Политика

Ірына Дрозд

Класкоўскі: Польшча і краіны Балтыі надалей будуць трымаць дамоклаў меч над рэжымам Лукашэнкі

Палітычны аглядальнік — пра дамову міністраў краін Балтыі і Польшчы аб магчымым закрыцці мяжы з Беларуссю.

— Гэта было для мяне чаканае рашэнне, што на сённяшняй сустрэчы пытанне будзе падвешана. Калі казаць коратка, то Польшча і краіны Балтыі вырашылі і надалей трымаць гэты дамоклаў меч, гэтую пагрозу поўнага закрыцця межаў, над рэжымам Лукашэнкі, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» Аляксандр Класкоўскі. — Мне здаецца, там прытрымліваюцца прынцыпу, што пагроза мацнейшая за выкананне.

Цалкам перакрываць межы, у тым ліку і грузавы транзіт, –  ўрон і для саміх краін Еўразвязу. Плюс тут завязаны і інтарэсы Кітая. Таму адным махам перакрываць мяжу — гэта клопат і для таго боку. Хаця, канешне, гэта было б адчувальна для беларускіх уладаў.

Класкоўскі звярнуў увагу, што суседзі Беларусі па мяжы сфармулявалі асноўныя крытэрыі, пры якіх цалкам закрыюць мяжу.

— Па-першае, узброенае сутыкненне — тлусты намёк на ЧВК «Вагнер», і па-другое — масавы наплыў мігрантаў. Што маецца на ўвазе пад масавым наплывам? Трэба разумець, што цяперашнія паказчыкі — 100-200 чалавек кожныя суткі — такім наплывам не лічацца.

Напэўна, маюцца на ўвазе паказчыкі, якія былі ў 2021 годзе, калі гаварылі пра паўнамаштабны крызіс.

Паказальна, што напярэдадні сённяшняй сустрэчы колькасць мігрантаў наогул рэзка ўпала — каля 20 чалавек за апошнія суткі спрабавалі прарвацца праз мяжу.

Гэта ўскосна сведчыць пра тое, што беларускія ўлады могуць рэгуляваць плынь мігрантаў. Ды і сам Лукашэнка фактычна не ўтойвае, што беларускія ўлады глядзяць скрозь пальцы на яе. Бо ёсць памежныя службы і іншыя сілавыя структуры. Пры жаданні ў Беларусі — паліцэйскай дзяржаве — мыш не прашмыгне.

Думаю, улады наўрад ці цалкам спыняць міграцыйную плынь, але яны не стануць дражніць гусей і штучна яе павялічваць. Верагодна, плынь і будзе вагацца ў апошніх межах.

— Што тычыцца іншага крытэрыя: некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што вагнераўцаў кантралюе не Лукашэнка, таму і вырашыць, ці будзе ўзброены інцыдэнт, могуць без яго. Ці згодныя вы з гэтым?

— Я не згодны. Па-першае, бачна што «Вагнер» пачынае распадацца. Лукашэнка днямі прызнаў, што вялікая частка намётаў пад Асіповічамі дэмантавана.

Відавочна, што далей у інтарэсах Пуціна «Вагнер» дэфрагментаваць. Ён не зацікаўлены ў далейшым існаванні групоўкі, бо гэта былыя мяцежнікі, ненадзейныя людзі. «Вагнер» Пуціну не патрэбны.

Лукашэнка не скарыстаў смерць Прыгожына, каб зняць напружанасць у дачыненні з суседзямі. Ён мог бы сказаць: вось бачыце, кіраўніка няма і гэтая групоўка ранейшай сілы не ўяўляе і будзе расфармоўвацца. І каб ён так сказаў, быў бы зусім іншы рэзананс.

Але Лукашэнка палез у пляшку: «Вагнер» жывы, «Вагнер» будзе жыць у Беларусі. Гэта той выпадак, калі панты дыктатара пераважваюць палітычную рацыянальнасць.

Таму па «Вагнеру» мой прагноз такі: яго разбяруць на запчасткі. Да таго ж не факт, што Крэмль можа камандаваць «Вагнерам». Уся вярхушка загінула. Каму Крэмль будзе аддаваць загад? І чаму гэтыя найміты пойдуць класці галовы на Сувалкскі калідор, ці на Варшаву?

Ды і ўсё адно без Лукашэнкі нельга вырашыць гэтае пытанне. Таму што зараз у вагнераўцаў няма цяжкага ўзбраення, яны знаходзяцца за 400 км ад мяжы, іх трэба неяк да яе давесці. Без адмашкі Лукашэнкі такую «спецаперацыю» не правядзеш. А яму гэта не патрэбна.

Ён можа вербальна троліць заходніх суседзяў, і то апошнім часам у яго ўжо трапляюцца міралюбівыя ноткі. А ўзбройваць вагнераўцаў, перакідаць іх да мяжы, даваць загад памежнікам… Думаю, гэта наўрад ці рэальна.

Лукашэнка ў такім інцыдэнце не зацікаўлены. А калі ён не зацікаўлены, вось паглядзіце — войска на вайну не паслаў, колькі б не казалі «марыянетка».

Узброены інцыдэнт з краінай НАТА можа не абмежавацца закрыццём межаў. Лукашэнка пры ўсёй сваёй задзірыстай рыторыцы разумее, дзе чырвоныя рысы, і стараецца іх не пераходзіць. А калі пахне смажаным, ён наогул паказвае дзівосы спрытнасці.

Паколькі ўзброенае ўварванне ЧВК «Вагнер» у Польшчу ці Літву малаімавернае, і наўрад ці Лукашэнка пачне штучна правакаваць новы міграцыйны крызіс, то шанцы на тое, што межы не зачыняцца канчаткова, павялічваюцца.

Аднак варожая і антызаходняя палітыка Мінска так ці іначай вядзе да ўсё большай ізаляцыі. Літва абвесціла пра зачыненне яшчэ двух пераходаў.

Дачыненні з суседзямі па крысе няўхільна пагаршаюцца з-за самога рэжыму, які па сваёй сутнасці антызаходні і антыдэмакратычны, — падвёў вынікі Класкоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(34)