Клікалі Дзеда Мароза – прыйшоў Вольскі (фота)
25 жніўня тэрыторыю “Дудутак” атакавалі аматары беларускай кухні, народных танцаў і шматлікія фанаты “Крамбамбулі”. У гэты дзень музейны комплекс “Дудуткі” праводзіў фэст “Млын”.
Пачалося мерапремства з малебну з асвячэннем дароў беларускай зямлі. Пра тое, што лета на сыходзе, напаміналі і снапы ўздоўж дарожак.
Паказальнае выступленне коннай школы сабрала шмат юных гледачоў. Пакатацца на конях змаглі і ўсе жадаючыя.
А майстар-клас па народных танцах ад вандроўнага тэатра "Гістрыён" прыйшоўся даспадобы моладзі. Хлопцы і дзяўчыты заліхвацкі танчылі польку і гапак, нібыта рабілі гэта кожны дзень.
Тыя ж, хто спавядае не асабліва спартыўны лад жыцця, налягалі на народныя стравы. У гэты дзень усе ахвотныя маглі атрымаць майстар-клас ад гісторыка беларускай кухні Алеся Белага.
Трымаючы марку, “Дудуткі” не адмовілі ў магчымасці павучыцца ганчарскай справе, ткацтву і проста парадаваць родных сувенірамі.
Чакаючы выступлення “Крамбамбулі”, фанаты адпачывалі на стозе.
Але нядоўга. Наляцеўшы, як стая вераб’ёў, дзятва ўшчэнт раскідала стог па полі — гэтую б энергію ды ў мірнае рэчышча.
Нарэшце такая падстава з’явілася. Доўгачаканая “Крамбамбуля” зноў не расчаравала. Фанаты розных пакаленняў танчылі і падпявалі разам з Вольскім, разрываючы паветра гучным “Жыве Беларусь!”.
Нягледзячы на халоднае надвор’е, каля сцэны было сапраўды горача.
Ніхто і чуць не хацеў пра заканчэнне канцэрту. Вольскі ўжо сышоў, а фанаты ўсё не разыходзіліся.
— Ну калі тут усе засталіся, дык давайце паклічам і Дзеда Мароза! — прапанаваў адзін з музыкаў.
— Ля-вон! Ля-вон! — грымнуў натоўп.
Адмовіць фанатам “Дзядуля Лявон” не змог.
“Раскруціўшы” Вольскага яшчэ на некалькі песень, усе разыходзілся, напяваючы апошнія “Тры чарапахі” і скандуючы “Жыве Беларусь!”.
Читайте еще
Избранное