі дзяржаўных структур, яны б такіх будаўнікоў пагналі ў шыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)