Ужо 1 верасня ў Беларусі пачнуцца вучэнні АДКБ «Баявое братэрства — 2023» з удзелам Расіі, Таджыкістана, Казахстана і Кыргызстана — гэта першыя такія маштабныя манеўры ад пачатку вайны. Не дзіва, што суседзі Беларусі напружыліся, нягледзячы на ўсе запэўніванні Мінска ў адсутнасці небяспекі і запрашэнне Польшчы ў якасці назіральніка на вучэнні.
Дзеля чаго быў зроблены гэты шырокі жэст, і наколькі верагодна, што падчас вучэнняў адбудуцца нейкія правакацыі на мяжы, альбо гаворка пра ўжо звыклае нагнятанне напружанасці? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.
— Лукашэнка на нарадзе па бяспецы зноў паўтарыў рэфрэн, што суседзі ад бога і што ён гатовы паляпшаць дачыненні, — звяртае ўвагу эксперт. — Гэта ўжо прагучала, калі суседнія краіны прыгразілі наглуха зачыніць межы. Відаць, гэты аргумент усё ж такі на Лукашэнку дзейнічае.
Іншая рэч, што ў сваёй манеры ён змяшаў боб з гарохам — міралюбную рыторыку з пагрозлівымі заявамі, з некарэктнымі абвінавачаннямі на адрас Польшчы і Захаду увогуле.
Супярэчлівасць, грымучая сумесь ягоных тэзаў тлумачыцца тым, што, з аднаго боку, канчаткова псаваць дачыненні с суседнімі дзяржавамі Еўразвязу і НАТО рэжым не хоча — для яго гэта цягне, у прыватнасці, значныя эканамічныя выдаткі.
А з іншага боку, беларускі рэжым не можа змяніцца па сутнасці: ён стаў сатэлітам Крамля і мусіць ісці ў каляіне ягонай вялікадзяржаўнай, антызаходняй палітыкі.
Разумеючы гэта, Лукашэнка стараецца валіць з хворай галавы на здаровую, адсюль і «прад’явы» на адрас суседзяў.
Гэты стыль не зменіцца, пакуль захоўваецца цяперашняя ўлада, і спадзявацца на якаснае паляпшэнне дачыненняў з суседзямі не выпадае. Але, думаю, Лукашэнка ўсё ж не зацікаўлены перакрочваць пэўныя чырвоныя рысы.
Аналітык нагадвае: 28 жніўня адбылася нарада міністраў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы, дзе былі сфармуляваны два канкрэтныя крытэрыі, паводле якіх межы будуць зачыненыя: узброенае сутыкненне на мяжы альбо масавы прарыў мігрантаў. Паказальна, што плынь нелегалаў акурат перад нарадай істотна зменшылася — верагодна, і ўзброеных сутыкненняў беларускія ўлады не дапусцяць.
Дзеля чаго Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў Польшчы назіраць за вучэннямі АДКБ — каб атрымаць такую ж публічную адмову альбо насамрэч імкнучыся заспакоіць суседзяў? Аляксандр Класкоўскі схіляецца да другога варыянту:
— Гіпатэтычна не выключана, што палякі могуць і прыехаць. Хоць пакуль што міністр абароны Хрэнін кажа, што адказу ад іх няма. А гэты шырокі жэст, думаю, ускосна сведчыць пра тое, што вучэнні мяркуецца праводзіць акурат паводле плана. У прынцыпе, практыка запрашэння замежных назіральнікаў існавала даўно, і да 2020 года, да рэзкага пагаршэння дачыненняў з краінамі НАТО, вайсковыя аташэ на манеўрах кшталту «Захад» рэгулярна прысутнічалі.
Зрэшты, замежныя назіральнікі, звяртае ўвагу аналітык, прысутнічалі і на «фінальнай фазе» супольных з Расіяй манеўраў «Саюзная рашучасць — 2022», што не перашкодзіла пад іх маркай падрыхтаваць уварванне ва Украіну. Тады беларускія і расійскія генералы відавочна хлусілі, заяўляючы, што колькасць удзельнікаў манеўраў не перавышае параметраў Венскай дамовы (дамова прадугледжвае ўдзел да 9 тысяч вайскоўцаў без паведамлення, а іх было завезена ў Беларусь ад 30 да 50 тысяч, — Ф.).
Іншая рэч, што цяпер у Расіі, відаць, няма свабодных войскаў, усё кінута на украінскія франты. Ды і масавы рух вайсковых цягнікоў з Расіі ў Беларусь быў бы адсочаны. Так што на манеўрах АДКБ рэальная колькасць удзельнікаў найхутчэй што блізкая да дэклараванай — 2500 з хвосцікам.
— Наконт магчымых рызык — я не чакаю, што на гэтых манеўрах будуць нейкія задуманыя, наўмысныя правакацыі. У гэтым не зацікаўлены ні Лукашэнка, ні цэнтральнаазіяцкія краіны, прадстаўнікі якіх удзельнічаюць у манеўрах.
Што да расіян, іх не вельмі шмат — здаецца, прыехаў усяго адзін эшалон, каля 300 чалавек, і думаю, што яны пад наглядам і пад кантролем, магчыма, і патроны ў іх збольшага халастыя.
Згадайма: Лукашэнка прагаворваўся, што вагнераўцы, якія знаходзяцца ў намётавым лагеры пад Асіповічамі, праслухоўваюцца, а сам лагер, па неафіцыйных звестках, абкладзены беларускім спецназам, каб яны ня рыпнуліся.
Мяркую, і на гэтых манеўрах Лукашэнка праз сілавікоў будзе ўсё кантраляваць, каб не перакрочваць тыя чырвоныя рысы.
Зрэшты, могуць быць усялякія нечаканасці, бо гэтыя палігоны побач з мяжой. Я маю на ўвазе, інцыдэнт кшталту таго, што адбыўся некалькі тыдняў таму, калі два беларускія верталёты заляцелі на польскую тэрыторыю.
Але, мяркуючы па ўсім, гэта было ненаўмысна. Лётчыкі былі з Мачулішчаў, з-пад Мінска, ахоўвалі Лукашэнку (які быў побач — у рэзідэнцыі ў Віскулях) і, мабыць, не вельмі добра ведалі лінію мяжы, таму на нейкім віражы іх занесла на чужы бок. Магчыма, болей тады напалохаўся сам Лукашэнка, чым суседзі, бо гэта магло б скончыцца стралянінай і вялікай калатнечай.
Дык вось, такога кшталту інцыдэнты — калі зноў верталёт не туды заляціць або, умоўна кажучы, кіргізы выпадкова абстраляюць польскі патруль, проста таму, што людзі здалёк і не зарыентаваліся, — не выключаныя. Тым болей што манеўры ладзяцца акурат пад носам у НАТО. І ў сённяшняй напружанай сітуацыі такі выпадак можа быць выбухованебяспечным.
Давялі ж сітуацыю да гэтага, падкрэслівае аналітык, самі беларускія ўлады:
— Ад іх чакаюць правакацый, таму нават ненаўмыснае парушэнне мяжы, выпадковы снарад, які заляцеў на чужую тэрыторыю, могуць выклікаць непрыемныя наступствы. І ўзброены канфлікт, і далейшую эскалацыю, аж да сапраўднай вайны.