Политика

Кацярына Батлейка

Класкоўскі: «Якая можа ісці гаворка пра адзінства, калі напярэдадні гэтага так званага свята быў анансаваны законапраект аб пазбаўленні грамадзянства палітычных апанентаў рэжыму?»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра ўражанні ад Дня народнага адзінства, будучыню, якая яго чакае, і анансаваную ўладамі амністыю.

Аляксандр Класкоўскі

— На мой погляд, гэта свята абсалютна штучнае і мертванароджанае. Нягледзячы на ўсе высілкі ўлады і немалыя грошы, якія ўбухалі ў гэтае свята, ва ўсякім выпадку гэты форум, што праходзіў на «Мінск-Арэне», было бачна, што гэта аформлена з вялікай пыхай, з размахам і па-багатаму. Але нягледзячы, што выдаткі і напружанне праўладных розумаў былі немалыя, усе атрымалася бляклым і невыразным, — адзначыў эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Адметная рыса рэжыму Лукашенкі ў тым, што ідэалогіі ў яго няма. Гэтым разам паспрабавалі ўпіхнуць у гэта свята нейкі ідэалагічны сэнс, але гэта выглядала непераканаўча ў прамове Лукашэнкі, таму што і сама дата спрэчная і ўсё роўна ўсё звялося да таго, што трэба гуртавацца вакол Лукашэнкі. Уся ідэалогія зводзіцца да таго, што трэба слухацца Лукашенку і Лукашэнка forever, так бы мовіць.

Калі казаць пра ўспрыманне гэтага свята, Класкоўскі падкрэслівае: праціўнікі Лукашэнкi ўспрымаюць яго ў штыкі, таму што насамрэч ніякага адзінства няма, у грамадстве — раскол.

І сама вярхушка ўлады гэтую ідэю расколу падтрымлівае: для іх народ — гэты тыя, хто падтрымлівае ўладу, а астатнія — «экстрэмісты», «пятая калона» і г.д., каго Лукашэнка збіраецца пазбаўляць грамадзянства.

Якая можа ісці гаворка пра адзінства, калі напярэдадні гэтага так званага свята быў анансаваны законапраект аб пазбаўленні грамадзянства палітычных апанентаў рэжыму?

Лаяльным грамадзянам таксама незразумела, чаму трэба так узвялічваць гэтую дату. Калі паслухаць прамову Лукашэнкі, то 17 верасня ён фактычна паставіў роўна з Днем Перамогі, Днем незалежнасці.

Некаторыя палітолагі ўжо пачалі выказваць думкі, што гэтае свята стане галоўным у Беларусі і, магчыма, улады на гэта пойдуць, бо Дзень Перамогі — гэта калі ідзе гаворка пра ўвесь Савецкі Саюз, 3 ліпеня — гаворка толькі пра вызваленне Мінска. Што тычыцца 17 верасня, чаму яго трэба святкаваць, людзям не вельмі зразумела.

У адрозненне ад Айчыннай вайны, гэтая дата ў масавай самасвядомасці не зафіксаваная, і штучныя спробы ідэолагаў яе ўкараніць, думаю, будуць малаэфектыўныя. Бо генетычная памяць пра Айчынную вайну ёсць у кожнай сям’і, а падзеі 1939-га года сцерліся.

Увогуле, калі і гаварыць пра гэты час, то як пра неадназначны, драматычны. Гэта тэма для гістарычных дыскусій, але уздымаць гэта як усенароднае свята, мякка кажучы, некарэктна.

Кажучы пра ўражанні ад форума, палітычны аглядальнік звяртае ўвагу на відэа з дзецьмі, якія падчас казённай імпрэзы ў гонар новага свята стаялі з каменнымі тварамі і механічна махалі сцяжкамі.

— Відаць, яны толкам не разумелі, нашто і дзеля каго гэта робяць. Такое свята можна параўнаць з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, якое за шмат гадоў не ўкаранілася сярод беларусаў, як ні стараюцца беларускія і расійскія ідэолагі.

Паводле Класкоўскага, ёсць некалькі матываў, чаму ўлада выкарыстоўвае гэты дзень.

— Па-першае, Лукашэнка трапіў у вялікую залежнасць ад Крамля, згарнуў так званую мяккую беларусізацыю. Але разам з тым ён думае, як знайсці нейкую процівагу. Таму ў яго перыядычна прарываюцца нейкія фразы пра Полацкае княства, ВКЛ і г.д.

Па-другое, Лукашэнка, відаць, разважаў на тэму, як пасля падзеяў 2020 года паспрабаваць зрабіць нібыта прымірэнчыя жэсты. Ён разумее, што гэты раскол у грамадстве нясе небяспеку для ягонай улады.

Каб зрабіць рэальныя крокі да прымірэння, трэба выпусціць палітвязняў, правесці нейкую лібералізацыю, але Лукашэнка на гэта не можа пайсці. Максімум ён можа зрабіць нейкія імітацыйныя жэсты.

Таму вось і абвяшчэнне леташняга года годам народнага адзінства, які прайшлоў блякла, зараз — спроба ўкараніць гэтае новае свята, дзень народнага адзінства, што таксама не вельмі добра атрымліваецца. Бо калі на першым месце — утрымаць уладу, усе гэтыя канструкты атрымліваюцца штучнымі і бутафорскімі.

Я думаю, што Лукашэнка і ягоныя ідэолагі будуць далей спрабаваць прасоўваць значэнне гэтага свята, але гэта будзе зводзіцца да мерапрыемстваў дзеля птушачкі.

Калі казаць пра будучыню, то пасля змены ўлады зменяцца натуральна і ідэалагічныя прыярытэты, і гэтая дата будзе асэнсоўвацца зусім іначай. Гэтыя гістарычныя моманты трэба абмяркоўваць, бо гэта дае магчымасць лепей вызначаць шлях у будучыню. І гэта павінна быць плюралістычная дыскусія, а не аднабокая трактоўка гісторыі.

Што тычыцца амністыі, якая павінна была быць прымеркаваная да Дня народнага адзінства, эксперт лічыць, што яна адбудзецца.

Думаю, што паколькі гэта ўжо анансавана, то нейкая амністыя будзе. Ужо некаторыя аглядальнікі адзначылі, што і ранейшыя законы аб амністыі прымаліся пазней, чым тыя даты, да якіх яна прыўрочвалася. Тым болей, што Лукашэнка даволі блытана абмаляваў, чаго ён хоча ад гэтага.

— З аднаго боку, ён сказаў, што гэта будзе тычыцца часткова палітычных зняволеных, з іншага — толькі тых, хто зрабіў нязначныя парушэнні і раскаяўся. Карацей, ён задаў такі рэбус сваім паплечнікам, і ім трэба думаць, як гэта ўсе раскласці па палічках і пакласці на паперу. Гэта тэхнічныя і юрыдычныя моманты.

Але ёсць і палітычны. Лукашэнка хацеў бы зрабіць нейкі сімвалічны крок для грамадства і Еўропы, паказаць сваю міласэрнасць, але ёсць асцярога, бо калі зашмат выпусціць палітзняволеных, тым болей, нейкіх знакавых фігур, то гэта можа стаць натхненнем для тых, хто хоча змены рэжыму. А сілавікі і тая частка наменклатуры, якая запэцкалася ў рэпрэсіях, наадварот, будуць незадаволеныя: «Мы вось стараліся, а вы гэтых экстрэмістаў выпускаеце на волю, а заўтра і ўвогуле зробіце нас адказнымі за рэпрэсіі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)