Филин

Юлія Кот

Класкоўскі: «Нават калі аднаго ці некалькіх з палітвязняў удасца выцягнуць з няволі — гэта ўжо вялікая рэч»

Палітычны аглядальнік — пра тое, што могуць зрабіць знешнія сілы, каб вызваліць з-за кратаў.

У Еўразвязе пракаментавалі шпіталізацыю Віктара Бабарыкі з калоніі ў Наваполацкую бальніцу. У заяве, апублікаванай на сайце знешнепалітычнай службы ЕЗ, сказана пра неадкладнае і безумоўнае вызваленне экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і ўсіх палітзняволеных, а таксама пра тое, што будуць працягвацца высілкі «па забеспячэнні справядлівасці для ахвяр і прыцягнення вінаватых да адказнасці».

Зрэшты, у цяперашніх умовах гэта выглядае хутчэй як дэкларацыя — у той час як сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі пагаршаецца, а ціск на іх узмацняецца. Шпіталізацыя Віктара Бабарыкі ці Марыі Калеснікавай, верагоднае змяшчэнне ў ПКТ Ігара Лосіка, пазбаўленне лістоў Міколы Статкевіча, пагрозы сям’і Дзяніса Івашына — гэта толькі вяршыня айсбергу, а колькі выпадкаў ціску на палітвязняў не апублічваецца? Прычым нярэдка аб гэтым просяць іх сваякі, якія баяцца, што ад распаўсюду інфармацыі будзе горш…

Чаго хочуць дамагчыся гэтымі дзеяннямі беларускія ўлады — чакаюць «пакаяння» найбольш заўважных апанентаў рэжыму ці пачатку дыялогу з Захадам, а мо, дэманструюць моц і «ненахільнасць» сваім прыхільнікам? Ці існуюць на сёння рэальныя магчымасці паўплываць на сітуацыю звонку, дыпламатычнымі метадамі альбо працягам ціску, і ці зацікаўленыя наогул гутарыць з Лукашэнкам ЕЗ і ЗША? Гэтыя і іншыя пытанні «Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта «П*зірк» Аляксандрам Класкоўскім.

Аляксандр Класкоўскі

— На мой погляд, у звязку з пратэстамі 2020 года ў Аляксандра Лукашэнкі былі дзве задачы, — зазначае аналітык. — Па-першае, нейтралізаваць палітычных ворагаў, асабліва знакавых, да ліку якіх адносіцца і Віктар Бабарыка. І па-другое, запалохаць грамадства.

Таму і быў запушчаны гэты канвеер рэпрэсій, які не спыняецца па сёння — бо Лукашэнка мае патрэбу падтрымліваць і падвышаць градус страху. Ён адчувае нутром, што вялікая частка грамадства — далёка не лаяльная, таму і гучыць ягоны рэфрэн пра «ворагаў, якія схаваліся пад плінтусам і чакаюць нейкага зручнага часу», і таму ён кажа сваім сілавікам і вертыкальнікам, што не трэба расслабляцца.

На думку Аляксандра Класкоўскага, у вярхушкі рэжыму дамінуе інтарэс захавання ўлады, цяперашняй сістэмы — гэта мэта і дыктуе працягваць «жасціць».

— У прыватнасці, Лукашэнка мае засцярогу, што выпуск палітзняволеных (хаця б болей-меней прыкметнай іх часткі) натхніць пратэсны сегмент грамадства, — гаворыць эксперт.

Разам з тым, былі сімптомы, што да нейкага абмежаванага торгу ўлады гатовыя. Так, летась была анансаваная амністыя (іншая рэч, што з ёй, відаць, нешта не зраслося), і пэўна, спробы закуліснага торгу былі. Адно што важна падкрэсліць — гэта торг з Захадам. Бо з так званымі «збеглымі», як Лукашэнка іх называе, за стол перамоў ён сядаць не гатовы — занадта моцна пачуваецца, каб ісці на такое, з ягонага гледзішча, прыніжэнне. Хаця тая ж Расея яго прыніжае ў большай ступені, напрыклад, прысылаючы ў Мінск правадыра так званай «ДНР» Пушыліна.

Вакол магчымых перамоў з рэжымам, нагадвае Аляксандр Класкоўскі, у лагеры дэмсіл ідуць гарачыя дыскусіі і ламаюцца дзіды прыхільнікаў розных стратэгій:

— З аднаго боку, ёсць адэпты «буры і націску», паводле іх, не мусіць быць ніякіх перамоў, толькі ціск, пакуль рэжым не стане на калені і ўсіх не павыпускае. Іншыя людзі кажуць пра болей гнуткі падыход: што трэба дамаўляцца, і карона не зваліцца, хоць бы па адным чалавеку выцягваць з вязніцы (да таго ж ёсць паспяховыя кейсы вызвалення Наталлі Хершэ, выхаду на свабоду некаторых прадстаўнікоў польскай дыяспары, журналіста «Р*дыё Свабода» Алега Груздзіловіча).

Але праблема ў тым, тлумачыць палітычны аглядальнік, што нейкіх рычагоў уплыву на сітуацыю не маюць прадстаўнікі як аднаго крыла, так і другога. Калі казаць пра санкцыі — іх уводзіў Захад, зыходзячы са сваёй логікі і інтарэсаў. Так, Святлана Ціханоўская ці Павел Латушка могуць заклікаць да ўзмацнення санкцыйнага ціску, — але канчатковае рашэнне не за імі.

— І мы бачым прыкметы таго, што прынамсі для Еўропы цяперашні ўзровень санкцый — амаль што столь, — мяркуе Аляксандр Класкоўскі. — Калі іх узмацняць далей, гэта будзе ўжо біць па інтарэсах еўрапейскіх бізнесаў і еўрапейскіх выбаршчыкаў — а ў дэмакратычных краінах, у адрозненне ад Беларусі, палітыкі на настроі сваіх выбаршчыкаў зважаюць.

Пра тое, што санкцыі ў агляднай перспектыве стануць да такой ступені «пякельнымі», што Лукашэнка здасца, казаць не выпадае. І яшчэ асобнае пытанне, нават калі ўсё ж гэтыя абмежаванні рэзка ўзмацняцца, то што абярэ Лукашэнка: здавацца Захаду і «збеглым», ці здавацца Пуціну?

Чамусьці мне інтуіцыя падказвае, што лепей ён абярэ варыянт стаць расійскім губернатарам, чым паехаць у Гаагу ці паўтарыць лёс Муамара Кадафі ці Садама Хусейна, пра якіх ён часта згадвае, абураючыся, як кепска з імі Захад абышоўся. Відаць, што яму гэтая тэма свярбіць, і ён праецыруе такі варыянт на свой лёс.

Такім чынам, канстатуе аналітык, санкцыі — «інструмент зусім не стэрыльны і двухбаковавостры». Гульня ж з імі, магчымае паслабленне (а без гэтага Лукашэнка не будзе выпускаць палітзняволеных, яму патрэбныя нейкія «пернікі») таксама мала ў чым залежаць ад дэмакратычных сілаў. ЗША і ЕЗ накладвалі санкцыі за канкрэтныя дзеянні беларускага рэжыму — прымусовую пасадку самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс, саўдзел у расейскай агрэсіі, — і наўрад ці бачаць падставы гэтыя абмежаванні здымаць.

— Не варта забываць таксама, што за спінай Лукашэнкі стаіць з пугай Масква, — заўважае эксперт. — І нават калі ў яго мільгаюць думкі закінуць вуды на Захад — а мы бачым, што пэўныя рухі ў гэтым кірунку ёсць, вядуцца нейкія гульні з Венгрыяй і, магчыма, з іншымі «слабымі звёнамі» сярод заходніх краін таксама ёсць закулісныя кантакты, — Крэмль, канешне, адсочвае ўсе гэтыя рухі цела беларускага кіраўніцтва.

Думаю, непублічна і Пуцін, і Лаўроў могуць пры выпадку хітаць пальцам: ты тут, Саша, глядзі, не віляй, цяпер мы ўжо цябе з кручка не спусцім.

Яшчэ адна акалічнасць, на якую трэба зважаць у пытанні вызвалення беларускіх палітвязняў — тое, што ў Захаду сёння іншы фокус: як спыніць вайну. На гэтую тэму, мяркуе аналітык, заходнія краіны маглі б перамаўляцца нават з такім таксічным дзеячам, як Аляксандр Лукашэнка — але рэч у тым, што тут ужо яму няма што прапанаваць: наўрад ці ён здатны цяпер адмовіцца ад саўдзелу ў агрэсіі і прыбраць з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі.

— Таму інтарэс да перамоў з Лукашэнкам у Захаду невялікі. А пытанне палітвязняў і для Еўразвязу, і для Штатаў, пры тым, што яны працягваюць дзяжурную рыторыку на гэтую тэму, рыторыкай і абмяжоўваецца, насамрэч гэта пытанне даўно ўжо на перыферыі ўвагі, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

Атрымліваецца, працоўных метадаў для вызвалення палітвязняў сёння наогул няма? Аналітык не зусім згодны з такой пастаноўкай пытання:

— Натуральна, чароўных тэхналогій прыдумаць немагчыма. Але як мінімум дэмакратычныя сілы могуць прыцягваць увагу Захаду да праблемы палітзняволеных і арыентаваць на выкарыстанне розных інструментаў, уключна з непублічнай дыпламатыяй.

Так, нагадвае эксперт, міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў нядаўна распавёў, што Польшча прапаноўвала беларускаму рэжыму варыянт — спыненне рэпрэсій у абмен на павелічэнне прасторы для палітычнага і эканамічнага манеўру. І хоць на гэту прапанову, паводле Раў, Мінск не адгукнуўся — але сам факт перамоў сведчыць, што магчымасці для закуліснай дыпламатыі існуюць.

— На мой погляд, тыя максімалісты ў белых пальчатках, якія дэкларуюць — «Ніякіх кантактаў з рэжымам, толькі поўная перамога, інакш гэта будзе здрадай нашым прынцыпам» — не маюць рацыі, — падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі. — Таму што пытанне перамогі, калі яна будзе, поўная ці няпоўная, — дыскусійнае. А людзі гінуць, гніюць у засценках проста сёння. Нават калі аднаго ці некалькіх з іх удасца выцягнуць з няволі — гэта ўжо вялікая рэч. Тут пытанне маралі: кожны чалавек і ягоны лёс — галоўная каштоўнасць.

Трэба рабіць тое, што можна — максімум з магчымага. Ва ўсякім разе, ёсць так званы «гуманітарны спіс» палітвязняў — вельмі хворыя людзі, жанчыны, у каторых на свабодзе малыя дзеці. Варта выцягваць найперш хаця б іх, а не проста стаяць на пазіцыі «болей санкцый», якая на сёння выглядае пакланеннем карга-культу.

Так, санкцыі — фактычна, ці не адзіны інструмент, які могуць выкарыстоўваць і заходнія палітыкі, і апазіцыянеры. Але трэба разумець, што інструмент гэты не стэрыльны, не ўніверсальны і не цудадзейны.

…Па вялікім рахунку, лёс беларускіх палітзняволеных уплецены ў шырокі глабальны палітычны кантэкст, у сённяшнюю калізію, дзе два адыёзныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі кінулі выклік усяму дэмакратычнаму свету. Канешне, у гістарычнай перспектыве гэтыя рэжымы прайграюць, але калі гэта будзе — пытанне туманнае. Адзінае, што можна сказаць дакладна — калі пахіснецца Расія, то Лукашэнка стане круціцца, як вуж на патэльні, і тады з’явяцца іншыя магчымасці для вызвалення палітвязняў. Але на сёння, на жаль, у абодвух рэжымаў яшчэ ёсць запас трываласці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)