Кніжнікі вышэй за палітыкаў, а ВКЛ важней за савецкі перыяд

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў – пра тое, якія гістарычныя постаці беларусы лічаць найбольш важнымі.

Прадметам аналізу стала даследаванне беларускай ідэнтычнасці, якое ладзілася ў маі-чэрвені і ўдзел у якім узялі 4000 чалавек – як у Беларусі, так і па-за межамі краіны.

— Веды пра мінулае і адчуванне повязі эпох, відавочна, ёсць адным з кутніх камянёў нацыянальнай самасвядомасці. Тое, чым мы ёсць, шмат у чым залежыць ад таго, адкуль мы паходзім, — піша Коршунаў.

— І тут не з’яўляецца нечаканасцю, што галоўным гістарычным падмуркам беларускай дзяржаўнасці апытаныя ў першую чаргу бачаць раннесярэднявечныя княствы: Полацкае і Турава-пінскае (48%). На другім месцы – і з пункту гледжання гісторыі, і па колькасці выбараў – Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае (29%), а на трэцім месцы – Беларуская Народная Рэспубліка (9%).

Адметна, звяртае ўвагу эксперт, што БССР, як і сучасную Рэспбліку Беларусь, «пачаткам беларускай дзяржаўнасці» назваў усяго 1% апытаных, а найбольш уплывовымі перыядамі ў развіцці народу рэспандэнты палічылі часы ВКЛ, БНР і Рэчы Паспалітай.

Не менш цікавыя і адказы на пытанне, якія асобы зрабілі найбольш на карысць Беларусі і беларусаў. Тут апытаныя маглі свабодна прапаноўваць свае варыянты, у выніку склаўся топ-10 выбітных беларускіх дзеячаў, ад Вітаўта, Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны да Янкі Купалы, Пятра Машэрава і Станіслава Шушкевіча.

Фота nlb.by

— Хаця пытанне задавалася пра асоб, якія зрабілі шмат на карысць Беларусі, рэспандэнты(кі) час ад часу ўзгадвалі і тых, чый уплыў таксама быў значны, але ішоў далёка не на карысць беларусам, — дадае Генадзь Коршунаў. — Такія прозвішчы ішлі з подпісамі кшталту «шмат кепскага нарабіў» ці «згуртаваў супраць сябе».

То-бок маем на ўвазе, што у спісе «герояў» трапляюцца і «антыгероі», якія таксама паўплывалі на развіцце і беларускіх земляў, і беларускага народу.

Калі паглядзець на пантэон беларускіх герояў у разрэзе розных эпох, то з ранняга сярэднявечча рэспандэнты найвышэй ацанілі Еўфрасінню Полацкую, Усяслава Чарадзея і Рагвалода.

Учасы ВКЛ найбольш уплывовым сучасныя беларусы лічаць кніжніка Францыска Скарыну, які пасунуў уніз і вялікіх князёў, і вайсковых правадыроў. У часы БНР спіс узначальваюць браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч. За час Рэчы Паспалітай найбольш уплывовымі апынатыя назвалі род Сапегаў і род Радзівілаў, а таксама Стэфана Баторыя.

Падчас знаходжання ў складзе Расейскай імперыі найбольш важны ўнёсак для Беларусі зрабілі, як мяркуюць рэспандэнты, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Адам і Максім Багдановічы.

За часы СССР, на думку апытаных, найбольшы ўнёсак зрабілі нават не палітыкі, а літаратары — Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Ларыса Геніюш. Адзіны палітычны дзеяч у спісе лідараў — Пётр Машэраў.

Калі ж казаць пра асоб, якія адзначыліся як у станоўчым, так і ў адмоўным сэнсе, за час існавання Рэспублікі Беларусь, тут на першых месцах — Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Васіль Быкаў. Ёсць у спісе і Аляксандр Лукашэнка, якога найчасцей згадвалі як «антыгероя» — ён на шостым месцы, прайграючы Святлане і Сяргею Ціханоўскім і Віктару Бабарыку.

— Напрыканцы яшчэ зазначу, што гэта вынікі апытання не ўсяго беларускага грамадства, а яго пратэстна настроенай часткі, — нагадвае Генадзь Коршунаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(16)