Рэжым заклапочаны тым, каб адсекчы большасць грамадства ад альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, ад сацыяльных сетак. Тут сімптаматычна, што нават асабістыя старонкі некаторых журналістаў пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі», то бок палююць ужо прыцэльна.
Класкоўскі: «Сістэма імкнецца запалохаць грамадства, каб ніхто не мог узняць галаву, каб не было альтэрнатыўнай думкі»
Палітычны аглядальнік — пра тое, ці атрымаецца ва ўладаў зачысціць інфармацыйную прастору пад нуль.
У Беларусі зноў разгледзяць папраўкі ў Закон аб СМІ. Як заявіла экс-міністарка інфармацыі, а цяпер дэпутатка і адказная за падрыхтоўку законапраекта Лілія Ананіч, прапанаваныя навацыі істотна пашыраць магчымасць рэгулятара «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы».
Паводле сцвярджэння дэпутаткі, «калі СМІ, інтэрнэт-рэсурсы — зброя, а гэта так, значыць і «боекамплекты» з усёй інфраструктурай мусяць быць адточаныя па апошнім слове права».
Іншых падрабязнасцяў аб законапраекце пакуль няма. Аднак з улікам прыведзеных заяў і працягу «зачысткі» інфармацыйнага поля на рэгіянальным узроўні, меркавана, варта чакаць яшчэ больш жорсткіх рамак для дзейнасці медыя.
Нагадаем, Закон аб СМІ рэдагаваўся ўсяго два гады таму. У 2021-м, у прыватнасці, з’явіліся забароны на анлайн-трансляцыі пратэстаў, на публікацыю сацапытанняў, праведзеных без акрэдытацыі (то бок недзяржаўнымі ўстановамі), былі пашыраныя магчымасці ўладаў абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, таксама быў прыняты шэраг іншых законаў, якія закранаюць журналісцкую дзейнасць.
Чаму сёння спатрэбіліся новыя папраўкі і ці дойдуць у Беларусі да забароны сацсетак? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім.
—Улады метадычна працягваюць заціскаць гайкі ва ўсіх сферах, — зазначае эксперт, — гэта частка працэсу таталітарызацыі рэжыму, пра які гаворыць шэраг палітолагаў, у тым ліку праз «драканізацыю» заканадаўства, якое робіцца абсалютна нялюдскім.
Часткова такі маштабны заканатворчы працэс тлумачаць прыняццем новай Канстытуцыі — але насамрэч гэта патрэбы, што вынікаюць з сутнасці сістэмы: запалохаць грамадства, каб ніхто не мог узняць галаву, каб не было ніякай альтэрнатыўнай думкі, а тым болей альтэрнатыўнага дзеяння, што ў катэгорыях уладаў з’яўляецца «дэструктыўнай дзейнасцю».
Аналітык нагадвае: сёлета ў Беларусі змянілі заканадаўства аб партыях, фактычна прыняўшы таталітарную версію. Паводле яе ўсе партыі мусяць ісці ў рэчышчы рашэнняў так званага ўсебеларускага народнага сходу, што выпустошвае сам сэнс існавання партый, якія, па ідэі, мусяць мець адрозныя палітычныя платформы і канкураваць за ўладу. Таксама былі прынятыя жорсткія рашэнні наконт грамадскіх аб’яднанняў і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, што прадугледжваюць расстрэл за «здраду дзяржаве».
— Так і ў галіне СМІ, думаю, ставіцца задача канчаткова зачысціць інфармацыйную прастору, якая ў беларускім выпадку стала ўжо збольшага прапагандысцкай прасторай, у якой вядзе рэй прапаганда рэжыму Лукашэнкі, а таксама вольна пачуваецца прапаганда Крамля, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі.
«Наезды» на слуцкі «Інф*-кур’ер», арышт галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча паказваюць, што ўлады імкнуцца дабіць рэшткі недзяржаўнай рэгіянальнай прэсы.
Ці значыць гэта, што ў перспектыве нас чакае поўная забарона сацсетак і месэнджараў —«Фэйсбука», «Тэлеграма», — ці гэтыя рэсурсы ўсё ж патрэбныя самім уладам, каб прасоўваць прапагандысцкія наратывы? На думку аналітыка, прызнаваць іх цалкам «экстрэмісцкімі» ў Беларусі пакуль што наўрад ці стануць, але ў абноўленым законе могуць прадугледзець магчымасці блакавання сацыяльных сетак, папулярных месэнджараў і іншых платформ, праз якія беларусы атрымліваюць «дэструктыўную інфармацыю»:
— Гэта не азначае, што пасля прыняцця закона аўтаматычна забароняць «Фэйсбук» ці «Ютуб», але такую опцыю, мяркую, могуць прадугледзець. Тут беларускія ўлады глядзяць на Расію, дзе ў гэтым плане палітыка яшчэ больш жорсткая.
Звярніце ўвагу, калі Лілія Ананіч тлумачыла, нашто патрэбныя гэтыя змены, яна згадала пра «существенные новации в плане симметричного ответа на возможные выпады недружественных стран в отношении белорусских медиа».
Думаю, тут маецца на ўвазе, што сацсеткі, той жа «Ютуб», блакавалі каналы некаторых беларускіх прапагандыстаў, сілавікоў. І ў якасці «сіметрычнага адказу» можа быць такі крок: вы там, умоўна кажучы, Азаронка заблакавалі ці канал ГУБАЗіКа, — а мы ў адказ увесь ваш «Ютуб» закрыем, бо гэта зброя нашых ворагаў, якія хочуць зламаць і скрышыць канстытуцыйны лад Беларусі. Нейкі час таму кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант ужо анансаваў магчымасць такога кшталту захадаў.
І трэба прызнаць, звяртае ўвагу аналітык, што брутальныя захады ў інфармацыйным полі даюць рэжыму пэўны плён. Нават незалежная сацыялогія фіксуе: уплыў дзяржмедыя пашыраецца, прасочваецца тэндэнцыя росту даверу да ўлады. Хоць, канечне, гэтую інфармацыю трэба ўспрымаць з вялікімі агаворкамі, бо і самі даследчыкі падкрэсліваюць вялікі ўзровень страху ў грамадстве.
Аднак і перабольшваць гэты ўплыў не варта, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Ён праводзіць гістарычную паралель з савецкім мінулым:
— Было 70 гадоў савецкай улады, і, здавалася, усё заціснута — няма ні апазіцыі, ні партый, акрамя КПСС, хіба той-сёй слухае праз трэск глушылак «Радыё Свабода». А потым пачалася перабудова. І мы ўбачылі (у тым ліку і я сам бачыў, калі быў рэдактарам дэмакратычнай газеты «Знамя юности»), як чэргі, быццам па гарачыя піражкі, сталі шыхтавацца да шапікаў. Людзі стаялі, каб ухапіць свежую прэсу, якая пісала праўду пра гэты лад і іх жыццё.
Савецкая сістэма вельмі хутка была разбураная, і высветлілася за час перабудовы, што гэта быў калос на гліняных нагах, што аўтарытэт КПСС споўз да нуля. Партыйныя функцыянеры, якіх пасылалі на мітынгі «давесці дзяржаўную лінію», хаваліся і баяліся выйсці на трыбуну, бо іх асвіствалі, а маглі і гнілымі памідорамі закідаць.
Уяўленне сённяшняга рэжыму аб тым, што ўдалося дамагчыся амаль што суцэльнай лаяльнасці, таксама можа быць падманлівым. І ў нейкі час, калі саспеюць умовы для перамен, я думаю, гэтая канструкцыя, заснаваная на хлусні і на здушэнні альтэрнатыўнай думкі, акажацца няўстойлівай і хісткай.
Аднак цяпер за кошт драконаўскіх мер пэўныя тактычныя перамогі ўлада ўсё ж атрымлівае, і гэта вялікі выклік і для дэмакратычных сіл, і для незалежных медыя, якія апынуліся ў эміграцыі: трэба думаць і пра змест, выбар тэм, і пра формы падачы, і пра платформы, праз якія найлепей трансляваць свой кантэнт.
Нядаўна стала вядома, што журфак БДУ значна скарачае набор, адмяняе прыём на платныя месцы і будзе рыхтаваць студэнтаў толькі на дзвюх спецыяльнасцях, закрыўшы міжнародную журналістыку.
— Гэта таксама паказальны трэнд для сістэмы, якая робіцца больш жорсткай, — канстатуе Аляксандр Класкоўскі. — Беларускія ўлады фактычна спалілі ўсе масты ў дачыненнях з Захадам, якая ўжо тут «міжнародная журналістыка».
Уладам не патрэбныя аналітыкі на міжнародную тэму, патрэбныя прапагандысты, якія будуць казаць пра «хцівы, падступны Захад» і «нашу самую паспяховую эканамічную мадэль», «астравок стабільнасці сярод ашалелага свету». Для гэтага не трэба вывучаць пяць гадоў нюансы міжнародных дачыненняў, складнікі майстэрства журналіста-міжнародніка, дастаткова падрыхтаваць, як кажуць улады, «байцоў ідэалагічнага фронту».
Але за савецкім часам, калі я вучыўся на журфаку, на лекцыях мы таксама выслухоўвалі ідэалагічныя догмы і прапагандысцкія тэзы, а ў курылцы потым усё адно расказвалі анекдоты пра Брэжнева, які шамкае штучнай сківіцай падчас прамоваў і блытае Вілі Бранта з Віні-Пухам. То бок стаўленне да той сістэмы і тых ідэалаў, якія ўбівалі нам у галовы, было дастаткова іранічным. І потым многія з маіх калег падчас перабудовы знайшлі сябе якраз у тых медыя, што рухалі працэс галоснасці, якая спрыяла злому савецкай сістэмы.
На думку эксперта, на журфак, мусіць, змогуць набраць пэўную колькасць «замбаваных» ідэалогіяй маладых людзей альбо цынікаў, якія падсякаюць кан’юнктуру і прыстасоўваюцца да яе, — аднак нямала будзе і тых, хто «трымае дулю ў кішэні».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное